Што падаражэе 1 сьнежня


Цыгарэты на 2,4-14,4%


Ад 1 сьнежня вырастуць цэны на цыгарэты і плянуецца падаражаньне праезду у грамадзкім транспарце.

Цэны на некаторыя маркі цыгарэт павялічацца з 1 сьнежня на 2,4-14,4%.

Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце міністэрства па падатках і зборах.

Да прыкладу, максымальныя цэны на цыгарэты фабрыкі «Нёман» павялічацца на 2,4-9,1%. Падаражаньне закране папулярныя Viceroy, Pall Mall, Lucky Strike, Monte Carlo, Kent, Vogue, Winston і Glamour. Цыгарэты вытворчасьці «Тытунь-Інвэст» падаражэюць на 2,4-14,4%. Цэны на імпартныя цыгарэты вырастуць на 6,3-11,5%.


Праезд у Менску — 3000 рублёў


Ад 1 сьнежня плянуецца павялічыць тарыф на праезд у грамадзкім транспарце Менска да 3 тысяч рублёў.

Адпаведны праект рашэньня Менгарвыканкаму ўжо падрыхтаваны, але пакуль не зацьверджаны, паведамілі БелаПАН у дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс».

Апошні раз праезд даражэў 1 кастрычніка — з 2 тысяч да 2500 рублёў за паездку.

Паводле праекту афіцыйнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2014 год, тарыф на праезд у гарадзкім транспарце ў Менску плянуецца павялічыць да 5000 рублёў, у абласьцях да 4 тысяч 200 рублёў.


Тарыфы на газ і электраэнэргію


Ва ўрадзе плянуюць ад 1 сьнежня зноў павысіць тарыфы на газ і электраэнэргію.

«Калі будзе прынятае станоўчае рашэньне, дык адбудзецца невялікі ўздым коштаў на асобныя камунальныя паслугі, газ і электраэнэргію. На астатнія камунальныя паслугі ў нас няма падстаў павышаць цэны ў гэтым годзе», — паведаміў падчас прамой тэлефоннай лініі ў газэце «Советская Белоруссия» намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.

Гэтыя захады Калінін тлумачыць неабходнасьцю пакрыцьця выдаткаў на імпарт энэргарэсурсаў. Падвышэньне тарыфаў на электраэнэргію, можа стаць ужо сёмым ад пачатку года.