«Украінская дыктатура за расейскія грошы»

Віталь Рымашэўскі

Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты, аднаго зь лідэраў БХД Віталя Рымашэўскага, прынятыя ва Ўкраіне законы — дыктатарскія.
«Гэта шлях да дыктатуры. Я не назваў бы гэтыя законы „беларускімі“, бо наагул „Беларусь“, „беларускае“ не павінна асацыявацца з дыктатурай. Трэба кожнаму народу, кожнай нацыі ясна ўсьведамляць, што дыктатура можа стаць вынікам бяздарнай палітыкі і ня можа абмінуць ніводную краіну.

Таму гэта прыходзіць украінская дыктатура, і, безумоўна, за расейскія грошы, з расейскім акцэнтам. За гэтымі законамі безумоўна стаіць расейская дыктатура, расейскі шавінізм, які любымі сродкамі, любымі мэтадамі прагне падпарадкаваць сабе тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Без падтрымкі Расеі дыктатура ва Ўкраіне проста ўсталявацца ня можа. І прыняцьцё падобных законаў безь фінансавай і палітычнай падтрымкі Расеі было б немагчыма».


«Гэта справакуе новую кансалідацыю вакол Майдану»


Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што прынятыя законы ва Ўкраіне — гэта беларускі трэнд.

«Паглядзім, што атрымаецца. Але трэнд, безумоўна, у бок таго, што ёсьць дэ-факта, на практыцы ў Беларусі. Можа не так брутальна, не так глыбока, але вельмі выразна.

Я думаю, што да гэтага ўкраінскае палітычнае кіраўніцтва падштурхоўваюць іх новыя расейскія сябры. Бо яны інвэстуюць, а інвэстар заўсёды мае пэўныя мажлівасьці палітычнага ўплыву на таго, каму ён дае рэсурсы і грошы. Па-другое, адбываецца кансалідацыя той часткі ўкраінскай эліты, якая гуртуецца вакол Януковіча, у тым ліку і бізнэсу. Мажліва, яны сасьпелі да таго, што трэба прымаць больш радыкальныя рашэньні, напалову сілавыя дзеяньні.

Я думаю, што гэта справакуе новую кансалідацыю вакол Майдану. Майдан актывізуецца і гэта будзе новае дыханьне Майдану. Гэта не рашэньне праблемы, гэта толькі абвастрэньне сытуацыі».