У Шклове мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы дамагаецца ад улады, каб тая надала адной з вуліц далучанай да райцэнтру вёскі імя пісьменьніка Міхася Зарэцкага. Сваю прапанову суполкаўцы даслалі ў райвыканкам. У апублікаваным сьпісе назваў вуліц ініцыятыва тэбээмаўцаў засталася ня ўлічанай. Чыноўнікі прапануюць назваць вуліцы ў новым шклоўскім раёне Радужная, Зацішная, Дачная, Сасновая. Раней такі самы падыход да назваў вуліц быў ужыты, калі да Шклова далучылі вёску Рыжкавічы. Чатыры гады таму тут зьявілася, да прыкладу, вуліца Землянічная.
Засьнежанай Землянічнай вуліцай у пасёлку Рыжкавічы з краязнаўцам Аляксандрам Грудзінам ідзём у Шклоў. За сьпіной засталіся старажытныя могілкі. На іх пахаваныя знаныя жыхары Шклова. Краязнавец згадвае Аляксандра Хаткевіча — колішняга ўладальніка Шклова ды шанаваную дагэтуль праваслаўную верніцу Агафію Сідараву, якая, як сьцьвярджаюць мясцовыя жыхары, мела дар прадбачаньня. Чаму вуліцу ля могілак улады вырашылі назваць Землянічнай, Аляксандар Грудзіна патлумачыць ня можа, аднак адзначае:
«Бяда нашага гораду ў тым, што дагэтуль у нас няма тапанімічнай камісіі. Таму, хто дае назвы вуліцам, як падыходзяць яны да гэтых назваў, адказаць вельмі складана. Аднак тое, што яны не зьвяртаюцца да гістарычнай спадчыны, да назваў мясцовых тапанімічных крыніц, то гэта адназначна».
Вуліц, названых імем Хаткевіча ці Агафіі Сідаравай, на магілу якой нават у сёлетнюю зімовую сьцюжу вернікі ходзяць па заступніцтва, у Шклове няма. Цэнтральная вуліца гораду — Савецкая. Ёсьць тут і Калхозная вуліца. Шмат вуліц названа імёнамі савецкіх партыйных дзеячаў. Ёсьць і вуліца Янкі Купалы — яна ў цэнтры гораду.
Што да Рыжкавічаў, то галоўная вуліца пасёлка — Радніковая.
«Вуліца гэта, дарэчы называецца Радніковай, а не Крынічнай. Наагул жа назвы новым вуліцам у Шклове даюцца толькі расейскамоўныя», — тлумачыць Аляксандар Грудзіна.
Гутару зь мясцовай жыхаркай. У яе пытаю: «Гэта вуліца Радніковая, ці Крынічная?»
«Радніковая! Ці я ж, дзетачка, ведаю, чаму яны так напісалі? Як напісалі ў дакумэнтах — гэтак і ўсё. Ніхто нічога ў нас не пытаўся. На вуліцах нічога яшчэ не было начэплена, а ўжо гаварылі — як ужо назвалі гэтую вуліцу».
Мясцовыя жыхары абураюцца: «Чаму ў Рыжкавічах няма вуліца Рыжкаўскай, а ў самім Шклове такая ёсьць?» Згадваюць і старыя шклоўскія мясьціны з характэрнымі беларускімі назвамі:
«Там у нас раён называўся раней Старое Места. Там Кляштар быў. Тут во былі Рыжкавічы, і трэба, каб была Рыжкаўская вуліца. Там во, па-старому трэба было назваць — Старамеская, а там — Замкавая. Радніковая? Мы ня ведаем, дзе той раднік. Тут радніка няма».
Вялікае Зарэчча — новы раён Шклова. У ім пакуль няма назваў вуліц. Былыя вяскоўцы перакананыя, што іхная цэнтральная вуліца захавае назву іхнай вёскі. Яна стане Вялікай Зарэчнай. Адзін з завулкаў назавуць гэтак жа. Астатнія вуліцы зь лёгкай рукі чыноўнікаў могуць стаць Зацішнай, Радужнай, Сасновай...
Аляксандар Грудзіна кажа, што некалі Зарэчча было самым вялікім шклоўскім прадмесьцем. Вядомае яно ад 16 стагодзьдзя. Да Другой усясьветнай вайны заселенае было пераважна габрэямі. Амаль усіх іх фашысты забілі. На думку краязнаўцы, у мясцовай тапаніміцы мусіць быць адзначаная габрэйская прысутнасьць у былой вёсцы. Ёсьць у спадара Аляксандра і канкрэтныя прапановы, якія ён даслаў у райвыканкам:
«Я б назваў адну з вуліц абавязкова імем Міхася Зарэцкага. Ягонае дзяцінства прайшло на гэтых вулачках. Бацька ягоны працаваў дыяканам мясцовай царквы. Царква называлася імем Сьвятой Троіцы. Адна з вуліц павінна пакідаць напамін пра гэтую царкву. Напрыклад, вуліца Траецкая. Царква сама не захавалася. Яна была разабраная на бярвеньні і некуды зьвезеная».
У памяць пра шклоўскае Зарэчча Міхась Касянкоў узяў псэўданім Зарэцкі. У беларускай літаратуры ён і застаўся зь ім. Лёс Зарэцкага склаўся трагічна. У 1937 годзе яго арыштавалі, а ў 1941-м расстралялі як нацдэма.
Адна зь цяперашніх жыхарак Зарэчча ў гутарцы згадала мясцовы тапонім — «Падгорыца». Выказала меркаваньне, што слова гэта беларускае, а цяпер усё, кажа яна, падаецца на расейскі манер. Будзе вуліца ў нас Падгорная, і ня будзе нашай Падгорыцы.
У райвыканкаме даведацца, як там падыходзілі да выбару назваў вуліц, не ўдалося. У аддзеле па ідэалягічнай працы паведамілі, што гэтым займаюцца камунальнікі. У жыльлёва-камунальным аддзеле заявілі, што назвы новых вуліц яшчэ не зацьверджаныя.
Тым часам шклоўскім актывістам Таварыства беларускай мовы дапамагаюць назваць беларускімі назвамі вуліцы ў Шклове іхныя калегі з Магілёва. Яны даслалі зварот у аблвыканкам. Старшыня Магілёўскай арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў кажа пра шклоўскіх чыноўнікаў:
«Гэта там у іхных галовах жыве савецкая спадчына, а ў аблвыканкаме чыноўнікі іншага ўзроўню і яны думаюць па-іншаму».
Магілёўскія актывісты ТБМ у звароце да чыноўнікаў аблвыканкаму таксама прапанавалі назваць новыя шклоўскія вуліцы ў гонар беларускіх літаратараў.

Радніковая? Мы ня ведаем, дзе той раднік. Тут радніка няма