На МАЗе ня хочуць працаваць нават «хімікі»

Пасьля калядных і навагодніх сьвятаў Менскі аўтазавод аднавіў працоўны тыдзень, але скараціў час працы і зьменшыў заробкі. Значная частка мазаўцаў — так званыя «хімікі», вымушаныя адбываць на вытворчасьці працоўную павіннасьць.
Перад працоўнай зьменай на прахадную МАЗу кіруецца плынь людзей, у пераважнай бальшыні — сярэдняга і сталага веку. Адказаць на пытаньні пагаджаюцца вельмі рэдка, аптымізму выказваюць мала. Гутару зь людзьмі:

Your browser doesn’t support HTML5

На МАЗе ня хочуць працаваць нават «хімікі».


Карэспандэнтка: «Як працуецца на МАЗе ў новым годзе, ці ёсьць праца?

Спадарыня: «Мала, зусім мала».

Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя заробкамі?»

Спадарыня: «Ай... Як тут будзеш задаволены, калі кошты ўвесь час растуць, а заробкі не? Заробак цяпер зусім упаў, вельмі мала».

Карэспандэнтка: «Як прайшлі калядныя і навагоднія сьвяты, ці былі дадатковыя выходныя дні?»

Спадар: «Восем дзён прагулялі за свой кошт».

Карэспандэнтка: «На заробках адчуеце?»

Спадар: «Натуральна. Менш працоўных дзён — меншы заробак».

Карэспандэнтка: «Ведаю, што летась быў выходны дзень па пятніцах».

Спадарыня: «Пакуль працуем. Але ў каго ёсьць праца, у каго не хапае...»

Карэспандэнтка: «З чым зьвязана?»

Спадарыня: «Думаю, што няма збыту. Але трымаюць, стараюцца трымаць людзей усімі сіламі...»

Больш ахвотна пра рэаліі МАЗу кажуць асуджаныя-«хімікі», якія вымушаныя працаваць на прадпрыемстве паводле ўмоваў адбыцьця пакараньня:

Карэспандэнтка: «Ці даўно вы працуеце на МАЗе?»

Спадар: «Спачатку адбываў тэрмін у папраўчай установе недалёка ад дому. А пасьля на МАЗе спатрэбілася працоўная сіла, і вось тут. Жывем вось тут, у пяцьдзясят пятай «хіміі».

Карэспандэнтка: «Як вы зарабляеце?»

Спадар: «Заробкі ніякія. Некалі было яшчэ сяк-так — нейкія пляны будавалі, а цяпер разьвеялася ўсё, як у тумане. Але нам выбіраць не выпадае, таму пагаджаесься з усім. Зь іншага боку — у красавіку ўжо дадому, а таму можна крыху і пацярпець».

Карэспандэнтка: «Ці шмат сярод працоўных людзей, якія адбываюць «хімію?»

Спадар: «Нямала. Але звальняюць, на завод агрэгатаў пераводзяць. Няма чым заводу плаціць, і раптам лішнія людзі сталі. Скарачаюць — пачалі з „хімікаў“».

Карэспандэнтка: «Як на МАЗе ў новым годзе?»

Спадар: «Пакуль пяцідзёнка, але пачало менш вырабляцца машын, і зьменшыўся заробак. Цяпер па шаснаццаць машын за зьмену робім, а раней па сорак. Мы іх за дзьве гадзіны робім».

Карэспандэнтка: «Ці задаволеныя вы заробкам, які тут маеце?»

Спадар: «Не, канечне. Начальства абяцае, што ўсё будзе добра, што летась такая ж сытуацыя была — у лютым па чатыры дні працавалі. Я сам асуджаны і адбываў пакараньне на „хіміі“, а на завод нас адправілі сюды. Вядома ж, тут яма, поўная яма. Як тут працоўныя працуюць, гэта жах проста. Калі б у мяне быў выбар, як вольнаму чалавеку, ці ісьці сюды працаваць, я б ніколі сюды не пайшоў».

Адзін з мазаўцаў зь ліку асуджаных-«хімікаў» на разьвітаньне папрасіў перадаць прывітаньне былому «хіміку»-палітвязьню Паўлу Севярынцу.