Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вікторыя Прыліпка: «Жыцьцё памянялася, але не спынілася»


«Трагедыя ў менскім мэтро ўсё памяняла ў маім жыцьці. Тут нават ня скажаш, што менавіта. Усё. Жыцьцё памянялася, але не спынілася. Я буду рабіць усё магчымае, каб вярнуцца да нармальнага жыцьця. І я буду, і мае сваякі будуць дапамагаць. Я — чалавек, які змагаецца за ўсё, таму не застануся сядзець на месцы».

Пра гэта распавяла ў размове з карэспандэнтам «Свабоды» былая выкладчыца фартэпіяна ў менскай школе з эстэтычным ухілам № 99 Вікторыя Прыліпка. Яна ехала з працы дадому і трапіла ў самы эпіцэнтар выбуху. Жанчына, якая знаходзілася перад ёй, загінула на месцы. Вікторыя цяпер жыве ў бацькоў у Смалявічах і з таго часу не працуе. Вікторыя кажа, што асноўная яе задача цяпер — паправіць здароўе.

«Я жыву цяпер у бацькоў, бо не магу жыць асобна па стане здароўя. Я адношуся да цяжкіх, у мяне няма нагі і рука ня дзейнічае. Проста ехала з працы дахаты і трапіла пад выбух. Цяпер я стараюся пра гэта ня згадваць. Я была ў сьвядомасьці да самай апэрацыі, але не хачу пра гэта ўзгадваць, бо гэта цяжка псыхалягічна. Цяпер рыхтуюся да апэрацыі на руцэ. Тут вельмі складаная апэрацыя і, магчыма, яшчэ не адна, каб хоць нешта зрабіць з рукой. Пасьля сур’ёзнай траўмы ў мяне на руцэ не шавеляцца пальцы».

Як і ўсе пацярпелыя, яна атрымала кампэнсацыю ад дзяржавы. На пытаньне, ці дастатковая гэта дапамога, Вікторыя сказала:
Як вы думаеце, каму патрэбны хворы чалавек? Толькі родным, больш нікому.

«Як пісалася, такая і кампэнсацыя. Складана сказаць — дастаткова, не дастаткова. Жыць жа ў такім стане трэба доўга. Я хаджу на пратэзе. Такіх людзей, аказваецца, вельмі многа ў Беларусі. Проста пра іх ніхто ня ведае. Яны проста сядзяць дома і нікуды ня ходзяць».

Карэспандэнт: «У вас большыя спадзяваньні на сваякоў, чым на дзяржаву?»

Прыліпка: «А як вы думаеце, каму патрэбны хворы чалавек? Толькі родным, больш нікому. Мне здаецца, гэта зразумела ўсім. У мяне сям’я ёсьць, муж і дзіця. Я засталася бяз працы, без спэцыяльнасьці. Мне трэба ісьці вучыцца і атрымліваць нейкую спэцыяльнасьць. У мяне пэдагагічная, музычная адукацыя і я нікуды не ўладкуюся па спэцыяльнасьці. Бо я ўжо прафнепрыгодная. Пляны ёсьць, але спачатку трэба зрабіць удала апэрацыю, рэабілітавацца, а потым думаць, куды і што. Пакуль пра гэта гаворка не ідзе».

Карэспандэнт: «Як паўплывала гэтая трагедыя на вас?»

Прыліпка: «Я стараюся пра гэта наогул ня думаць. Калі пра гэта думаць, то можна трапіць у лякарню іншага прызначэньня. Таму — трэба жыць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG