Януковіч патлумачыў, чаму не падпіша дамову з Эўразьвязам

Віктар Януковіч

Януковіч паабяцаў падпісаць Дамову аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўразьвязу, толькі калі дамовіцца «на нармальных умовах».
Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч заявіў у інтэрвію мясцовым тэлеканалам, што гаварыць пра падпісаньне Дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам можна будзе толькі тады, калі Ўкраіна стане канкурэнтаздольнай, выйдзе на той узровень, які зьяўляецца камфортным, «калі гэта будзе адказваць нашым інтарэсам, калі мы дамовімся на нармальных умовах».

«Калі гэта будзе? Хутка ці не вельмі хутка? Час пакажа. Я хачу, каб гэты час быў як мага хутчэй», — заявіў Януковіч у інтэрвію шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў.

Паводле яго слоў, Украіна вызначылася адносна падпісаньня Дамовы з Эўрапейскім зьвязам, але ўсё, што датычыцца ўмоў, зьяўляецца прынцыповым пытаньнем і ўсё павінна адбывацца ў інтарэсах ўкраінскага народа.

Паводле Януковіча, на працягу апошніх трох гадоў прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу абвяшчалі умовай прадстаўленьня Ўкраіне тэхнічнай дапамогі ў памеры 610 000 000 эўра падпісаньне дамовы з МВФ аб прадстаўленьні Ўкраіне крэдыту на ўмовах гэтай арганізацыі.

«З 2010 года тры гады запар гэтую цукерку ў прыгожай абгортцы нам паказвалі і казалі: «Вы іх атрымаеце , калі з Міжнародным валютным фондам падпішаце пагадненьне». Ня трэба нас прыніжаць. Мы не маленькія дзеці, на салодкія цукеркі мы не ідзем. Мы сур’ёзная эўрапейская краіна, а МВФ кажа: «Уздыміце тарыфы для насельніцтва, замарозьце заработныя платы і пэнсіі» і гэтак далей. Я на гэта ніколі не пайду»,— сказаў прэзыдэнт Украіны.

Паводле яго слоў, перамовы з МВФ аказаліся безвыніковымі:

«Нашы разьлікі на тое, што нам дапаможа Міжнародны валютны фонд, завяршыліся нічым. Я асабіста вёў перамовы з МВФ на высокіх узроўнях і ва Ўкраіне, і ў Злучаных Штатах. Мы атрымалі адмоўны адказ. Я не хачу і не дазволю пакуль я ўзначальваю ўрад, каб Украіну хтосьці прыніжаў».

Януковіч дадаў , што для пераходу ўкраінскай эканомікі на эўрапейскія стандарты неабходна не менш за 20 мільярдаў эўра ў год, а ў цэлым да 2017 года спатрэбіцца прыкладна 160 мільярдаў эўра. Пры гэтым, сказаў ён, паколькі аб уступленьні Украіны ў ЭЗ пакуль мова не ідзе, Украіна не будзе далучаная да эўрапейскіх фондаў.

У Эўразьвязе заяўлялі, што з наступнага года ў эўрапейскім бюджэце прадугледжаныя сродкі на праграмы па палітыцы збліжэньня з усходнеэўрапейскімі партнэрамі, і Эўразьвяз улічвае патрэбы разьвіцьця ўсходніх партнэраў, у прыватнасьці, і Ўкраіны.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч афіцыйна пацьвердзіў, што возьме ўдзел у саміце «Усходняга партнэрства» ў Вільні 28–29 лістапада. Раней урадам Украіны было заяўлена аб прынятым рашэньні не падпісваць у Вільні пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ.