Папа Рымскі Францішак і Тадэвуш Кандрусевіч ужо «Ўкантакце» і па-беларуску

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч гуляе ў міні-футбол

У новай рубрыцы Радыё Свабода «Сеткі падказалі» мы знаёмім вас зь цікавымі навінамі і тэмамі, якія зьяўляюцца, абмяркоўваюцца і выхопліваюцца намі з сацыяльных сетак.


Каталіцкі міні-футбол


Самыя цікавыя факты з жыцьця беларускага і сусьветнага касьцёлу цяпер таксама можна даведацца з «Ўкантакце». Так, напрыклад, суполка «УКасцёле | Беларускамоўны каталіцкі партал» і паблік «Тадэвуш Кандрусевіч» паведамляюць са спасылкай на сайт catholic.by, што на гэтым тыдні ў Лепелі адбыўся ІІ Чэмпіянат па міні-футболе сярод каталіцкіх сьвятароў Беларусі.

У спартыўнай сустрэчы беларускага духавенства ўдзельнічалі каманды з усіх дыяцэзій. На спаборніцтвы прыбыў таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які гуляў у камандзе Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У выніку месцы размеркаваліся наступным чынам: 1-е — каманда Гарадзенскай дыяцэзіі, 2-е — каманда Віцебскай дыяцэзіі, 3-е — каманда Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, 4-е — каманда Пінскай дыяцэзіі.

А з 24 па 28 лютага ў Беларусі пройдзе VIII Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод каталіцкіх святароў.

Што цікава, ёсьць сярод вялікай колькасьці каталіцкіх суполак, якія вядуцца па-беларуску, і паблік папы Францішка, у якім апэратыўна асьвятляюцца ўсе падзеі зьвязаныя зь ім.


«Дачакайся, матуля»


Vinsent і Зьміцер Вайцюшкевіч пры ўдзеле вакалісткі гурту «Apple Tea» Сашы Захарык запісалі сумесную песьню «Дачакайся, матуля». Гэтая песьня з новага альбому беларускага турэмнага шансону Зьмітра Вайцюшкевіча «Варанок», які выходзіць на наступным тыдні. Натхніў на працу і напісаў большасьць тэкстаў да гэтага альбому Генадзь Бураўкін.

У аснову песні «Дачакайся, матуля» таксама пакладзены верш народнага беларускага пісьменніка Генадзя Бураўкіна, да якога свае куплеты дадаў Vinsent.

Гісторыю стварэньня песьні распавядае Vinsent:

— Да мяне зьвярнуўся Зьміцер Вайцюшкевіч і паказаў матэрыял, які ён ужо меў. Я напісаў свае куплеты, а таксама стварыў біт і эфэкты. Потым гэты трэк аздобіла сваім вакалам Саша Захарык. Увогуле, гэтая песьня сымбалізуе сувязь пакаленьняў. Тэкст і музыку стваралі творцы вельмі рознага веку. Мы паказваем тое, што яднае ўсіх нас.



Слухай айчынны панк-рок!


Пад такім заклікам сёньня зьявіўся прома-ролік беларускамоўнага поп-панк гурту «AMAROKA». У аснову роліка пакладзеная песьня на вострапраблемныя зьявы ў Беларусі і грамадзтве «Pradajem» з апошняга альбому гуртe «Pastka», які выйшаў вясною гэтага году.

(Увага, ненарматыўная лексыка!)