Беларускае слова, ацэненае ў 25 гадоў лягераў

Месца, дзе стаяла школа ў Лебедзеве

Летам 1951-га ў Вільні ды ў Менску былі арыштаваныя пяць студэнтаў. Вячаслаў Гамолка, Іван Ільліч Міцько, Іван Іванавіч Міцько, Іван Яблонскі, Аркадзь Слуцкі. Усіх пяцёх аб’ядноўвала месца нараджэньня. Мястэчка Маркава, што пад Маладзечнам. Усім пяцём прад’явілі абвінавачаньні ў стварэньні падпольнай антысавецкай арганізацыі. І ўсе пяцёра атрымалі 25 гадоў лягераў. Дык што ж адбывалася насамрэч у Маркаве напрыканцы 40-х гадоў?

Дарога ў Маркава ляжыць празь Лебедзева, дзе была сярэдняя школа, куды хадзілі героі нашай перадачы. Той школы даўно ўжо няма. Насупраць пустыра жыве былая настаўніца Антаніна Раманоўская. Пані Антаніна была аднаклясьніцай маладых людзей.

— Мы як толькі даведаліся пра гэта, для нас гэта быў шок. Яны нічым сябе не выдавалі. Нічым. Хоць словам выдавалі сваю незадаволенасьць — не. Былі нармальныя хлопцы. Як усе ў клясе. У нас у школе пра гэта ніхто нічога ня ведаў. Мы даведаліся пра гэта, як іх арыштавалі тады. Слуцкі і Яблонскі толькі слухалі, як Іван чытаў свае вершы. Я ведала, як называецца гэта паэма. Пра што? Як калектывізацыя адбывалася, як хадзілі па хатах. Як прымушалі. Усё гэта ён апісаў. Іван Міцько пісаў. А Гамолка рабіў мастацкае афармленьне.

— А што значыць афармляў? Яны рабілі газэту?

— Газэту. Яны рабілі карыкатуры. Гамолка як мастак быў там.

— А што гэта былі за людзі?

— Нармальныя хлопцы. Займаліся нядрэнна. На «4», на «5» ішлі. Чым яны выдзяляліся? Нічым. Звычайныя. Але хтосьці іх прадаў. Страшна было тады. Усіх падазравалі. Слова нельга было сказаць.

Адкуль у паваеннай моладзі была сьмеласьць рабіць нешта насуперак рэжыму? Яны ж ведалі і разумелі, што такое сталінскі рэжым. Няўжо імі рухала толькі маладосьць і прага справядлівасьці? Ці было яшчэ нешта? Закладзенае ў школе?

— Маладыя гады былі цяжкія. Тры клясы польскай школы. Ад 39-га да 41-га — савецкая школа. Затым, у часе вайны была, як можна назваць... Чыста беларуская школа. Усё толькі на беларускай мове было ў часе вайны. Гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі, пісьменьнікі беларускія.

Ганна Ільлінічна Міцько, сястра аднаго з герояў, ціхая, з крыху недаверлівым позіркам сялянка, разгаварылася на гэтую тэму не адразу.

— За тое, што зналі і не данесьлі. Тым па 25 гадоў — і нашым па 25. Наш у Карагандзе быў, Слуцкі ў Іркуцку. Усё арыштавалі, усё забралі. Гамолка закапаў дзьве скрыні за хатай, пад вакном. Пасьля катавалі. Ён ня вытрымаў, расказаў. Прыехалі. Там агульных сшыткаў было дзьве скрыні.

— Няўжо ні ў кога ў памяці нічога не засталося? Няўжо вы ня памятаеце пару радкоў?

— А яны ж нам не паказвалі.

— Вы былі малыя.

— Малыя. І бацькам не паказвалі. Бацькі калгасьнікі, яны мала цікавіліся. Піша, піша. А што ён піша? Можа, школьную праграму піша. Ніхто ж ня ведаў.

