Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Раткевіч: Не называйце забойцаў партызанамі


У вёсцы Сакалоўка асьвяцілі магілу забітых партызанамі мірных жыхароў
У вёсцы Сакалоўка асьвяцілі магілу забітых партызанамі мірных жыхароў

У вёсцы Сакалоўка Вілейскага раёна адноўленая магіла сям’і, забітай у 1943 годзе савецкімі партызанамі.

Акт гістарычнай справядлівасьці адбыўся, дзякуючы ініцыятыве мясцовага жыхара пэнсіянэра Аляксандра Раткевіча.

Абрад асьвячэньня помніка на магіле правёў праваслаўны сьвятар Міхаіл Стацюк. На месцы пахаваньня ўсталяванае надмагільле з прозьвішчамі загіблых і праваслаўны крыж. Каля крыжа ўсталяваны стэнд з інфармацыяй пра тое, што адбылося на гэтым месцы.

Ініцыятар і каардынатар аднаўленчых працаў Алесь Раткевіч паведаміў Свабодзе, што ўвекавечаньне памяці сям’і Валовікаў падтрымалі і жыхары вёскі Сакалоўка, і жыхары Маладэчна, і з іншых мясьцін:

Алесь Раткевіч
Алесь Раткевіч
«І зь Менску падтрымалі. Людзей знайшлося шмат. Гэта былі прыватныя асобы. Нехта тэкст адрэдагуе. Многія даведаліся пра гэтае здарэньне праз друк. Нехта тэкст адрэдагаваў, адзін мянчук пліту прыгожую знайшоў. Я яго нават ня бачыў. Незнаёмыя людзі адгукнуліся. Што я заўважыў за гэтыя гады — калі імкнесься зрабіць нешта сьвятое, колькі людзей знаходзіцца на шляху! Аднадумцаў. Неабыякавыя, бескарысьлівыя».

Паводле спадара Раткевіча, мясцовыя ўлады ні чым не дапамаглі ва ўшанаваньні загіблых, а паколькі помнік усталяваны на магіле, то і дазволу ні ў каго прасіць не трэба было:

«Улады, прынамсі, перашкоды не чынілі. Хоць плянавалася і ў цэнтры вёскі паставіць памятную дошку, але тут улады ўжо адмовілі. Бо вялікая працэдура ўзгадненьня. А гэтыя людзі, якія загінулі ў 43-м, ня значацца ні ў якіх архівах. Магіла ёсьць, а людзей, як быццам, не існавала на сьвеце... Яно добра робіцца, калі хтосьці дапамагае. Але прашу журналістаў не называць забойцаў партызанамі».

У Сакалоўцы засталіся сьведкі тых жудасных падзей 1943-га:

Паліна Ігнацьеўна Валовік кажа, што ўратавала ад партызан і сябе, і ўсю сваю сям’ю:

Паліна Ігнацьеўна Валовік
Паліна Ігнацьеўна Валовік
«Забілі партызаны маёй мамы родную сястру. Усю сям’ю выбілі. Яны прыйшлі, Сьцёпка быў лесьніком, прыйшлі Сьцёпку біць. Дык цётка папрасіла: „Дзеткі, забіце ўперад мяне, а тады ўжо сям’ю“. Цётка зьлезла зь печы, перахрысьцілася. Як партызаны расказалі пасьля людзям. Перахрысьцілася, рукі склала — забіце мяне. Забілі цётку. А ў Сьцёпку пяць куль усадзілі. Закаціўся пад ложак, не маглі забіць. Такі здаровы быў. А тады ўжо сям’ю білі. Білі нявестку, у нявесткі дзеткі былі невялічкія. Яна папрасіла на рукі ўзяць. Калі ўзяла, дзецям у вочы стралялі. А тады ўжо сям’ю білі. Білі нявестку, у нявесткі дзеткі былі невялічкія. Яна папрасіла на рукі ўзяць. Калі ўзяла, дзецям у вочы стралялі. А тады праз вуліцу жыла гэтай цётчынай нявесткі матка, пайшлі і гэных забілі. У іх быў сын у паліцыі. Можа, яны за гэта іх забілі. Ну добра. Калі вы падазравалі, што Сьцёпка нешта ад партызан у Ільлю немцам пераносіў, вы б яго забралі з хаты і забілі. А нашто сям’ю? Нашто сям’ю паклалі?»

Усяго партызаны забілі шэсьць чалавек яе сваякоў, кажа Паліна Валовік:

«Цётка — раз, Сашка — два, двое дзяцей — чатыры, Каця — пяць, Надзя — шэсьць... Да нас прыйшлі — нехта ім навёў, што мама кляла партызан. Можа, яна і кляла. Сястру ж забілі і ўсю сямейку. Любая б кляла. Прыйшлі ўдвух. Адзін высокі такі, а другі — нізкі, таўсты. Але яны, пэўне, паздыхалі даўно. Помню, што мы кругом іх ходзім, а яны ўдвох стаяць. Адзін дастаў кінжал ці нож. І ён ужо будзе язык маме адразаць, што на іх брэша. А мы, дзеці, кругом іх хадзілі, на каленях поўзалі, у боты цалавалі, у рукі. Прасілі: «Дзядзечка, ня бі маму, ня бі». Тады кажа: «Ну, курва. Маеш шчасьце, што дзеці малыя і ўсе боты вылізалі».

Яшчэ пра дзьве сьмерці ад рук партызан ўспамінае жыхар вёскі Сакалоўка Ўладзімер Барысевіч, ён кажа, што ад рук партызан загінулі мясцовыя жыхары Пятрусь Юшкевіч і Канстанцін Іванец:

Уладзімер Барысевіч
Уладзімер Барысевіч
«Юшкевіча партызаны забілі. Кабанчыка ў яго забралі. А ён сказаў нешта на іх. Нешта збрахнуў са злосьці, можа. І як яго забілі? Гэтыя ж нашы партызаны! Прыйшлі ноччу — пакажы дарогу нам на Боркі. Ён выйшаў паказваць. Загналі яго. І праз вушы шомпалам мучылі, кінулі ў студню. Праз вуха. Наскрозь. Білі малатком ці чым. А Кастуся забілі.Таксама завялі ў лес. Таксама чатыры дні шукалі. Дык яго тут, у бруха. Стрэлам».

Імёны забойцаў невядомыя, кажа Барысевіч:

«Яны ж ноччу забівалі. Ніхто ня ведае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG