Чаго можна чакаць ад мясцовых выбараў?

Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Чым гэтая кампанія важная для ўладаў? Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня выбарчых камісіяў? Як апазыцыя зьбіраецца выкарыстаць гэтую кампанію?
Удзельнікі: кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі.


Чым гэтая кампанія важная для ўладаў?


Валер Карбалевіч: «Здавалася б, для ўладаў найлепшым варыянтам было б, каб мясцовыя выбары прайшлі як мага цішэй, на пэрыфэрыі ўвагі грамадзтва, па-за палітычнай прасторай, у выглядзе нейкага рытуалу. Каб ва ўмовах нарастаньня сацыяльнага напружаньня не бударажыць, не палітызаваць насельніцтва. І заканадаўства падагналі, здаецца, пад гэтую стратэгію. Цяпер на ўчасткі няма патрэбы заганяць людзей, бо парог яўкі зьняты. Аднак жа вось пра іх пачалі гаварыць дзяржаўныя мэдыі. Чаму? Што для ўлады значаць гэтыя выбары?»

Андрэй Паротнікаў

Андрэй Паротнікаў: «Ня думаю, што для ўладаў гэтыя выбары надта важныя. А чаму дзяржаўныя мэдыі пачалі ладзіць рэкляму гэтых выбараў, зразумела. Хоць парог яўкі і адменены, але калі на выбары зьявіцца, напрыклад, 1% выбарцаў, то гэта стане непрыемным сюрпрызам для ўладаў. Таму трэба людзей неяк мабілізаваць. Каб забясьпечыць яўку, магчыма, у рэгіёнах будзе выкарыстаны і адміністратыўны рэсурс».

Карбалевіч: «У Беларусі ж масавае датэрміновае галасаваньне. А яно адбываецца пад ціскам органаў улады».

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі: «Думаю, гэтая кампанія будзе нагадваць мінулыя кампаніі. Але ёсьць і нешта новае. Трохі зьмянілася выбарчае заканадаўства. Цяпер кандыдатам ня будуць выдзяляць дзяржаўныя грошы на друкаваньне ўлётак. Афіцыйныя ўлёткі будзе друкаваць выбарчая камісія. Гэта абцяжарыць магчымасьці апазыцыі выкарыстоўваць кампанію для піяру. Упершыню гэтая навіна пройдзе апрабацыю падчас гэтай кампаніі.

Ня думаю, што будзе нейкая адна лінія ва ўсіх рэгіёнах. У кожным раёне мясцовыя ўлады будуць ладзіць кампанію на ўласны розум. Таму будуць значныя рэгіянальныя асаблівасьці».

Пра што сьведчаць вынікі фармаваньня выбарчых камісіяў?


Карбалевіч: «Лукашэнка паабяцаў дэмакратыю падчас гэтых выбараў. Аднак, здаецца, вынікі фармаваньня выбарчых камісіяў сьведчыць пра іншае. Прадстаўнікоў апазыцыі там зусім няшмат. Якія высновы можна з гэтага зрабіць?»

Паротнікаў: «Гэта сьведчыць пра тое, што выбары пройдуць так, як заўсёды яны праходзяць у Беларусі, і чакаць „разгулу дэмакратыі“ ня варта. Кантроль уладаў і за фармаваньнем усіх выбарчых камісіяў, і за самімі выбарамі будзе абсалютны».

Быкоўскі: «Прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў у акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіях апынулася менш за 1%, а прадстаўнікоў апазыцыі — долі працэнта.
Калі нават у выбарчых камісіях і зьявяцца 1–2 прадстаўнікі апазыцыі, то яны нічога ня змогуць зрабіць

Апазыцыя зможа вылучыць кандыдатаў і ладзіць сваю кампанію толькі ў Менску, буйных гарадах, будзе, думаю, канкурэнцыя за месцы ў абласных саветах. Улада будзе ўвесь працэс жорстка кантраляваць. Але калі нават у выбарчых камісіях і зьявяцца 1–2 прадстаўнікі апазыцыі, то яны нічога ня змогуць зрабіць».

Карбалевіч: «Але нават адзін незалежны чалец камісіі можа паламаць усю гульню, калі будзе настойваць на элемэнтарным выкананьні закону і выбарчай працэдуры. Улады гэта разумеюць, таму не ідуць нават на такую, на першы погляд, бясьпечную для іх саступку, ня хочуць уключаць у камісіі прадстаўнікоў апазыцыі».


Як апазыцыя зьбіраецца выкарыстаць гэтую кампанію?


Карбалевіч: «Цяпер пагаворым пра тактыку апазыцыі. Здаецца, заклікаў да байкоту фактычна не гучыць. Складаецца ўражаньне, што апазыцыя плянуе выкарыстаць гэтыя выбары для мэтаў, якія ляжаць па-за самой гэтай кампаніяй. Вось АГП хоча правесьці падчас гэтых выбараў „праймэрыз“ у Бабруйску. Кампанія „Народны рэфэрэндум“ мае намер зьбіраць падчас кампаніі подпісы пад пытаньнямі рэфэрэндуму. А Павал Севярынец прапануе выкарыстаць мясцовыя выбары, каб вызначыць дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў дзеля выбару адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць? Наколькі слушная такая тактыка?»

Паротнікаў: «У розных апазыцыйных структураў свая тактыка. Асноўная задача апазыцыі на гэтых выбарах — прадэманстраваць, што яна існуе, што мае рэгіянальныя структуры і людзей.
Ёсьць сумненьні, ці варта далей інвэставаць грошы ў беларускую апазыцыю. Таму апазыцыі важна прадэманстраваць, што ў яе ёсьць порах

Фінансавы стан апазыцыі дрэнны. Думаю, што асноўныя крыніцы яе фінансаваньня — з-за мяжы. А там ёсьць сумненьні, ці варта далей інвэставаць грошы ў беларускую апазыцыю. Таму апазыцыі важна прадэманстраваць, што ў яе ёсьць порах. Кааліцыя „Талака“ плянуе вылучыць каля 4 тысяч назіральнікаў. Па беларускіх мерках гэта шмат. Але не заўсёды пляны і дэклярацыі апазыцыі рэалізуюцца на практыцы».

Быкоўскі: «Вось АГП заявіла, што кандыдатаў ад партыі ня будзе ў выбарчых бюлетэнях. Гэта элемэнт байкоту. Іншае пытаньне, ці зьбіраецца нехта з апазыцыйных кандыдатаў перамагаць, а ня проста зьдзейсьніць піяр. Бо мясцовыя выбары звычайна праходзяць на дапалітычным узроўні. Там на парадку дня стаяць мясцовыя, бытавыя пытаньні, людзей менш цікавяць палітычныя праблемы. Таму выкарыстаць мясцовыя выбары дзеля піяру сваёй партыі будзе цяжка».

Карбалевіч: «Выбары пройдуць у больш лібэральных ці больш жорсткіх умовах? Брутальны захоп Анатоля Лябедзькі — ці гэта сымптом той палітычнай атмасфэры, якая будзе дамінаваць падчас гэтай кампаніі?»

Паротнікаў: «Каб было нешта новае, трэба, каб зьявіліся новыя абставіны альбо каб зьмяніліся людзі, якія ўдзельнічаюць у гэтых выбарах. А ў нас і варункі ранейшыя, і ўдзельнікі пазнавальныя. Таму нічога новага я не чакаю».

Быкоўскі: «Інцыдэнт зь Лябедзькам незразумелы. Пакуль цяжка сказаць, ці пачатак гэта нейкага новага трэнду. Магчыма, гэта нейкія гульні спэцслужбаў.

Але мясцовыя выбары — гэта шанец для апазыцыі. Яна можа іх выкарыстаць дзеля распрацоўкі мэханізму супольнай працы на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Таму і гучаць прапановы пра праймэрыз, пра Кангрэс дэмакратычных сілаў і іншае».