На дзень сьвятога Валянціна Дашкевічы пякуць пірог, Севярынец паехаў па цукеркі

У дзень усіх закаханых Радыё Свабода пацікавілася ў маладых сем’ях былых палітвязьняў, як яны ставяцца да гэтага сьвята і як будуць адзначаць дзень сьвятога Валянціна.

Наста і Зьміцер Дашкевічы пабраліся шлюбам 31 жніўня 2013 году. Гэтай падзеі папярэднічала доўгая гісторыя каханьня, якое пераадолела турэмныя краты і тэрміны зьняволеньня. Цяпер пара чакае дзіцяці.

Я вельмі спакойна стаўлюся да гэтага сьвята, таму што ня вельмі люблю, калі людзі імкнуцца сябе пазбавіць дадатковых добрых нагодаў
«Я вельмі спакойна стаўлюся да гэтага сьвята, таму што ня вельмі люблю, калі людзі імкнуцца сябе пазбавіць дадатковых добрых нагодаў. Як па мне, дык лепш дзён сьветлых і добрых болей. Але, вядома, не абавязкова на нейкіх датах зацыклівацца. Калі ёсьць дзень сьвятога Валянціна і ў вас добры настрой, то, безумоўна, лепш выкарыстаць яго для дабра. Прысьвяціць гэты дзень блізкім і каханым людзям. Магу сказаць, што і я, і мае сябры добра ставімся да дня сьвятога Валянціна. Думаю, усе прыемна яго правядуць, зробяць яго больш казачным, чым іншыя дні», — сказала Свабодзе Наста Дашкевіч.

Сёньня і Наста, і Зьміцер будуць цэлы дзень працаваць. Таму, як кажа Наста, змогуць толькі ўвечары павіншаваць адно аднаго:

«Я пастараюся прыгатаваць сьвяточную вячэру для Зьмітра. Увогуле, я раю ўсім, пакуль блізкія побач, рабіць адно аднаму прыемныя рэчы».

Сам Зьміцер прызнаўся, што вельмі цэніць хатнюю ўтульнасьць і жаночую гаспадарлівасьць, таму будзе цалкам задаволены, калі ў якасьці падарунка атрымае ад каханай жонкі сьвяточную вячэру:

«Я сам зьбіраўся пірог для яе сьпячы. Таму, значыць, будзем разам гатаваць. Усё па-простаму. Я чалавек паднаглядны, учора суд працягнуў нагляд яшчэ на тры месяцы, таму пайсьці ўвечары мы нікуды пакуль ня можам. Таму будзем па-сямейнаму адзначаць дома. Я ўвогуле лічу, што ўсё пачынаецца зь сям’і. Калі для кіраўніка дзяржавы нармальна на імя адной жонкі падаваць дакумэнты ў ЦВК, а з другой рабіць дзяцей, то, адпаведна, такое і грамадзтва, такі і народ».

Зьміцер і Наста Дашкевічы


А ўвогуле Зьміцер лічыць, што калі не ператвараць дзень сьвятога Валянціна ў камэрцыйны праект, то яго цалкам можна сьвяткаваць, не адыходзячы ад хрысьціянскіх традыцыяў.

«Маё стаўленьне да такіх сьвятаў наступнае. У Бібліі ёсьць такія словы: „Для чыстых — усё чыстае“. Таму, калі чалавек сьвяткуе дзень сьвятога Валянціна як хрысьціянскае сьвята, выкарыстоўвае яго для таго, каб выявіць сьветлыя пачуцьці да жанчыны, да грамадзтва, да блізкіх людзей, — гэта добра. Калі нехта ставіцца да гэтага дня як да паганскага камэрцыйнага праекту, то гэты чалавек грашыць. Я разумею дзень сьвятога Валянціна як прыгожае сьвята, якое натхняе задумацца яшчэ раз над пачуцьцямі, над самім сапраўдным паняткам любові, такім перакручаным і вычварным, якім яно ёсьць у сучасным сьвеце», — сказаў Свабодзе Зьміцер Дашкевіч.

Іншая маладая сямейная пара, якая пабралася 11 студзеня, — Вольга і Павал Севярынцы — дзень закаханых таксама праводзіць паасобку: Вольга сёньня з раніцы праводзіла мужа ў Вільню, куды той паехаў па справах.

Я думаю, што кожнаму скептыку хаця б раз на год патрэбны дзень сьвятога Валянціна
«Цікава, што гэта наш з Паўлам першы дзень сьвятога Валянціна на волі. Але вось я іду да стаматоляга, а муж паехаў у Вільню. Аднак Павал вернецца сёньня ўвечары і, безумоўна, прывязе мне гасьцінец — якія-небудзь смачныя цукеркі», — кажа Вольга Севярынец.

На пытаньне пра рамантычны і скептычны падыход да дня сьвятога Валянціна Вольга адказала, што лічыць сябе ўсё ж рамантыкам:

«Я думаю, што кожнаму скептыку хаця б раз на год патрэбны дзень сьвятога Валянціна. Я стаўлюся добра да гэтага сьвята. Лічу, аднак, што для каханьня не павінна быць дастаткова аднаго дня. Каханьне павінна кожны дзень быць у жыцьці чалавека. Але добра, што ёсьць такі рамантычны дзень, які дорыць радасьць. 14 лютага — гэта ня толькі дзень закаханых, а час, калі можна павіншаваць блізкіх, родных, сказаць, што ты іх любіш. Таму агулам я добра стаўлюся да сьвята, але, праўда, валянцінкі не набываю. Лічу, што прыемней нешта зрабіць сваімі рукамі».