Дзіва ў Гомелі — пікет па зборы подпісаў

1 лютага кампанія «Гавары праўду» зладзіла ў Гомелі на Прывакзальнай плошчы пікет у падтрымку сваіх вылучэнцаў кандыдатамі ў мясцовыя саветы.
Гамельчукі, што ішлі паўз гандлёвы цэнтар «Старт», са зьдзіўленьнем глядзелі на стэнды з партрэтамі вылучэнцаў у кандыдаты мясцовых саветаў ад кампаніі «Гавары праўду», бо ў Гомелі мясцовы гарвыканкам ужо сем гадоў не дазваляе ніякія пікеты. І толькі падчас выбарчых кампаніяў ініцыятыўныя групы ставяць у людных месцах складныя столікі й стэнды з партрэтамі прэтэндэнтаў ці то на прэзыдэнцкі пост, ці то на месца ў прадстаўнічых органах улады.

Your browser doesn’t support HTML5

Відэафакт: Выбарчы пікет «Гавары праўду» ў Гомелі


Палітоляг кампаніі «Гавары праўду» Ігар Драко, які прыехаў у Гомель падтрымаць вылучэнцаў, тлумачыць:

«Наша кампанія зарэгістравала ў выбарчых камісіях амаль паўтысячы ініцыятыўных групаў па збору подпісаў. Адпаведна столькі нашых прэтэндэнтаў маюць вылучыцца кандытамі ў дэпутаты ў мясцовыя саветы. Зараз мы езьдзім па ўсёй краіне, ладзім пікеты і прапануем падпісвацца за вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у мясцовыя саветы».

Ігар Драко


У Гомелі, паводле інфармацыі мясцовага каардынатара кампаніі «Гавары праўду» Валера Сьляпухіна, зарэгістравана 23 ініцыятыўныя групы. Шасьцёра патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты прысутнічалі на зборы подпісаў на прывакзальнай плошчы. У іх ліку й Натальля Крывашэй, група якой зьбірае подпісы за вылучэньне яе кандыдатам у дэпутаты Гомельскага гарсавету па Чонкаўскай выбарчай акрузе:

Натальля Крывашэй вылучаецца ў Гомельскі гарсавет


«Падчас збору подпісаў выявілася дзьве надзённы праблемы ў згаданай акрузе. Гэта — разьбітыя дарогі і гаротны стан дзіцячых пляцовак у дварах. Пляцоўкі дзіцячыя зь пясочніцамі, калі й ёсьць у дварах, то імі найперш карыстаюцца сабакі й каты, а пасьля ўжо дзеці. Гэта ненармальна, бо пясочніцы, паводле правілаў ЖКГ, павінны закрывацца накрыўкамі. Нідзе гэтага няма, як няма й належнага ўпарадкаваньня дваровых тэрыторый».

Да пікету падыходзяць двое міліцыянтаў. Праз узмацняльнік гуку гомельскі актывіст Кастусь Жукоўскі запрашае іх таксама аддаць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў. Аднак міліцыянты адварочваюцца і адыходзяць далей.

Валер Сьляпухін (справа) гутарыць з выбарцам


У марозьлівы дзень зьбіраць подпісы на вуліцы наздвычай складана: халодны пранізьлівы вецер штурмуе наглядную агітацыю, а людзі хутчэй хаваюцца ў цяпло. Аднак некаторыя мінакі ўсё ж спыняюцца ля пікета і пагаджаюцца паставіць свой подпіс. У іх ліку й спадар Аляксей — ён толькі што падпісаўся за Валера Сьляпухіна.

«Я працаваў у адной арганізацыі зь ягоным бацькам — вельмі станоўчы і адказны чалавек. Думаю, што такім ён выхаваў і сына. І наагул, калі ў нас будуць дэпутаты зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў, то й краіна наша будзе больш дэмакратычнай. Дэпутаты мусяць больш прыслухоўвацца да народу», — лічыць спадар Аляксей.

У нядзелю, 2 лютага, кампанія «Гавары праўду» ладзіць пікет па зборы подпісаў за сваіх прадстаўнікоў у Рэчыцы.