Зьнешні доўг Беларусі складае 12,4 мільярда даляраў, трэба яшчэ 8

Паводле экспэртаў Сусьветнага банку, зьнешні доўг Беларусі ўжо дасягнуў 12,4 мільярда даляраў. Дадатковыя патрэбы Беларусі ў замежным фінансаваньні складаюць да 8 мільярдаў даляраў.
Такая ацэнка прыводзіцца ў эканамічным аглядзе, які падрыхтавалі экспэрты Сусьветнага банку.

Да канца гэтага году Беларусі трэба будзе выплаціць 800 мільёнаў даляраў і больш за 3 мільярды ў будучым годзе па зьнешніх абавязаньнях, якія ў цэлым складаюць 12,4 мільярда даляраў. Новыя патрэбы Беларусі ў замежным фінансаваньні экспэрты Сусьветнага банку ацэньваюць у 8 мільярдаў даляраў.

Каб падтрымаць казну, беларускі ўрад ужо анансаваў скарачэньне выдаткаў сёлета на 1,85 мільярда даляраў і прыватызацыю, ад якой хоча атрымаць 4,5 мільярда даляраў да канца будучага году. Атрымаўшы ад МВФ 3,5 мільярда ў 2009–2010 гадах, Беларусь просіць у фонду новы крэдыт на такую ж суму для рэфінансаваньня зьнешніх даўгоў.

Новыя пазыкі не разьвязваюць эканамічных праблем, а адкладаюць іх вырашэньне па потым.

Сяргей Чалы

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць палітыку новых зьнешніх пазык для пакрыцьця старых вельмі небясьпечнай, асабліва ва ўмовах замаруджваньня росту ВУП і істотнага падзеньня экспарту:

«Усіх хвалюе ня столькі сума дзяржаўных запазычанасьцяў краіны, колькі здольнасьць яе выплачваць гэты доўг. Праблемы сапраўды наступаюць, калі трэба абслугоўваць пазыкі. І пікам пагашэньня старых даўгоў для Беларусі сталі 2013 і 2014 гады, калі трэба завяршаць выплаты доўгу МВФ і даўгоў Расеі 2007–2008 гадоў. У цяперашніх эканамічных умовах, калі зьявіліся праблемы з экспартам і эканамічным ростам, гэта складае істотную праблему — дзе знайсьці грошы. Іх трэба альбо аддаваць, альбо рэфінансаваць», — заявіў Свабодзе спадар Чалы.

Паводле Сяргея Чалага, калі беларускаму ўраду ўдасца знайсьці новыя крэдыты для аплаты старых даўгоў, яны будуць выдавацца на горшых умовах, пад вышэйшыя працэнты«:
Беларусь будзе вымушаная больш танныя даўгі кампэнсаваць больш дарагімі

«Крэдыты ніжэй за 7 працэнтаў знайсьці наўрад ці ўдасца. Выходзіць, што Беларусь будзе вымушаная больш танныя даўгі кампэнсаваць больш дарагімі, гэта значыць — адкладаць праблемы на потым. Дый крэдыты пойдуць не на рост эканомікі, а на рэфінансаваньне даўгоў. Гэта як пазычаць грошы ад заробку да заробку, чым мы толькі пагаршаем сваё становішча».

Паводле Міністэрства фінансаў Беларусі, узровень зьнешняга дзяржаўнага доўгу пакуль што не выходзіць па-за межы парамэтраў эканамічнай бясьпекі — 18,7% ад ВУП пры парогавым значэньні крытэра эканамічнай бясьпекі 25% да ВУП.

Мінэканомікі Беларусі не выключае, што зьнешні дзяржаўны доўг краіны за 2013 год можа вырасьці да 17 мільярдаў.