19-26 кастрычніка — тыдзень памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсіяў

Грамадзянская ініцыятыва «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» распачынае шэраг акцыяў да Дня памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсіяў 29 кастрычніка.
Зь 19 па 26 кастрычніка сябры ініцыятывы правядуць трэцюю сёлета талаку ва ўрочышчы Курапаты. Талака распачнецца 19 кастрычніка а 12.00 (месца збору — Крыж Пакуты). У будні пачатак працаў а 16-й. А 26 кастрычніка — а 12-й.

28 кастрычніка а 14-й у офісе Партыі БНФ адбудзецца брыфінг, прысьвечаны праблеме ўшанаваньня памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсіяў. У ім возьмуць удзел прадстаўнікі беларускай філіі міжнароднага таварыства «Мэмарыял», прадстаўнікі ініцыятываў «За ўратаваньне мэмарыяла «Курапаты» і «Хрысьціянскі Рух».

У Дзень памяці ахвяраў таталітарных рэпрэсій, 29 кастрычніка, адбудзецца жалобны марафон па мясьцінах масавых расстрэлаў 30-40-х гадоў у Менску і ваколіцах. Удзельнікі наведаюць Кальварыйскія могілкі, Лошыцу, Трасьцянец, парк Чалюскінцаў. Увечары ва ўрочышчы Курапаты адбудзецца набажэнства ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.


Даведка Свабоды — Курапаты


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было дасьледавана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.