Стрыгава: «Партызаны» самі зьнішчалі камандзіраў

Што адбывалася ў Берасьцейскай крэпасьці пасьля таго, як яе ўзялі нацысты? Ці сапраўды актыўныя багаборцы кепска канчалі жыцьцё? І ў чым пачынае выяўляцца крызыс на вёсцы? Зьміцер Бартосік наведаў мястэчка Стрыгава, што пад Кобрынем.
У мінулай перадачы мы блукалі па прускім баку мяжы паміж трэцім Райхам і райхскамісарыятам «Украіна». Мяжы, якою нямецкія нацыянал-сацыялісты падзялілі Беларусь, як ім здавалася, навечна. І калі на прускім баку немцы спрабавалі наладзіць бачнасьць цывільнага заможнага жыцьця, дык на іншым баку акупанты сябе ні ў чым ня стрымлівалі. У той час калі герой мінулай перадачы Міхал Мароз хадзіў на танцы і зарабляў райхсмаркі, за мяжой, у мястэчку Стрыгаве, ягоны аднагодак, 91-гадовы сёньня Рыгор Шугай разам зь іншымі аднавяскоўцамі быў накіраваны ў Брэсцкую крэпасьць. Там яны чакалі адпраўкі на працу ў Нямеччыну. Старыя пасябравалі па вайне. Ваявалі абодва. Міхал — у арміі, а Рыгор — у партызанах. У кожнага зь іх быў свой шлях да зброі. Пан Рыгор жвавы, невысокі, па-хлапечаму імпэтны ў размове. Узрост выяўляецца толькі ў маршчынах. У міміцы, рухах, усьмешцы, ён так і застаўся тым стрыгаўскім хлопцам, які ўвесну 42-га году вырашыў рызыкнуць жыцьцём і ўцячы з Брэсцкай крэпасьці.

— Калі забіралі ў Нямеччыну, нас спачатку прывезьлі ў Брэст. Нас вазілі па крэпасьці. Мы ў гэтых падзямельлях выгружалі трупы. Выгружалі прадукты. Там іх поўна было. У Брэсцкай крэпасьці, у падзямельлі.

— А трупы чые?

— Нашы. Яны ж іх там газам падушылі. Ты ж, калі быў у Брэсьце, бачыў. Сьцяна, як далі тэрмітным агнём, камень плавіўся. І вось мы хадзілі. І вось я... Бог, напэўна, даў. Там мы прабылі тры месяцы. Аралі, садзілі бульбу. Немец прымушаў. Каб самі сябе пракармілі. Я знайшоў кусачкі добрыя. Бо лягер абгароджаны. Дротам у тры мэтры вышынёй. Праз 50 мэтраў вышкі стаяць. На вышках немцы з аўтаматамі. Як зьбегчы? А я чамусьці сьмелы быў. «Хлопцы, — кажу, — як хочаце, а я пайду». І за мной яшчэ тры. Увечары ходзім. Гэта ж цёпла на двары. Ціхая ноч. Салаўі шчоўкаюць, пяюць. Ціхенька падышлі. Прарэзалі адзін дрот, каб пралезьці. Потым другі. За мною адзін прайшоў. А астатнія ці зачапіліся, ці што. Там на месцы яны і засталіся. Я два тыдні йшоў дахаты. З тым хлопцам. Яго ўжо няма. А я да гэтае пары жыву. І мне ўжо 92-гі год.

«Полетит самолет, застрочит пулемет,
Загрохочут могучие танки,
И линкоры пойдут, и пехота пойдет,
И помчатся лихие тачанки».

Так сьпявалася ў даваеннай песьні. Дык вось, ніякіх разьбітых танкаў у крэпасьці наш герой ня ўбачыў. У вочы кідаліся тачанкі.

— Там было разьбіта ўсё. Там, дзе зараз царква стаіць, там было трупаў поўна. Мы іх выносілі і закопвалі. І байцы, і афіцэры. Там тачанкі стаялі з кулямётамі. Бо тады на тачанках нашы... Машын ня надта было. Машыны толькі ў высокіх чыноў. А так у асноўным тачанкі.

Вядома, я ня мог не задаць былому партызану нязручнае пытаньне пра рабаваньне мірнага насельніцтва. І вось які атрымаў адказ.

— Часта чую ў вёсках, што партызаны прыйдуць і ўсё забяруць. Гадзіньнік забяруць, адзеньне забяруць.

— Сапраўдныя партызаны былі пасьля. А спачатку былі рабаўнікі. У мяне нават таварыш быў. Кравец. І немец прынёс яму шыць кабуру. І даў яму пісталет. І ён гэты пісталет скраў і пайшоў. Пайшоў у партызаны. І вось такі партызан прыйшоў ноччу да мяне і мяне абрабаваў. Што трэба было яму, тое і ўзяў. Вось такія былі партызаны. Пакуль немец быў пад Масквой. А калі нашы яго пагналі, то камандзіраў закідалі ў лясы. Дык вось гэтых камандзіраў зьнішчалі. Каб не было іх.

