Пахавалі журналіста, пацярпелага падчас тэракту ў мэтро

Мікалай Ільюшэнка

У Менску пахавалі вядомага журналіста Мікалая Ільюшэнку, які два з паловай гады таму быў цяжка паранены пры выбуху ў мэтро, перанёс 13 апэрацыяў і памёр, так і не акрыяўшы. Як складаюцца лёсы іншых пацярпелых ад выбуху ў мэтро?

Разьвітацца зь Мікалаем Ільюшэнкам у яго кватэру на вуліцы Прытыцкага прыйшлі сёньня дзясяткі чалавек. Журналісту было 64 гады. У 1970-я ён працаваў адказным сакратаром у газэце «Знамя юности», а потым доўгі час у «Вячэрнім Мінску», у тым ліку намесьнікам рэдактара. З былым рэдактарам «Вячоркі» Сяргеем Сьвіркуновым размаўляем каля дому, адкуль празь некалькі хвілін вынесуць труну зь нябожчыкам:

«Галоўнае, гэта быў вельмі творчы чалавек, і ўва ўсё, чым ён займаўся, ён укладаў гэтую якасьць. Прычым любіў пэдантычна даводзіць усё да лягічнага, яснага заканчэньня. Мяркую, самая ягоная галоўная справа ў „Вячорцы“ — гэта тое, што ён стварыў першы інтэрнэт-сайт увогуле ў рэспубліцы».

Каля 6 вечара 11 красавіка 2011 году Мікалай Ільюшэнка ўвайшоў у вагон цягніка мэтро і паехаў на сямейнае сьвята. Але на станцыі «Кастрычніцкая» здарыўся тэракт, які цалкам зьмяніў ягонае жыцьцё. Аскепкамі Мікалай быў цяжка паранены, перанёс 13 апэрацыяў на назе, але так і не аднавіў здароўе. 2,5 года ён фактычна не выходзіў з дому, мусіў звольніцца, перажываў, што спыніў журналісцкую працу. 2 лістапада Мікалай Ільюшэнка памёр. Экспэрты пакуль не сказалі, што стала прычынай сьмерці: тромб ці нешта іншае — вынікі экспэртызы стануць вядомыя толькі празь месяц. Сын нябожчыка Мікалай Ільюшэнка-малодшы згадвае, што баяўся за бацьку перад ягонай кожнай апэрацыяй, хоць той быў сам зьнешне спакойны.
Кожны раз, як ён клаўся на апэрацыі, я вельмі за яго баяўся, бо зноў гэты наркоз

«2,5 года ён быў з гэтым апаратам Елізарава, фактычна ўвесь час дома. А гэтыя апэрацыі, яны ж яшчэ небясьпечныя з-за наркозу, бо калі косьць дрэнна зрастаецца, яе трэба ламаць, і ўсё пачынаецца зноўку. Кожны раз, як ён клаўся на апэрацыі, я вельмі за яго баяўся, бо зноў гэты наркоз. Баяўся, што калісьці ён ня вытрымае наркозу, бо занадта гэта часта рабілі. А ён жартаваў: нічога, 13-я апэрацыя, малая бярцовая костка, яна хутка зрастаецца, усё будзе нармальна».

Сёньня Мікалая Ільюшэнку пахавалі на менскіх могілках у Калодзішчах.

У сьпісе ахвяраў тэракту ў мэтро, учыненага, паводле суду, Дзьмітрыем Канавалавым з дапамогай Уладзіслава Кавалёва, значацца 15 чалавек. 15-м стаў лекар Андрэй Ільін, які памёр ад ран больш як празь месяц пасьля трагедыі. Сваякі і сябры Мікалая Ільюшэнкі могуць лічыць, што ён стаў 16-й ахвярай выбуху.

Некалькі дзясяткаў чалавек былі пры тэракце цяжка параненыя. Як склаліся іхнія лёсы?

Інэса Крутая

Інэса Крутая ад аскепкаў ледзь ня страціла зрок, да таго ж была параненая ў нагу. Дзяўчына доўга лячылася. Дапамогай, якую ёй аказала дзяржаўная мэдыцына, была незадаволена, нават у адчаі падавала заяву на атрыманьне прытулку ў Нямеччыне, але засталася жыць у Менску з бацькам, якога трэба даглядаць. Інэса не захацела шмат расказваць пра сябе, абмежаваўшыся адной навіной:

«Дзякуй Богу, пасьля апэрацыі бачу».

Студэнту Акадэміі мастацтваў Аляксандру Александрыі ледзь не адарвала нагу. Аляксандар быў на судзе над тэрарыстамі, даваў інтэрвію, у тым ліку карэспандэнту Свабоды, але цяпер з журналістамі кантактаваць адмаўляецца, зьмяніў некалькі тэлефонаў. «Колькі перанёс апэрацыяў — не зьлічыць. Цяпер у яго інваліднасьць. Большасьць часу праводзіць дома. Ходзіць з кійком ці на мыліцах», — паведаміў сёлета брат Аляксандра Георгі парталу tut.by.

Шмат хто з пацярпелых ад тэракту амаль цалкам спыніў кантакты з журналістамі. Псыхолягі ведаюць пра такую рэакцыю і кажуць, што гэта нармальна, бо гэтак людзі бароняць сваю псыхіку ад мінулага дзеля новага, пасьпяховага жыцьця. Ці ўдаецца каму паправіцца ня толькі фізычна? У Андрэя Тышкевіча, якога выбухам выкінула на рэйкі процілеглай каляіны мэтро і якому моцна параніла руку, пасьля здарэньня нарадзілася дзіця, ён кажа, што зь ім усё добра.

Яраславу Пясецкаму, які падчас выбуху сядзеў на лаве на станцыі мэтро, адарвала абедзьве нагі. «У мяне ўсё нармальна, паставілі пратэзы і нават магу хадзіць на працу».

Юля Шокель, якой аскепкамі пасекла ногі, заканчвае навучаньне ў Беларускім інстытуце правазнаўства. Пэрыядычна ходзіць да лекараў, бо аскепкі ў целе засталіся. Шчыра зьдзіўляецца пытаньням, як у яе ідзе жыцьцё. «Ды нічога ў мяне такога, усё па-старому. Вучуся. Што тут можа быць цікавага?»