Рэчыцкі райсуд: ДАІ не вінаватая

Уладзімер Кацора

Судзьдзя Рэчыцкага раённага суду Анатоль Стрэльчанка 16 сьнежня адхіліў пазоў гомельскага грамадзкага актывіста Ўладзімера Кацоры на адмову Сьледчага камітэту распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкаму — маёра Ігара Лапаціна і капітана Сяргея Васільчука
22 верасьня згаданыя супрацоўнікі ДАІ дагналі за Рэчыцай прыватны мікрааўтобус, у якім восем дэлегатаў ад Гомельшчыны ехалі ў Менск на рэспубліканскую канфэрэнцыю па стварэньні кааліцыі «За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцьця».

Аўтаінспэктары сьпярша казалі, што кіроўца мікрааўтобуса, у якім ехалі дэлегаты, парушыў хуткасны рэжым, потым загаварылі пра няздадзеныя кіроўцам адбіткі пальцаў і пра дарожнае здарэньне з удзелам падобнага мікрааўтобуса. І ўрэшце прычапіліся да таблічкі з нумарам кузава, прымацаванай пад капотам дзьвюма рознымі заклёпкамі. Аўтобус завярнулі назад у Рэчыцу. У Менск на канфэрэнцыю дэлегаты ня трапілі.

«Было відавочна, што супрацоўнікаў ДАІ выкарысталі ў палітычным перасьледзе апанэнтаў улады. І гэта не ўпершыню. Экіпажы дзяржаўтаінспэктараў ня раз перахоплівалі аўтамашыны з улёткамі, затрымлівалі нават кандыдатаў у прэзыдэнты падчас перадвыбарчай кампаніі, каб тыя своечасова ня трапілі на сустрэчу з выбаршчыкамі. Гэта я ведаю з уласнага досьведу», — апавядае Ўладзімер Кацора.

Пасьля інцыдэнту пад Рэчыцай грамадзкі актывіст накіраваў заяву ў МУС і Генпракуратуру пра парушэньне дзяржаўтаінспэктарамі правоў і законных інтарэсаў гомельскіх дэлегатаў, перашкоду іхняму ўдзелу ў стварэньні грамадзкай кааліцыі. На думку спадара Кацоры, дзеяньні дзяржаўтаінспэктараў падпадаюць пад артыкул 194 Крымінальнага кодэксу (Перашкода законнай дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў).

Заявы грамадзкага актывіста вярнуліся на рэагаваньне назад у рэгіён. Абласная пракуратура прапанавала, каб адказ Уладзімеру Кацору дало ўпраўленьне ўнутраных спраў, а ягоныя кіраўнікі перадаручылі гэта начальніку Рэчыцкага РАУСу. Апошні адказаў заяўніку, што «прыведзеныя факты не знайшлі аб’ектыўнага пацьвярджэньня».

Уладзімер Кацора зьвярнуўся ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, але і той адмовіўся распачынаць крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў ДАІ.

На гэтую адмову грамадзкі актывіст паскардзіўся ў Рэчыцкі раённы суд, які 16 сьнежня й пакінуў пазоў без задавальненьня.

Прысутны на судзе намесьнік Рэчыцкага раённага пракурора Аляксей Дзям’янчык заявіў, што ў справе «няма аб’ектыўных фактаў», якія сьведчаць пра парушэньне правоў дэлегатаў канфэрэнцыі. І судзьдзя Стрэльчанка пагадзіўся з такой высновай.

Супрацоўнікаў ДАІ і сьведак у суд не выклікалі.