Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест вёскі — указальны слуп


Беларускія ўлады з ініцыятывы рэспубліканскага Фонду культуры зьбіраюцца стварыць своеасаблівы мартыралёг зьніклых вёсак — усталяваць памятныя знакі там, дзе яны раней былі.

У Гомельскай вобласьці такіх знакаў давядзецца ставіць асабліва шмат. Да адсяленьня вёсак пасьля Чарнобылю дадалася цяперашняя палітыка «аптымізацыі» вясковых паселішчаў, калі ўся ўвага аддаецца так званым «аграгарадкам», а ў малых вёсках масава зачыняюцца школы, клюбы, крамы, пошта. У выніку — вёскі адана за другой паміраюць.

За восем кілямэтраў на ўсход ад Гомеля месьціцца невялікая вёска Сьцяг Працы. Менавіта тут на мясцовых могілках 28 студзеня пахавалі Міхаіла Жызьнеўскага, беларуса, застрэленага ў Кіеве на Эўрамайдане. Людзі ў вёсцы яшчэ жывуць — блізу чатырох дзясяткаў падворкаў. Але іх усё меней. Сьцяг Працы хоць і блізка ад абласнога цэнтру, але спакваля ідзе да заняпаду.

Мясцовая пэнсіянэрка Ганна кажа, што баіцца ўжо хадзіць да калодзежа па ваду — надбудова над ім таго й глядзі абваліцца:

«Навес увесь паламаўся над калодзежам. Даўно ўжо ён паламаўся. Чэрпаеш ваду — і хто яго ведае, калі тая страха гэпне на галаву».

Вяскоўка Вера дадае, што Ўлукаўскі сельскі савет, да якога належыць Сьцяг Працы, даўно забыўся на паселішча. Тут ня толькі зачынілі краму, але ніяк ня могуць упарадкаваць ні могілкі, ні тэрыторыю ля вёскі:

«Пра могілкі што я скажу. Былі раней загароджаны як мае быць. І агароджа была добрая. Брама была. Заходзіш — і Богу молісься, бо так належыць. А гэта ўжо колькі гадоў — адно сьвінства, абы-што. Грошы бяруць з нас, а плот згніў ужо, ляжыць. Трэба, каб могілкі абгарадзілі, як у людзей. Каб вужы й гадзюкі летам не зьбіраліся ў сьмецьці. Каб быў тут гаспадар».

Жанчына кажа й пра сьметнік пры ўезьдзе ў вёску:

«Тут зрабілі сьметнік — каля самога паселішча. Звозяць сьмецьце адусюль — з гародніннай фабрыкі, з Гомеля. І сабак здохлых, і катоў, і сьмецьце з заводаў, і паперу — усё што заўгодна. Побач зь вёскай увесь лес усланы паперай. Два разы ўжо лес гарэў. Летась на Вялікдзень з дачкою хадзілі тушыць. Каму ісьці скардзіцца? Сельскі савет і раней быў „шарашкай“, а цяпер яшчэ мудрэй».

У сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя беларускія вёскі падзялілі на «пэрспэктыўныя» і «непэрспэктыўныя». Багата «непэрспэктыўных» вёсак пасьля таго зьнікла з мапы Беларусі.

Цяперашняя «аптымізацыя» з вылучэньнем «аграгарадкоў» і скарачэньнем сацыяльнай сфэры ва ўсіх астатніх вёсках давяршае разбурэньне. І без таго ў Беларусі з-за чарнобыльскай катастрофы зьніклі 363 вёскі.
Вуліца ў Сьцягу Працы, колішніх Абрэзах
Вуліца ў Сьцягу Працы, колішніх Абрэзах

Гомельскі журналіст і пісьменьнік Анатоль Бароўскі бачыць у цяперашняй «аптымізацыі» звычайны зьдзек зь вялікай часткі вясковага насельніцтва. І памятным указальнікам ці нават каменем зь пералікам прозьвішчаў колішніх жыхароў тут не абысьціся:

«Гэта ўсё ў суме зьдзекі з народу і тых вёсак — што пры саветах, што пры сёньняшнім часе. Тут увогуле не зразумець. Я прачытаў нядаўна ў інтэрнэце, што нават геаграфічныя назвы мяняюць на „трасянку“. Атрымліваецца не Перамога, а нейкая „Пабеда“. Для каго гэта пішацца? Для расейца? Не! Для беларуса? Таксама не. Абсурд нараджае новы абсурд, тым больш з гэтымі вёскамі. Значыць, не працуе ніводзін закон — ні закон эканомікі, ні закон духоўнасьці. Так нараджаецца пустыня. Пустыня! І яе ня можа ніхто ўжо вярнуць, бо там усё загінула. І нават дух чалавечы загінуў».

На думку суразмоўцы, існаваньне малых паселішчаў — гэта тое ж самае, як існаваньне крыніц і ручаёў, якія жывяць шырокую раку:

«Калі вы ня можаце захаваць тыя выспачкі з багацьцем беларускай прыроды, з азярцамі, полем і лесам, ня можаце туды вярнуць ці наладзіць жыцьцё, то гэта зноў-такі злачынства супраць чалавека».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG