На Эўрамайдане кожную гадзіну сьпяваюць гімн Украіны

Усю ноч на Майдане Незалежнасьці у Кіеве заставаліся некалькі сотняў чалавек, якія працягваюць бестэрміновую акцыю пратэсту супраць рашэньня кіраўніцтва Ўкраіны не падпісваць пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам.
Днём да іх зноў далучацца тысячы іншых прыхільнікаў эўраінтэграцыі. А на выхадныя, калі саміт «Усходняе партнэрства» у Вільні не завершыцца падпісаньнем пагадненьня, у Кіеве чакаюцца шматтысячныя акцыі пратэсту, пасьля чаго апазыцыя заклікае абвесьціць страйк, блякаваць будынак кабінэта міністраў і дамагацца адстаўкі ўрада, перадае BBC.

Людзі на Эўрамайдане кожную гадзіну сьпяваюць гімн.

Your browser doesn’t support HTML5

Эўрамайдан сьпявае гімн Украіны



Напярэдадні эўракамісар Штэфан Фюле яшчэ раз паўтарыў, што ЭЗ гатовы падпісаць з Украінай пагадненьне ў любы момант.

«Прапанова па — ранейшаму на стале: пагадненьне аб асацыяцыі гатова да падпісаньня, як толькі гэтага захоча Ўкраіна», - заявіў Фюле.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч лічыць немагчымым зьмяніць рашэньне аб спыненьні падрыхтоўкі да падпісаньня пагадненьня, нягледзячы на масавыя мітынгі за эўрапейскую інтэграцыю.

Канцлер ФРГ Ангела Мэркель заявіла напярэдадні, што надзеі на падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ няма, перадае УНІАН. Аднак яна адзначыла, што дзьверы ЭЗ для Ўкраіны застаюцца адчыненымі.