Чаму ў Беларусі «мадэрнізацыя» заканчваецца пасадкамі?

Яўген Прэйгерман

«Трэба за кімсьці прасачыць, правесьці апэратыўныя дзеяньні, саджаць у сьледчы ізалятар — саджайце», — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на чарговай нарадзе пра мадэрнізацыю дрэваапрацоўчай галіны. Чаму ў Беларусі нярэдка мадэрнізацыя заканчваецца пасадкамі? Чаму аўтарытарная мадэрнізацыя ўдалася ва Ўсходняй Азіі і ня вельмі ўдаецца ў Беларусі?
На гэтыя пытаньні адказвае дырэктар Лібэральнага клюбу па дасьледаваньнях Яўген Прэйгерман.

Цыганкоў: Ужо ня першы раз Аляксандар Лукашэнка, аналізуючы ход мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўчай галіне, дае даручэньне распачаць крымінальную справу, звальняе чыноўнікаў. Што такога асаблівага ў беларускай мадэрнізацыі, што яна прыводзіць да пасадак?

Прэйгерман: Па-першае, варта зазначыць, што далёка не для ўсіх і ня ўвесь час правалы ў мадэрнізацыі заканчваюцца звальненьнямі. Напрыклад, кіраўнік ураду дый увесь урад застаюцца на сваіх месцах. Нягледзячы на ўсе пагрозы з боку Лукашэнкі, людзі ва ўрадзе, якія правальваюць усе пляны па мадэрнізацыі, працягваюць іх правальваць.

А ў цэлым цяперашняя беларуская мадэрнізацыя — гэта люстэрка той эканамічнай мадэлі і мадэлі кіраваньня, якая існуе ў Беларусі. Таму правалы ў мадэрнізацыі — гэта цалкам натуральны вынік такой мадэлі, камандна-адміністратыўнай у эканоміцы і аўтарытарнай у палітыцы. У пэўны момант яна проста ня можа не памерці. Нават калі б Лукашэнка пачаў расстрэльваць чыноўнікаў, каб даць нейкі імпульс іхняй працы — гэтай мадэлі ўсё роўна прыйшоў бы канец. Гісторыкі, эканамісты і палітолягі даўно гэтую мадэль апісалі, патлумачылі ў розных выданьнях.

Цыганкоў: Калі ўжо казаць пра гістарычныя прыклады... Такая зьява, як «аўтарытарная мадэрнізацыя», у сьвеце існавала. Можна ўзгадаць «усходнеазіяцкіх тыграў», магчыма, Турэччыну, нават Кітай — калі эканамічная мадэрнізацыя і нават рэформы праводзіліся пад аўтарытарным кіраваньнем, у недэмакратычнай палітычнай сыстэме. Чаму там атрымлівалася, а ў сёньняшняй аўтарытарнай Беларусі — не?

Прэйгерман: Год таму мы ў «Лібэральным клюбе» нават зрабілі адмысловае дасьледаваньне, у якім параўналі розныя мадэлі мадэрнізацыі. Каб яна магла стаць пасьпяховай, патрэбна некалькі ўмоваў, якіх у Беларусі няма.

Па-першае, гэта памер тых актываў і грошай, якімі распараджаюцца чыноўнікі. Калі мы паглядзім на прыклады пасьпяховых мадэрнізацыяў (Ганконг, Сынгапур), то аб’ём такіх грошай вельмі малы. Тады, адпаведна, меншы грунт для карупцыі і для неэфэктыўных рашэньняў, што мы назіраем у Беларусі.

Па-другое, Беларусі больш пасуе мадэль трансфармацыі, характэрная для Ўсходняй Эўропы часоў пасьля развалу камунізму. Там спрацаваў іншы закон — трэба аддаць актывы ў рукі больш эфэктыўнага ўласьніка, то бок прыватніка. І эканамічную мадэрнізацыю трэба праводзіць разам з палітычнай, каб не ствараліся групы інтарэсаў, якія фактычна захопліваюць дзяржаву. Яны прымаюць рашэньні, якія нявыгадныя ні дзяржаве, ні бізнэсу, але патрэбныя розным карупцыянэрам, чыноўнікам, алігархам — тое, што мы бачылі ў Расеі і ў пэўнай ступені ва Ўкраіне.