Нататкі сябра журы.
«Як сыфiлiтычныя сьпiрохэты ў варганiзьме, гэтак залазiць ў душы паганая бальшавiцкая атрута. Няхай мае словы, словы «попутчiка», аздараўляюць гэтых бедных духам людзей. Няхай вучацца на маiм прыкладзе. Бо нi Тарашкевiч, нi Рак-Мiхайлоўскi, нi Гаўрылкiн, нi Дварчанiн – ды й ня пералiчыш iх усiх, нiчога вам ня скажуць. Адны з гэтых няшчасных, неразумных гнiюць ужо ў зямлi, iншыя – у концлягерах або вастрогах. Мне пашанцавала. Я шчэ жыву. Я на волi. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызваленьня, восем год назад, я не пакiдаю пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва – аб бальшавiзьме. Мне калiсь ня верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце».
Гэтак пісаў Францішак Аляхновіч каля 80 гадоў таму ў сваёй кнізе «У кіпцюрах ГПУ». Калі чытаеш кнігі, дасланыя на конкурс турэмнай літаратуры імя знакамітага драматурга і палітвязьня, то ўсьведамляеш, што гэты пасыл Аляхновіча – пісаць пра бальшавіцкую атруту, пакуль можаш трымаць пяро ў руцэ, каб паверылі – застаецца як ніколі актуальным.
Бо беларуская турма засталася бальшавіцкай, савецкай, сталінскай. Менавіта таму Ігар Аліневіч выкарыстаў гулагаўскі маркер, трапна назваўшы свае ўспаміны «Еду ў Магадан». А Ірына Халіп уважлівым журналісцкім позіркам адразу адзначае ў «Дзёньніку зэчкі», што кнігі ў бібліятэцы «Амэрыканкі» – са штампам КГБ БССР.
Няважна, што мы жывем у незалежнай Беларусі, у турме жывуць паводле законаў КГБ ці ГПУ БССР. І калі Аляхновічу было чутно празь сьцены камэры, як па панядзелках людзей вывозілі на расстрэл на Камароўку, то вязьням «Амэрыканкі» было чуваць, як па калідорах СІЗА КДБ вадзілі на допыты Кавалёва і Канавалава, фігурантаў расстрэльнай справы аб тэракце ў мэтро.
Гэтак жа, як да Аляхновіча ў 1927 падсаджвалі ў камэру «стукача», які пасьля допытаў сьледчых вяртаўся з пахам перагару, паводле той жа тактыкі ў 2011 годзе спэцслужбы сялілі «стукачоў» у камэры Лябедзькі, Халіп, Кіркевіча, Аліневіча, і палітвязьні гэтак ж лёгка, як і беларускі драматург, распазнавалі «наседак».
Францішак Аляхновіч піша пра згвалтаваньні на Салаўках, як пра нешта, што адбываецца паводле ўнутраных законах лягеру, якія немагчыма зьмяніць, і гэтак жа бесстаронна Алесь Кіркевіч у сваёй «Няскончанай Адысэі» і Зьміцер Дашкевіч у «Чарвяку» расказваюць пра згвалтаваньні ў калёніях як пра непарушны закон зоны.
Гэтак жа як гэпэўшнікі з Аляхновічам 80 гадоў таму, так і кэбэшнікі з Лябедзькам, Халіп, Аліневічам у 2011 годзе вядуць «задушэўныя» размовы за кубкам гарбаты, спрабуючы прымусіць іх сумнявацца, ня верыць, здрадзіць.
Паралелі паміж архіпэлагамі ГУЛАгам і БЕЛАГам можна праводзіць бясконца, бо адзін спарадзіў і зьяўляецца працягам другога.
...Дазволю сабе вярнуцца на пачатак 2011 году, калі дзясяткі людзей трапілі ў турму КДБ і ад іх не было ніякіх зьвестак. Тады мая калега Алена Радкевіч казала, што чакае зьяўленьня магутнага пласта турэмнай літаратуры, бо за краты трапіла столькі таленавітых, літаратурна адораных людзей.
І сапраўды, калі быў абнародаваны першы ліст Ірыны Халіп з турмы, дзе яна супакойвала маці, кшталту: «я не ў турме, я здабываю новы досьвед», у гэтай фразе адчуваўся патэнцыял для будучай кнігі. Пазьней, праўда, прачытаўшы ўспаміны Ірыны, даведваемся, пад якім ціскам яна была вымушаная напісаць такі ліст...
Пакуль палітвязьні сядзелі, мы на Свабодзе спрабавалі напісаць не за іх, а пра іх. Так паўстаў праект «Партрэт на фоне кратаў», які пазьней трансфармаваўся ў кнігу «Адзін дзень палітвязьня», якую мы прэзэнтавалі, калі яшчэ многія палітвязьні заставаліся за кратамі. Але мы чакалі, калі зьявяцца літаратурныя творы пра беларускую турму 21 стагодзьдзя. І дачакаліся.
Калі я чытала тэксты, дасланыя на конкурс, у мяне было адчуваньне, што творы ўсіх арыштантаў 2010-2011 году трэба разглядаць як адзінае цэлае. Яны фактычна дапаўняюць адзін аднаго, адны і тыя ж героі жывуць і дзейнічаюць амаль у кожным творы. Анатоль Лябедзька апісвае свае сустрэчы і размовы з Ігарам Аліневічам, той у сваю чаргу дзеліцца сваімі ўражаньнямі ад гутарак зь лідэрам АГП, так жа перакрыжоўваюцца героі ва ўспамінах Алеся Кіркевіча і Ірыны Халіп.
А Алесь Бяляцкі, як літаратуразнаўца, піша трактат пра турэмную літаратуру і разьбірае літаратурныя якасьці напісаных за кратамі твораў Уладзімера Някляева і Аляксандра Фядуты. Павал Севярынец увогуле стварае галерэю партрэтаў палітвязьняў – ад Мікалая Аўтуховіча да Зьмітра Дашкевіча. Праз прызму гэтых успамінаў пачынаеш уяўляць камэры «Амэрыканкі» вачыма розных палітвязьняў, бачыш начальніка СІЗА КДБ палкоўніка Арлова, разам зь вязьнямі бяжыш у кайданках па лесьвіцы пад крыкі масак, і адчуваеш, як моцна яны чакалі лістоў і як спрабавалі выжыць і не скарыцца ў турме. Праз фізычныя практыкаваньні, сьмех, сьлёзы і кнігі. А таксама праз літаратуру, якую яны нам падарылі.
Калі я чытала творы, дасланыя на конкурс, увесь час было адчуваньне, што сярод іх нельга выбіраць пераможцу. Гэтыя тэксты выпакутаваныя ў кіпцюрах КДБ, яны напісаныя не дзеля славы, грошай і прызнаньня. І яны ня могуць супернічаць паміж сабой, яны могуць толькі дапаўняць адзін аднаго.
Сучасныя беларускія палітвязьні, як калісьці Францішак Аляхновіч, пісалі свае турэмныя ўспаміны таму, што не маглі не пісаць, пакуль яшчэ жывыя, таму што, як і Аляхновіч, маглі трымаць пяро ў руцэ, і не пакідалі пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва – аб бальшавiзьме, аб сучасным бальшавізьме 21 стагодзьдзя. Каб іншыя паверылі...
І ў гэтай справе ня можа быць пераможцаў, і ўсе яны, на маю думку, ляўрэаты прэміі імя Францішка Аляхновіча.