Віталь Гуляк: «Пра маю акцыю супраць вайны ва Ўкраіне адразу паведаміў сайт райвыканкаму...»

13 сакавіка грамадзкі актывіст Віталь Гуляк у адзіночку зладзіў у Ваўкавыску несанкцыянаваны пікет супраць вайны ва Ўкраіне. Ён выйшаў у сквэр Воінаў-інтэрнацыяналістаў з украінскім сьцягам і трымаў у руках плякат: «Не вайне! Пуцін вон». Сёньня яго павінны былі судзіць, але разгляд справы перанесьлі на 17 сакавіка.
Віталь Гуляк кажа, што падаваў заяўку ў Ваўкавыскі райвыканкам на правядзеньне пікету супраць вайны ва Ўкраіне тройчы — і заўсёды знаходзіліся нейкія фармальныя прычыны для адмовы. І вось вырашыў зрабіць такім чынам.

Карэспандэнт: «Віталь, а што падштурхнула цябе да пікету і чаму ты выйшаў у адзіночку?»

Гуляк: «На жаль, я ня змог знайсьці ў Ваўкавыску людзей, якія б мяне падтрымалі, дый не хацелася нікога падстаўляць. А падштурхнула мяне тая варожасьць, якая распальваецца да Ўкраіны з боку Расеі. Учора ў Данецку больш за 50 чалавек параненыя і двое ці нават трое забітыя. Мяне абурыла тое, што адзін славянскі народ ідзе вайною супраць другога».

Гуляк кажа, што невыпадкова абраў для пікету месца ў сквэры Воінаў-інтэрнацыяналістаў, бо нядаўна там усталявалі ў якасьці помніка баявую машыну дэсанту. Ён кажа, што гэтае месца здалося яму сымбалічным, бо помнік пастаўлены тым, хто загінуў у нікому не патрэбнай вайне.

Карэспандэнт: «Ці адрэагавалі неяк на тваю акцыю жыхары Ваўкавыску?»
Ад міліцыянтаў я не адчуў агрэсіі. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз назвалі мяне „бандэраўцам“, але ніякай агрэсіі ад іх не было

Гуляк: «Людзі, якія праходзілі побач, бачылі, што мяне фільмуюць на відэа міліцыянты, і, магчыма, таму не падыходзілі, хоць па іх рэакцыі я бачыў, што многія былі спрыяльна настроеныя. Праўда, былі і такія, хто праяўляў агрэсію. Ад міліцыянтаў я не адчуў агрэсіі. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз назвалі мяне „бандэраўцам“, але ніякай агрэсіі ад іх не было».

Асабліва Гуляка зьдзівіла тое, што навіна пра ягоны пікет адразу ў той самы дзень зьявілася на сайце Ваўкавыскага райвыканкаму. Каб улады так апэратыўна асьвятлялі дзеяньні апазыцыйнага актывіста, ніколі раней не было, і ня толькі ў Ваўкавыску.

Карэспандэнт: «Чаму, на твой погляд, сёньня ў судзе не разгледзелі тваю справу?»

Гуляк: «Мне падалося, што нешта ня так было ў пратаколе. Бо судзьдзя казаў міліцыянту, што ёсьць нейкія недакладнасьці. Урэшце, я папросту ня ведаю. Магчыма, і судзьдзя быў заняты».

Карэспандэнт: «Віталь, як да тваёй грамадзкай дзейнасьці ставяцца твае блізкія і родныя?»

Гуляк: «Пазытыўна ставяцца, нават у камэнтарах пад навінамі многія падтрымліваюць. І родныя спакойна да гэтага ставяцца».

Грамадзкі актывіст Віталь Гуляк за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях затрымліваўся і раней. Яго судзілі за пікет падчас зьезду неафіцыйнага Саюзу палякаў у Ваўкавыску, за ўдзел у Плошчы ў 2010 годзе, за раздачу ўлётак у Ваўкавыску на падтрымку Алеся Бяляцкага. Зараз за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі яму пагражае штраф ад 20 да 40 базавых велічынь альбо арышт.

Віталь Гуляк — інвалід зь дзяцінства, у яго другая група інваліднасьці — ДЦП. Скончыў унівэрсытэт у Польшчы, шукае працу, жыве на пэнсію па інваліднасьці.