Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: нават 150 подпісаў сабраць ня проста


Юрась Меляшкевіч
Юрась Меляшкевіч

Нягледзячы на моцныя маразы, якія ўжо каторы дзень стаяць у Беларусі, ініцыятыўныя групы дэмакратычных кандыдатаў ходзяць ад дзьвярэй да дзьвярэй, зьбіраюць подпісы. Як высьвятляецца, выбарцаў найперш цікавяць не глябальныя, а мясцовыя падзеі. Не абмінаюць яны маўчаньнем і сытуацыю ва Ўкраіне.

Каб стаць кандыдатам у дэпутаты Менскага гарсавету, трэба сабраць сама меней 150 подпісаў. Здаецца, няшмат. Але Юрась Меляшкевіч, які вылучаецца пад Слабадзкой акрузе і сам ходзіць па кватэрах, адзначае: гэтая справа няпростая. Пачынаецца з таго, што бальшыня людзей нават ня ведае, што ў сакавіку пройдуць выбары:

«Больш прыходзіцца распавядаць пра тое, што ёсьць такая падзея — выбары. І калі я пачынаю пра гэта казаць, я адзначаю: сапраўдных выбараў у нас няма. Але ёсьць магчымасьць распавесьці альтэрнатыўныя меркаваньні, прадставіць альтэрнатыўныя праекты разьвіцьця. І толькі пасьля гэтага можна пераключаць размову на тое, што канкрэтна палітыкі нацыянальна-дэмакратычнага руху могуць прапанаваць грамадзтву».

Другая адметнасьць — людзей значна больш цікавяць мясцовыя праблемы, чым глябальныя. «І я гэта ўлічваю», — працягвае спадар Меляшкевіч:

«Я стараюся засяроджваць увагу на сваіх напрацоўках адносна разьвіцьця Малінаўкі, адносна праблемаў з паркоўкамі, зь якасьцю пітной вады ў сталіцы. Бо я маю адпаведную адукацыю, адпаведныя варыянты рэканструкцыі раёну. І яшчэ распавядаю пра праблемы самакіраваньня, кажу пра тое, што наш горад належыць не жыхарам, а адміністрацыі, якая не абіраецца, а прызначаецца. Таму яна ніяк і не зьвязаная з жаданьнямі і пазыцыяй мясцовых жыхароў.

І ўжо пасьля гэтага мы звычайна прыходзім да нейкага кансэнсусу. Таму ў мяне вельмі пазытыўнае ўражаньне ад кантакту з жыхарамі. Хоць спачатку даводзіцца прабівацца празь сьцяну няведаньня».

Падобнае ўражаньне і ў Антона Жылко, які зьбірае подпісы ў Трактаразаводзкай акрузе Менску. Ён кажа, што амаль у кожнай кватэры пры размове закранаецца ўкраінская тэма:

«Вельмі цікавая рэакцыя нашых людзей. Яна, па-першае, абсалютна палярная. Асабліва ў Менску, дзе мы працуем. Тут даволі сталая частка людзей даўно выступае супраць рэжыму. Яна заўжды сымпатызавала акцыям пратэсту. Але няўдачы нараджалі апатыю, пэўную расчараванасьць. Вось гэтыя людзі захопленыя пратэстамі ва Ўкраіне. І вельмі шчыра падтрымліваюць пратэстоўцаў.
Так, эскаляцыя ім не падабаецца. Але ж яны лічаць: украінскім уладам нельга было даводзіць сытуацыю да гэтага

Але ёсьць іншая група людзей, на якіх моцна ўплывае прапаганда беларускіх і расейскіх тэлеканалаў. Яны напужаныя падзеямі, якія адбываюцца на Майдане і вакол яго, асабліва на Грушэўскага. А дзяржаўная прапаганда гэтыя настроі падагравае. І таму гэта выклікае вялікую заклапочанасьць, трывогу. Аднак тут ёсьць вельмі важны, на мой погляд, аспэкт. Так, эскаляцыя ім не падабаецца. Але ж яны лічаць: украінскім уладам нельга было даводзіць сытуацыю да гэтага. Хто ж так робіць? Хто за гэта адказвае, калі не прэзыдэнт Януковіч?»

Антон Жылко кажа, што ў цэлым збор подпісаў ідзе нармальна. А Юрась Меляшкевіч адзначае: неабходныя 150 подпісаў ён ужо мае. Але будзе зьбіраць далей. Менавіта ў гэтым рэгіёне ў свой час абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі Генадзь Грушавы:

«Ад сёньняшняга дня я буду нагадваць пра яго сьмерць. Тут жыве шмат перасяленцаў. І я хачу скарыстаць магчымасьць заклікаць людзей альбо прыйсьці на разьвітаньне з Генадзем, альбо проста згадаць пра гэтага чалавека, які вельмі-вельмі многа зрабіў для чарнобыльцаў. І людзі яго памятаюць».

Збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў працягваецца. Выбары заплянаваныя на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG