Прыгоды Сяргея Рыжова ў віцебскім выцьвярэзьніку

Сяргей Рыжоў

Экс-прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзыдэнта на выбарах 2010 года Сяргей Рыжоў заявіў, што 16 лістапада быў жорстка зьбіты ў віцебскім мэдвыцвярэзніку.
Яго даставілі туды ўвечары, паводле ягоных словаў, прывязалі да крэсла і білі ў грудзі нагой. Паводле Сяргея Рыжова, гэтую справу зараз разьбірае Сьледчы камітэт.

Зранку 18 лістапада былы ўдзельнік прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Сяргей Рыжоў хадзіў на мэдэкспэртызу — зафіксаваць цялесныя пашкоджаньні. Паводле ягоных словаў, яго зьбілі супрацоўнікі віцебскага медвыцьвярэзьніка. Сяргей Рыжоў апавядае,што трапіў туды ў суботу, 16 лістапада:

«Мы выпілі зь сябрам. Потым проста на плошчы Перамогі, на вачах у людзей мяне забраў міліцэйскі патруль. Прывезьлі ў выцьвярэзьнік, паклалі на ложак, усё нармальна... Але я сказаў, што ў мяне гепатыт С і што мне трэба рэгулярна прымаць лекі. Мяне тады прывязалі да жалезнага крэсла, за рукі і за ногі. Я прасіў, каб паслабілі папругі, але яны іх толькі мацней зацягвалі. Зьбівалі, пачыналі душыць. У мяне засталіся сьляды»...

Сяргей Рыжоў распавёў, што празь некалькі гадзінаў яго адпусьцілі дахаты, і ўжо з дому ён выклікаў хуткую дапамогу. Яго завезьлі ў траўмапункт і зрабілі рэнтген. Пераломаў рук ці ног або пашкоджаньняў грудной клеткі зафіксавана не было, але мэдыкі праінфармавалі пра ягоны зварот сьледчыя органы, і ранкам 17 лістапада Сяргей Рыжоў даў паказаньні прадстаўніку Сьледчага камітэту.

Рыжоў лічыць, што супраць яго ўчынілі правакацыю. Прынамсі, ён не хавае, што быў у выцьвярэзьніку ўжо не ўпершыню, але мінулым разам яго амаль адразу адпусьцілі:

Мне старшы лейтэнант адкрыта сказаў, што яны зробяць так, каб я апынуўся ў выцьвярэзьніку ў трэці раз
«Сёлета была такая сытуацыя. Але мяне адразу адпусьцілі. Яны склалі дакумэнты, я падпісаў — і мы разьвіталіся. І гэтым разам яны запатрабавалі, каб я падпісаў пратакол, што быў у нецьвярозым стане. Але я гэты пратакол парваў! Мяне могуць і сёньня забраць. Мне старшы лейтэнант адкрыта сказаў, што яны зробяць так, каб я апынуўся ў выцьвярэзьніку ў трэці раз. І мяне тут жа адправяць на прымусовае лячэньне ў ЛПП».

Сяргей Рыжоў ня ведае прозьвішчаў тых міліцыянтаў, якія яму пагражалі і катавалі, бо яны былі бяз бэйджыкаў. У самім выцьвярэзьніку аповед Рыжова пра катаваньні не пацьвярджаюць, але й не абвяргаюць. Дзяжурны, які прадставіўся як Спалкоў, заявіў:

«Праз тэлефон я не кампэтэнтны нешта Вам казаць. Уяўленьня ня маю. Без камэнтароў».

Паводле Рыжова, судмэдэкспэрты зафіксавалі сьляды ад папругаў на руках і нагах, але не зафіксавалі сьлядоў на шыі. Мэдыкі не заўважылі таксама аніякіх сьлядоў ад удараў, але зафіксавалі сьляды выкручваньня пальцаў — прыпухласьці і ўшыбы. Рыжоў сказаў, што мэдычнага дакумэнту на рукі яму не далі, бо ён будзе адасланы ў Сьледчы камітэт. Яшчэ ён дадае, што зьдзекі зь яго супрацоўнікі мэдвыцьвярэзьніку здымалі на мабільны тэлефон.

Але і ў мэдвыцьвярэзьніку паўсюль усталяваныя відэакамэры. Менавіта для таго, каб фіксаваць паводзіны затрыманых і выключыць верагоднасьць рабаваньня нецьвярозых асобаў. Пра гэта распавёў на ўмовах ананімнасьці яшчэ адзін жыхар Віцебску, зараз абсалютна непітушчы, але ў мінулым не аднойчы бываў у гэтай установе:

«Мне адразу казалі: „Калі хочаш — мы можам табе паказаць, які ты прыбыў
Аднойчы мяне прывязалі да ложка, калі я крычаў „Адпусьціце мяне!“ і біўся ў дзьверы
і што з табой рабілі!“ Там так: сьпярша прыходзіць лекар, каб агледзець твой зьнешні стан. Потым цябе кладуць на сьвежазасьцелены ложак, і ты, паводле іх меркаваньня, павінен праспацца і сысьці. Потым заплаціць штраф. Аднойчы мяне прывязалі да ложка, калі я крычаў „Адпусьціце мяне!“ і біўся ў дзьверы. Гэта ў іх называецца „зафіксаваць“. Пасьля ў мяне на нагах засталіся сінія сьляды».

Што да інцыдэнту з Сяргеем Рыжовым, дык Сьледчы камітэт мусіць правесьці праверку і вызначыць, ці перавышалі дзеяньні супрацоўнікаў выцьвярэзьніка законныя межы. Пра гэта кажа праваабаронца Павал Сапелка, які вывучае праблемы месцаў прымусовага ўтрыманьня:

«Выцьвярэзьнік — гэта міліцэйская структура. І Законам „Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь“ рэглямэнтавана ўжываньне фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі. Фізычная сіла і спэцыяльныя сродкі могуць ужывацца толькі ў пэўных выпадках: калі супрацоўнік МУС не дае зьдзейсьніць правапарушэньне ці злачынства, у мэтах самаабароны, для пераадоленьня супрацьдзеяньня ягоным законным патрабаваньням. У тым выпадку, калі негвалтоўным чынам гэта зрабіць немагчыма».

У кампэтэнцыі Сьледчага камітэту — узбудзіць крымінальную справу, калі супраць Сяргея Рыжова незаконным чынам быў ужыты гвалт.