Чаго маладым людзям не бракавала, дык гэта тэмаў для творчасьці. Іх новая ўлада падкідала кожны дзень. Пад радасныя песенькі з радыёрэпрадуктараў учорашніх вольных сялян заганялі ў калгасы. І вось якім чынам.

— Старшыня сельсавета такі Скапец быў. Гэта ж ён усё тварыў. Людзі не заплацяць падатак. Стаіць мяшок мукі, яны нагадзяць у гэтую муку. Во якія былі ўлады. Каму ты што скажаш? Вось тут у чалавека конь быў. Рашылі каня забраць. Дачка не давала. Ёй граблямі па руках. Кроў цячэ. Так яны забіралі каня. Многа такіх выпадкаў. Адбіралі ўсё.

Сусед Ганны Мікалай Нагіх, моцны, каржакаваты мужык — пляменьнік Аркадзя Слуцкага.


— Іх пасадзілі старшыня калгаса, старшыня сельсавета. Міцько напісаў верш, Гамолка намаляваў карыкатуру на Сталіна. І ім прыпісалі моладзевую арганізацыю.

— А арганізацыі фактычна...

— Не было.

Дык з-за чаго пайшлі ў лягеры гэтыя, па сутнасьці, дзеці? Што за карыкатуры яны малявалі?

— Самалёт ляцеў. Сталіна партрэт і манна сыплецца з самалёта. А сяляне стаяць на каленях, хлеба просяць. Штосьці такое было. Усё гэта сышло разам зь імі.

— Але яны пісалі і малявалі не для распаўсюду?

— Хто чуў, той дзе трэба сказаў. І ўсё.

Калі я слухаў, як арыштоўвалі Аркадзя Слуцкага, на той час ужо курсанта лётнай вучэльні, ня мог ня ўразіцца тонкасьцю і цынічнасьцю праведзенай апэрацыі. Быццам ня ўчорашняга школьніка затрымлівалі, а амэрыканскага агента. Колькі зорачак на МГБэшныя пагоны ён ім падараваў! Самае цікавае, што Аркадзь Слуцкі вершаў не пісаў і карыкатураў не маляваў. І мог на допыце, як кажуць, «адмазацца». Але не дазволіла прырода. Слова ягонаму пляменьніку.

— Арыштавалі ў цягніку «Харкаў — Калінінград». Выклікаў начальнік вучэльні. Сказаў, што маці хворая. Ён сеў у цягнік, яго і арыштавалі. Пагоны зьнялі. Прывезьлі ў Менск судзіць. Аддалі пагоны і рэмень. У гэты час заходзіць у цывільным. «Слуцкі, калі б вы ведалі, нам бы далажылі?» Кажа: «У мяне ўсё заняло. Сказаць „так“ — быў бы вольны». А ён сказаў «не». І тут жа пагоны сарвалі. Тут жа асудзілі. 25, і пайшоў.

— Хто больш вінаваты ў гэтых рэпрэсіях, на вашу думку? Таварыш Сталін? Органы МГБ? Ці стукачы на месцах?

— Гэта сыстэма. І гэтыя стукачы таксама, можа, ня так хацелі гэта рабіць. Нехта працаваў на гэту сыстэму. Гэта сыстэма.

Асабіста я лічу, што найперш віна ляжыць на стукачах. А ўжо затым на ўсіх астатніх. Менавіта стукачы кідаюць той першы каменьчык, які пазьней прымушае круціцца ўсю лёсаламальную машыну.


Іван Міцько

Калі табе дрэнна ў жыцьці
І ў сэрцы пануе трывога,
Старайся прычыну знайсьці
І ўспомні пра Бога.

Калі цябе скручвае злосьць
І ў злосьці ня бачыш нікога,
Падумай, што кожны з нас госьць,
І ўспомні пра Бога.

Калі ты зусім занямог
На цяжкіх жыцьцёвых дарогах,
Павер, што на сьвеце ёсьць Бог.
Успомні пра Бога.

Гэта верш беларускага праваслаўнага сьвятара Івана Іванавіча Міцько. Ён служыў у Маладэчне. Вёў казаньні на роднай мове. І выказваўся ў рэлігійных вершах. Пасьля лягера ў Комі да палітыкі Іван Міцько ўжо не вяртаўся. Яго сястра Любоў, інтэлігентная хударлявая спадарыня, назаўжды запомніла той вобшук 51-га.

— Я помню адно. Як папрыяжджалі і ў хаце ўсё рылі, шукалі. Вершы тыя знайшлі. Цэлая скрыня была тых вершаў. У нас вельмі многа было кніг даўнейшых. Бабуля была вельмі рэлігійная. Там не было нічога. Дзеці. Толькі школу паканчалі. Што яны там маглі? Пісалі, як калгас арганізоўвалі, як Сталін зьдзекаваўся. А другі маляваў добра. Мех на плячах у Сталіна, а зь меху кроў цячэ. Як зьнішчаў людзей. А тата нават чытаў гэтыя вершы. А мама казала: «Хай бы ты пакрычаў на дзяцей, што яны такое робяць».

Выдаў сяброў жыхар суседняй вёскі Громавічы Міхал Акушка. Па словах пані Любові, ён ня мог не супрацоўнічаць з МГБ.

— Адзін з тых, хто іх здаў, быў пры немцах, у часе вайны, супрацоўнічаў зь немцамі. І каб сябе загладзіць, ім здрадзіў.

Сястра іншага Івана, Ганна Ільлінічна Міцько, добра памятае гэтага чалавека.

— У яго мянушка «Белы» была. У яго за фэрмай быў хутар. У іх дзяцей не было. Так яны і памерлі. Дык ня толькі ж ён. Былі яшчэ некалькі чалавек, якія сачылі за кожным іхным крокам. Дзе зьбяруцца, што гавораць. А што ім хаваць было? Праўду пісалі. Ён іх там у лазьню зьбярэ. І пад парам, пад выпіўку. А хлопцы ж маладыя. Яшчэ ў 10-ю клясу хадзілі. Школьнікі. А той дзядзька ўжо гадоў пад сорак. Карацей, адтуль вэрбавалі такіх. Як вярнуліся тыя хлопцы, дык ён прыйшоў да нас: «Цётачка, а што мне рабіць? Хлопцы вярнуліся. А я ж іх закладваў кожны раз».
Як вярнуліся тыя хлопцы, дык ён прыйшоў да нас: «Цётачка, а што мне рабіць? Хлопцы вярнуліся. А я ж іх закладваў кожны раз»

Малая на той час Ганна часта езьдзіла з маці ў Менск. Рабіць перадачы ў «амэрыканку». Як цяжка спалучаюцца малюнак паваеннай сталінскай радасьці зь белымі кашулямі, духавымі аркестрамі, моднымі дамамі ў суправаджэньні бліскучых афіцэраў з малюнкам вялікай чаргі на вуліцы Ўрыцкага. Чаргі ва ўнутраную турму.

— А вы тады хадзілі з мамай перадачы насіць?

— Так.

— Гэта была чарга?

— Была чарга людзей. Трэба ж было заяву пісаць. Там жа правяралі ўсё. З вуліцы Ўрыцкага дзьверы такія жалезныя. Многа пісьменных людзей. І адвакаты, і пракуроры. Як разгаворацца там. Многа хто сядзеў.

Сястра Аркадзя Слуцкага Соф’я, мажная адкрытая гаспадыня, распавяла гісторыю, больш падобную да шчымлівага рамансу. Але ад гэтага менш драматычнай гісторыя ня стала.


— У яго была дзяўчына Зоя. І яна хацела да яго ехаць. Прыйшла да нас і кажа: «Я ўсё роўна да яго паеду». А маці — навошта табе ехаць у гэты Іркуцк? Там такі холад. А ці ўбачыш ты яго там? І яна яе адгаварыла. І тая не паехала. А Толя, які падпісаўся на Аркадзя, да яе таксама заляцаўся, зь ёй ажаніўся.

— Яна не паехала да Аркадзя і выйшла замуж за?..

— За гэтага Толю. Які падпісаўся на Аркадзя.

— А як Аркадзь, калі вярнуўся? Ён не хацеў помсьціць?

— Не. Мы, Слуцкія, не імкнуліся камусьці помсьціць. Бог ім судзьдзя. А Зоя тая нават сустрэўшыся зь ім была. Казала, што гатова Толю кінуць і перайсьці да Аркадзя. Ён сказаў, што для тваіх дзяцей я бацькам ня буду. Я ведаю дакладна, што Толя падпісаўся, каб Аркадзя пасадзілі. Каб Зойка яму засталася. Хіба можна было з-за дзяўчыны пайсьці на такое?
Я ведаю дакладна, што Толя падпісаўся, каб Аркадзя пасадзілі. Каб Зойка яму засталася

Насамрэч, помсьціць маладыя людзі зьбіраліся. Прынамсі аднойчы. Нават зьбіраліся, па блатным звычаі, лёсаваць у картачнай гульні, каму якая ахвяра дастанецца. Той вечар добра запомніў пляменьнік Аркадзя Слуцкага Мікалай.

— Хто стукач, цудоўна ведалі. І калі сабраліся, ім было абыякава. Яны хацелі ўсіх іх зьнішчыць. Яны сабраліся выпіць у нас, у Слуцкіх. Але мой дзед зайшоў у гэты момант і сказаў: «Хлопцы, жывіце. Хай будзе, як будзе. Не рабіце глупстваў. Не адны вы сядзелі». А яны ўжо выпілі і хацелі ў карты прайграць кожнага стукача. Хто каму. Адзін быў іхны аднагодак. Але адно «але». Маці кудысьці паехала. Сабрала ўсіх мацярок. І сказала: «Ня плачце. Нашы сьлёзы ім адальюцца. Нашы дзеці ўсе вернуцца». Да каго яна езьдзіла? Да якой варажбіткі ці што? Я ня ведаю. Але самае страшнае — што адбілася на іхных дзецях. Я ведаю ўсіх. Яны то дажывалі. Але дзеці іхныя вельмі страшна ўсе паўміралі. Дзеці стукачоў. Двое сьпіліся, адзін быў настаўнікам, другі юрыстам. У старшыні калгаса таксама дзеці паўміралі. І маланка аднаго забіла. Але да каго езьдзіла маці? І гэта страшна, што ўсё адбілася на дзецях. Трэба жыць. Яны ўсе пажаніліся. Ва ўсіх сем’і былі. Усе ўладкаваліся, усе працавалі. Па сутнасьці, яны пражылі сваё жыцьцё.

Яны выйшлі пра хрушчоўскай адлізе, у 57-м. Іван Ільліч Міцько быў інжынэрам-будаўніком у Менску. Іван Яблонскі — інжынэрам у Маладэчне. Вячаслаў Гамолка працаваў мастаком-афарміцелем. Аркадзь Слуцкі быў аграномам. А галоўны, Іван Іванавіч Міцько, стаў сьвятаром. Слова ягонай сястры.

— Як ён патрапіў у турму, зь ім разам быў нейкі немец. І брат сьніў статак кароў, які гналі па вёсках. І гэты немец сказаў: «Ты будзеш пастырам». Ён сьніў тыя вёскі, у якіх пасьля служыў.

Якое адкрыцьцё нас чакае, калі аднойчы адкрыюцца ўсе закрытыя архівы. Архівы ЧК, НКВД, МГБ і КГБ. Колькі выявіцца людзкіх гісторыяў, кожная зь якіх — гатовы раман. І колькі сапраўднай паэзіі нам адкрыецца. Бо, незалежна ад іх літаратурнай якасьці, тыя вершы вялікія. Бо яны аплачаны самым высокім ганарарам. У 25 гадоў. Беларускае вольнае слова цанілі тады высока. Таму гэтая гісторыя не канчаецца.