Сваякі палітвязьняў заклікалі галівудзкіх зорак адмовіцца ад «Авэля»

Падчас здымкаў фільму «Авэль»

Былыя палітвязьні, палітыкі і грамадзкія актывісты Беларусі, а таксама сваякі палітвязьняў заклікалі галівудзкіх актораў Шэран Стоўн і Эрыка Робэртса праявіць салідарнасьць і ня ўдзельнічаць у здымках фільму «Авэль».
Аўтары звароту таксама заклікалі рэжысэра Ўільяма дэ Віталя адмовіцца ад стварэньня фільму «Авэль», які яны называюць «бруднай гульнёй беларускіх уладаў».

Пад зваротам 25 падпісантаў, сярод якіх Марына Адамовіч, Наста і Зьміцер Дашкевічы, Павал Вінаградаў, Ірына Халіп, Марына Лобава, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец, Мікіта Ліхавід.

«19 сьнежня 2010 году была жорстка разагнаная ўладамі мірная акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыяў выбараў у Беларусі. Больш за тысячу дэманстрантаў у гэтую ноч былі затрыманыя. Сем зь дзевяці кандыдатаў у прэзыдэнты апынуліся ў турме КДБ. Сотні іх прыхільнікаў былі бесчалавечна зьбітыя і арыштаваныя на тэрміны ад 15 сутак да чатырох гадоў зьняволеньня. Дагэтуль у турме строгага рэжыму знаходзіцца кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч, які атрымаў найбольшы прысуд за мірную акцыю пратэсту — шэсьць гадоў. Палітычна матываваныя прысуды працягваюць выносіцца ў нашай краіне і цяпер», — гаворыцца ў звароце.

Паводле аўтараў дакумэнту, гэтыя трагічныя падзеі «скажона адлюстраваныя ў сцэнары фільму, які павінен легітымізаваць у вачах грамадзтва дзеяньні ўладаў, накіраваныя супраць уласных грамадзянаў».

«Мы выказваем вялікі жаль і расчараваньне ад таго, што ўлада выкарыстоўвае вас, каб замацаваць сваё хлусьлівае адлюстраваньне рэчаіснасьці. Замест здымак у кіно вы ўдзельнічаеце ў здымках прарэжымнага, агітацыйнага фільму. Мы заклікаем вас да грамадзянскай салідарнасьці. Калі ласка, адмоўцеся ўдзельнічаць у бруднай гульні беларускіх уладаў», — гаворыцца ў звароце.

Кінастужка «Авэль» ствараецца кампаніяй «Нонстоп-мэдыя» на замову Міністэрства культуры. На яе выдзелена больш за 20 млрд рублёў (2,17 млн даляраў ЗША). Рэжысэр-пастаноўшчык карціны — выхадзец з Украіны, каскадэр і пастаноўшчык трукаў Уільям дэ Віталь.