Да «брусэльскага» сьпісу могуць дадаць і «беларускі»

«Брусэльскі сьпіс» беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, пакуль не працуе так эфэктыўна, як мог бы.
Пра гэта заявілі сёньня беларускія экспэрты, якія правялі ў Менску спэцыяльнае паседжаньне. Яны кажуць, што ў Беларусі дагэтуль ня ведаюць, хто складае «чорны сьпіс». Як ня ведаюць і таго, паводле якіх крытэраў уключаюць туды тую ці іншую асобу альбо выключаюць зь яго.

Пра тое, што «чорны сьпіс» неабходны, казалі абсалютна ўсе экспэрты. Напрыклад, маці палітвязьня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч заявіла:

«Гэты сьпіс неабходны для таго, каб людзі памяталі, што яны робяць. І яны гэта памятаюць. Сьпіс працуе. І мне пра гэта гаварылі адкрытым тэкстам. Напрыклад, Аляксандар Сівоха, былы начальнік Наваполацкай калёніі, у якой сядзіць мой Ігар. Тое ж самае казаў мне рэктар Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту Шымаў, які звальняў мяне з працы. Яны баяцца. Яны кажуць, што перажываюць за сваіх унукаў, за сваіх дзяцей».

Удзельнікам паседжаньня найбольш цікавай падалася прапанова намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Льва Марголіна. Ён прапанаваў да «брусэльскага сьпісу» дадаць яшчэ адзін — беларускі:

Леў Марголін

«Мая ідэя заключаецца ў тым, што вырашаць, хто вінаваты, а хто не вінаваты, не павінны дзесьці за мяжой — дзесьці ў Эўрапейскім Зьвязе альбо Радзе Эўропы. Гэтая справа павінна стаць справай саміх беларусаў. Тых, хто сустракаецца з парушэньнямі закону. Тых, хто сустракаецца з амаральнымі паводзінамі з боку чыноўнікаў. Гэта не абавязкова супрацоўнікі турмаў альбо лягераў. Гэта могуць быць і звычайныя чыноўнікі, якія топчуць закон. І яны мусяць ведаць, што прыйдзе час, калі давядзецца за ўсё адказваць».

Праваабаронца Алег Воўчак і старшыня АГП Анатоль Лябедзька разьвілі гэтую ідэю. Яны прапанавалі выпрацаваць спэцыяльныя крытэры, стварыць раду з дэмакратычных маральных аўтарытэтаў Беларусі, якія вырашалі б, каго ўключаць у «беларускі сьпіс». Узьнікла думка і пра інтэрнэт-галасаваньне. А таксама пра тое, каб уводзіць у сеціва ня толькі сам «чорны сьпіс», але і абгрунтаваньне, чаму тая ці іншая асоба туды ўключаная. І тады, заўважыла праваабаронца Антаніна Кавалёва, два сьпісы можна будзе параўнаць.

Сёньня адбылося першае паседжаньне экспэртнага клюбу. Праз тыдзень праваабаронцы і палітыкі зьбяруцца зноўку.