Марголін: «Наступствы забароны валютных дэпазытаў былі б самыя кашмарныя»

Леў Марголін

Аўтар артыкулу ў дзяржаўнай газэце «Рэспубліка», якая зьяўляецца органам Савету Міністраў, прапанаваў цалкам забараніць валютныя дэпазыты. Ці магчыма, што такія ідэі могуць спадабацца эканамічнаму кіраўніцтву краіны? Што можа адбыцца зь беларускімі фінансамі і курсам нацыянальнай валюты ў выпадку забароны валютных дэпазытаў? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леў Марголін.

— Журналіст газэты Рэспубліка напісаў пра тое, што варта забараніць валютныя дэпазыты і больш актыўна праводзіць палітыку дэдалярызацыі. Маўляў, чамусьці беларусы зусім не давяраюць нацыянальнай валюце і варта іх падштурхнуць да гэтага. Ці магчыма, што такія ідэі могуць спадабацца эканамічнаму кіраўніцтву краіны, ці гэта проста меркаваньне асобнага журналіста?

— Я думаю, што эканамічнаму кіраўніцтву краіны, і ў першую чаргу супрацоўнікам банкаў, такія думкі могуць зьявіцца толькі ў кашмарным сьне. Цяпер на замежных дэпазытах насельніцтва трымае каля 6 мільярдаў даляраў. І калі гэтыя дэпазыты забараніць, то насельніцтва адрэагуе вельмі проста — яно перавядзе грошы зь беларускіх банкаў у трохлітровыя шкляныя банкі. Таму я думаю, гэта проста няўдалае меркаваньне асобнага журналіста.

— Калі ўсё-такі ўявіць сытуацыю, што такое рашэньне будзе прынята — якія наступствы яно будзе мець для беларускіх фінансаў і курсу рубля?

— Наступствы будуць самыя кашмарныя. Людзі пабягуць здымаць грошы з дэпазытаў. А яны даўно ўкладзеныя ў крэдыты прадпрыемстваў, ідуць на аплату гандлёвых кантрактаў. Гэта выклікала б такую паніку, што з гэтым нават не параўналіся б падзеі 2011 году. Тады, нягледзячы на ўсё тое, што адбывалася, ніхто не забараніў валютныя дэпазыты і не забаранялі здымаць грошы з валютных дэпазытаў.

— Але прыхільнікі такога рашэньня могуць сказаць, што ў многіх цывілізаваных краінах можна трымаць грошы ўнутры дзяржавы толькі ў нацыянальнай валюце.

— Дык павінен быць давер да нацыянальнай валюты! Калі ў нас да такога дойдзе, то адказ народу будзе адзін — межы пакуль адчыненыя, і ня толькі тыя, хто даўно працуе за мяжой, але і многія іншыя кінуцца бегчы з гэтай краіны.