Савецкія карныя ворганы палявалі на яе, яшчэ школьніцу, ад 44-га. Пяць гадоў удавалася хавацца на Палесьсі, але ў 49-м НКВД у асобе каханага дастала яе ў далёкім Казахстане і засудзіла на чвэрць стагодзьдзя, прызнаўшы злачынствам любоў да Радзімы. Сябра Саюзу беларускай моладзі Надзея Дземідовіч — гераіня чарговага выпуску праграмы Сталкеры Свабоды.
«Як хадзіла ў школу нас палякі бралі ў гарцэжы. І я хацела з тымі дзяцьмі бегаць, але мяне не прынялі, таму што я — не палячка. У каго бацькі — беларусы, гэтакіх ня бралі.
Дачакаліся Савецкага Саюзу. Тут арганізуюць піянэры. І я хачу ў тыя піянэры. Не, мяне не бяруць, таму што твой, маўляў, бацька кулак.
У вайну арганізуецца Саюз беларускай моладзі. І мяне туды ўжо бяруць. І я рада, як на сто коней села. Я была шчасьлівая, што буду ўсім, і на рукавах бел-чырвона-белыя сьцяжкі маю. Думалася, што будзе наша дзяржава, што нам трэба добра вучыцца. Не для немцаў мы жылі, нам ня трэба было немцаў. Мы хацелі быць як усе. Як палякі былі палякі, як расейцы былі расейцы, а я хацела, каб быць беларускай.
Потым я хавалася ад саветаў. Сяброўку Ніну забралі, і мяне сталі хаваць па сваяках, каб ня трапіла ў астрог. Амаль пяць гадоў на Палесьсі была, а потым як тату забралі і маму (але яе потым выпусьцілі), то мяне родзічы адправілі ў паўночны Казахстан да мамінага брата. Там скончыла курсы бухгальтараў, працавала, і ўсё было нібыта чын-чынаром.
Аднаго разу сяджу за сталом, прыгатаваўшы справаздачу. Прыходзіць малады мужчына, які сказаў мне апранацца і прайсьці зь ім трохі. Прыходзім, а ў пакоі сядзіць той хлопец, каторы да мяне заляцаўся. Гэтакі харошы хлопец здаваўся. І мне сорамна, што я да яго прыйшла, і ня ведаю, чаго я прыйшла. Не глядзела, як ішла, што за будынак, пры якім вышкі стаяць. Стаю пры дзьвярах, ногі выціраю і пытаюся: «Саша, а чаго ты тут?» Ён паглядзеў, нічога не сказаў. А тады ўбачыла за вакном краты. От я і зразумела, дзе я.
Як засудзілі і як далі дваццаць пяць гадоў, то павязьлі недзе ў Сыбір. Дарогі не было, і мяне пакінулі ў лягеры Кінгір. Мама прысылала сала мне, а я яго ня ела, аддавала хворым. Потым як падох Сталін, было ў нас там паўстаньне і вельмі цяжка было.
У 1956-м прыйшла дамоў надта нямоглая. Трыццаць шэсьць гадоў на групе інваліднай, але душа ня ўмёрла. І хачу жыць. У нас ёсьць Беларусь і наш родны сьцяг. І трэба, каб мы былі ўсе беларусамі, і каб Беларусь выжыла і адрадзілася. І Пагоня, і сьцяг адрадзіліся каб і каб жыла Беларусь. Бо калі мы і сьцягі пагубім, і Пагоню кінем і самі будзем адно цягнуцца, каб мець кавалак хлеба — гэта ўжо не жыцьцё. А хочацца, каб усё было сваё. Перажыўшы і тых палякаў, і тых расейцаў, і як ні было, і за што не было, і ўсё жыцьцё змарнавалася за Саюз беларускай моладзі. Каб не ён, я й вывучылася б мо і кім стала. Але не шкадую. Адно шкадую, што я нічога не зрабіла».

Сталкеры Свабоды