— А хто іх забіваў?
Сапраўдныя партызаны былі пасьля. А спачатку былі рабаўнікі

— «Партызаны» гэтыя. Ім жа не падабалася, гэтым рабаўнікам. А пасьля ўжо, пэўна, за фронт данесьлі. І сталі людзей скідваць моцных такіх. І тады гэтых нягоднікаў падчыстую выкасілі...


А зараз вернемся ў наша мірнае і радаснае сёньня. Цікавыя рэчы мне распавёў мэханізатар тутэйшага СВК. Спадар, якога не назавеш «калхозьнікам». Бо не абыякавы. Бо яму сапраўды баліць тое, што адбываецца навокал.

— Можа, ён замежную палітыку вядзе і правільна. Але ж чаму ён сам, калгасьнік... Літар саляркі каштуе 9 тысяч. Літар малака — 2 тысячы. Як нам жыць? На чым араць? Два тыдні таму ўся тэхніка стала. Няма чым заправіцца. Але калі зараз не ўзаром, вясной прыйдзецца ж удвайне араць. Раней, за саветамі, за літар малака мог купіць літар саляркі. А цяпер трэба здаць тры літры малака.

— Скажыце, а тэхніка стала толькі зараз? Восеньню 13-га году? Ці такія сытуацыі былі і раней?

— Вось зараз. Раней праблемаў наконт саляркі не было.

У мяне палова аднаклясьнікаў робіць на заводзе «Гомсельмаш». Ганарацца сваім заробкам у 8 мільёнаў рублёў і шчыра галасуюць за дзейную ўладу. Хай паслухаюць свайго шараговага спажыўца.

— Чаму ён ня хоча даваць імпартную тэхніку? У нас ужо 12-ты год камбайн амэрыканскай зборкі. І ніхто ніколі ня меў зь ім праблемаў. Сухенькі, нідзе не цячэ. Ні аліва не падцякае. Ідэальна. Тэхагляд зрабіў, паліва заправіў, і ён пайшоў. І што робіць гэтае «Палесьсе»? Прыгналі да нас. З заводу прыгналі, з «Гомсельмаша». Ён толькі пераначаваў — пад ім лужа масла. Што гэта такое? Выклікаем гарантыйшчыкаў. Па гарантыі памяняюць, пакуль гарантыя. А далей — усё. Што ты раўняеш сваю тэхніку з эўрапейскай ці амэрыканскай?


Былая загадчыца Дому культуры Алена Марчук робіць самую пачэсную справу. Зьбірае тутэйшыя песьні і легенды.

— Калісьці тут ішоў лес сьцяной да Белавескай пушчы. І людзі, якія тут пасяліліся, пачалі гэты лес высякаць. Стрыгчы. І адсюль назва такая. Стрыгава. Іншыя кажуць, што тут стрыжы. Кажуць, што тут многа разводзілі авечак. І іх таксама стрыглі.

А яшчэ ў Стрыгаве была ўнікальная драўляная царква, пабудаваная яшчэ да напалеонаўскай вайны, у 1808-м годзе. А згарэла тая царква адносна нядаўна, у 70-х гадах.

— Тыя людзі, якія гэтым займаліся, паміралі вельмі нядобрай сьмерцю. Аднаму спачатку адрэзалі нагу, гангрэна была. Другі таксама мучыўся з нагамі і рукамі.

Такія гісторыі, пра кепскі лёс багаборцаў, я чую ў кожнай вёсцы. Але ня ў кожнай вёсцы мне шчасьціць пагаварыць з былой старшынёй сельсавету, пры якой царква была закрытая. 86-гадовая Галіна Мартысь мне распавяла пра свае беды пасьля закрыцьця царквы. Беды, якія старая Галіна з царквой ня зьвязвае.

— Пры мне яе закрывалі. А згарэла яна, калі я пайшла на пэнсію. Так што я, карэспандэнт, нічога не магу знаць. У мяне тады гора за горам. Муж памёр, сын памёр. І я адстаранілася ад усяго гэтага жыцьця. А згарэла яна, калі я пайшла на пэнсію. Салдаты капалі ў калгасе бульбу, і там іх разьмясьцілі. І царкву спалілі. Можа, курылі.

А скончым мы наша падарожжа па традыцыі песьняй, якую мне падаравала пані Марчук. Песьня сапраўды ўнікальная. Гэта, кажучы сучаснай моваю, палеская антысэксісцкая песьня.

А я замуж пашла,
Мяне маты аддала
У далэку старану,
У чужую сям’ю.

А чужая сям’я
Вечораты села,
А менэ молоду
Посылаюць па ваду.

По воду ішла —
Спотыкалася.
А з вадою ішла —
Прыслухалася.

Чую, хтось гомоныць —
Маты з сынам говорыць:
Чому, сынку, ня п’еш,
Сваю жынку ня б’еш?

Я нэ буду піты,
Будэ сэрца боліты.
Як ня вмее робыты,
Прошу, маму, навчыты.

Як я яе браў,
Як з ружы цвэток.
А тэпэр такая стала,
Як той білы блаток.

Як я яе браў,
Увесь сьвіт дывовав.
А тэпэр такая стала,
Шчо я й сам не познав.