Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купрэйчык: Курапаты заслугоўваюць мэмарыялу, ня горшага за Хатынь


Віктар Купрэйчык
Віктар Купрэйчык
Кангрэс Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў (FIDE), які завяршыўся ў Таліне, пастанавіў уключыць у сваю Залю славы выбітнага беларускага шахматыста Віктара Купрэйчыка. Такім чынам ацэненыя заслугі беларуса, які ў 28 гадоў атрымаў званьне міжнароднага гросмайстра, а ў 30 стаў гросмайстрам FIDE. У свае 64 гады Віктар Купрэйчык застаецца адным зь лідэраў беларускіх шахматаў.

Віктар Купрэйчык — пераможца і прызэр больш як 70 міжнародных турніраў у складзе зборных камандаў СССР і Беларусі. У 1980-я ўваходзіў у камандны штаб аднаго з наймацнейшых шахматыстаў сьвету Васіля Смыслова, якому супрацьстаяў малады вундэркінд Гары Каспараў.

Спадар Віктар кажа, што пра пападаньне ў Залю славы Міжнароднай фэдэрацыі шахматаў даведаўся з інтэрнэту — пэрсанальнага запрашэньня на кангрэс у Эстонію яму не было. Але цяпер ён першы і адзіны беларускі шахматыст, які атрымаў такі гонар:

«Вядома, усё гэта было абсалютна нечакана. Зь іншага боку, маё ўжо немаладое славалюбства гэтая навіна, безумоўна, узбудзіла. Прыемна, што і казаць, падзея адметная. Жыцьцё ўдалося, можна, напэўна, і так падсумаваць. Перадусім шахматнае жыцьцё, я маю на ўвазе».

Усе апошнія гады Віктар Купрэйчык ня толькі займаецца шахматамі, але і пасьлядоўна адстойвае грамадзянскую пазыцыю. У 1997 годзе ён стаў парушальнікам спакою, прагаласаваўшы «супраць» і аргумэнтаваўшы з трыбуны сваю нэгатыўную думку адносна таго, каб замест заўчасна памерлага прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ўладзімера Рыжанкова вакантнае месца заняў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка.

Учынак адметны: са 117 удзельнікаў сэсіі 114 аддалі галасы за Лукашэнку, адзін устрымаўся, і толькі двое — Віктар Купрэйчык і гімнастка Алена Валчэцкая — засталіся «супраць». Сам Купрэйчык сваё рашэньне тлумачыць не асабістым непрыняцьцем Лукашэнкі, а неабходнасьцю выконваць прынцыпы Алімпійскай хартыі. У дакумэнце наўпрост сказана: пасаду ня могуць займаць людзі, якія знаходзяцца ў афіцыйных званьнях. Бо на чале з прэзыдэнтам краіны камітэт непазьбежна ператворыцца ў дзяржаўную ўстанову. У выніку так і адбылося — НАК Беларусі пазбаўлены самастойнасьці і цалкам падпарадкаваны волі аднаго чалавека. Ці не зьмянілася пазыцыя за паўтара дзясятка гадоў, ці слушны быў той учынак?
Цяпер як паглядзіш, то спортам камандуюць то танкісты, то пажарныя

«Так, ні ў якім разе нічога не памянялася. Наадварот, мая пазыцыя толькі ўмацавалася, стала нават больш жорсткай. Фактычна здарылася тое, пра што я і папярэджваў. Цяпер як паглядзіш, то спортам камандуюць то танкісты, то пажарныя. А сапраўды разумныя хлопцы, алімпійскія чэмпіёны выкінутыя на ўзбочыну, іх да кіраваньня спортам проста не дапускаюць. Разумееце, у чым бяда? Яскравы прыклад Уладзімера Парфяновіча. А рашэньні, якія прымаюць людзі, бясконца далёкія ад спорту, дык яны зачастую проста валюнтарысцкія. Гэта як адзін ужо былы начальнік, экс-міністар Качан раіў хакеістам: трэба ў кроў разьбіваць твар, каб дамагчыся перамогі. Ну дык гэта ж сьмеху варта: каб ён сам хоць раз атрымаў шайбай у твар, напэўна, такога не гаварыў бы. Усе гэтыя „давай, давай“ не прыносяць спорту ніякай карысьці».

Віктар Купрэйчык — рэдкі прадстаўнік беларускага спорту, які мае выразнае стаўленьне да нацыянальнай ідэнтычнасьці беларусаў. Бадай, гэта адзіны спартовец, які наведвае Курапаты. На яго перакананьне, спробы дзяржаўных ідэолягаў адгарадзіцца ад сталінскіх рэпрэсіяў яскрава дэманструюць унутраную сутнасьць цяперашняга палітычнага рэжыму, а намер узьвесьці побач забаўляльны комплекс не ўкладаецца ні ў якія рамкі маральнасьці:
На жаль, у нас тыя чыноўнікі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў, яны больш думаюць пра сябе любімых

«Ня буду сьцьвярджаць — адзіны ці не адзіны спартовец — але там сапраўды бываю. І бываць там трэба ўсім, каму неабыякавая Беларусь. На жаль, у нас тыя чыноўнікі, ад якіх залежыць прыняцьце рашэньняў, яны больш думаюць пра сябе любімых. Гэта тычыцца ня толькі першай асобы, але і іншых, хто інтэграваўся ў вэртыкаль улады. І паміж клопатам пра сябе гэтыя людзі зусім забываюцца пра нашу гісторыю, пра наш трагічны лёс на пэўным этапе. Таму мэмарыял у Курапатах абавязкова патрэбен, і ён павінен быць прынамсі ня горшы, чым у Хатыні. Таму што таксама трагедыя. Дый пра што казаць? А як забыліся пра Васіля Быкава, як такое ўвогуле магчыма? Проста бескультур’е, мы падкрэсьліваем сваю дрымучасьць. Зрэшты, ня мы, не беларускія людзі, а менавіта вышэйшае кіраўніцтва, якое на ўсіх паверхах дэманструе сваю неадукаванасьць».

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Віктар Купрэйчык падтрымаў Уладзімера Някляева — прэтэндэнта на вышэйшую пасаду ад грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Кажа, што прыхільнікам Някляева сымпатызуе дагэтуль і заўсёды гатовы падтрымаць парадай у добрым пачынаньні:

«Так, з „Гавары праўду“ кантактую. Але, ведаеце, гэта ўсё ж справа больш маладых, энэргічных людзей. Такія, як я, адносяцца да пакаленьня, якое ўжо адыходзіць, на жаль. Але калі раптам камусьці спатрэбіцца нейкая парада, то, само сабой, параю, падкажу. Мая грамадзянская пазыцыя застаецца нязьменнай: мы, шахматысты, хоць і любім рабіць нейкія высновы, нешта пралічваць наперад, але пазыцыю, як правіла, не зьмяняем».

Знаўцы шахматаў характарызуюць Віктара Купрэйчыка як гульца яскравага камбінацыйнага стылю з багатай фантазіяй і нешаблённым мысьленьнем. Ён дагэтуль удзельнічае ў турнірах для вэтэранаў, зьбіраючы вышэйшыя тытулы на эўрапейскіх першынствах сярод «сэньёраў» — тых, каму за 60.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG