Пасьля вайны ў Беларусі дзейнічала некалькі антысавецкіх падпольных арганізацый. Найбольш вядомыя зь іх — Саюз беларускіх патрыётаў, створаны глыбоцкай і пастаўскай моладзьдзю; Саюз вызваленьня Беларусі, што дзейнічаў у Наваградку; мядзельска-смаргонскае моладзевае антыкамуністычнае падпольле. Але Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі, арганізаваны ў 1946-м годзе на Нясьвіжчыне Іванам Раманчуком, вылучаецца сярод астатніх падобных арганізацый. Бо ў большасьці маладых беларускіх падпольшчыкаў асноўнай формай барацьбы было слова. Агітацыя, вусная ці праз улёткі. А вось арганізоўваць калгасы ў 40-х гадах пад Нясьвіжам было небясьпечна для жыцьця.
Асоба Івана Раманчука з публікацыяў беларускіх гісторыкаў Ігара Мельнікава, Алега Гардзіенкі вымалёўваецца досыць гераічная. Паводле адукацыі — настаўнік. Падчас нямецкай акупацыі ён у «Беларускай народнай самапомачы» — арганізацыі, якая аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Па вайне працаваў настаўнікам у Нясьвіжы. Але інструктарства ў БНС не засталося па-за ўвагай органаў Міністэрства дзяржбясьпекі. І малады настаўнік сыходзіць у лес. Летам 1946-га году ў ваколіцах вёскі Саская Ліпа адбываецца ўстаноўчы сход Саюзу змаганьня, мэтай якога была падрыхтоўка палітычных сілаў, якія ў выпадку новай вайны меліся выступіць за незалежнасьць краіны. На рахунку гэтай арганізацыі не адно жыцьцё. Ад старшага опэрупаўнаважанага Нясьвіскага раённага аддзелу МГБ Ёсіфа Гейсіка да шараговых актывістаў. Ці ня толькі? Кім быў гэты чалавек з падпольнай мянушкай «Ястраб»? Змагаром ці бандытам? Каб наблізіцца да адказу, я паехаў у Баяры, родную вёску Івана Раманчука, каб паслухаць тых, хто яго ведаў жывым.
Баяры — невялікая вёсачка ў адну пакручастую вуліцу. На маё зьдзіўленьне, першая сустрэтая мною пажылая спадарыня, былая настаўніца, адразу ж адрэагавала на прозьвішча Раманчук.
— Ён быў граматны чалавек. Скончыў гімназію пры Польшчы. Пры немцах ён пайшоў у Самапомач. А як прыйшлі нашы, ён з Дэмухам... Я вучылася тады ў пэдвучылішчы. І мы іх баяліся. Бо машын не было. Мы пешкі бегалі. Мы вельмі баяліся Дэмуха і гэтага Раманчука.
— А чаго вы баяліся?
— Бо яны спынялі, бывала, людзей. Яны ж у Саской Ліпцы пяць чалавек застрэлілі. Там сход быў. Прыйшлі актывісты савецкія. Сход праводзіць. А тыя ўскочылі і застрэлілі іх. Яны як бандыты былі.
— Пяць чалавек прыежджых?
— Прыежджых, зь Нясьвіжа. Актывістаў савецкіх.
— Былі людзі, якія ім спачувалі?
— Не, не было.
Цікава, што ўсю кроў былая настаўніца прыпісвае іншаму ўдзельніку арганізацыі, ураджэнцу вёскі Квачы — Мікалаю Дэмуху. А Івана Раманчука характарызуе вельмі станоўча.
— Ён быў інтэлігентны, харошы чалавек. Забойствамі ён не займаўся.
— Як ён выглядаў?
— Высокага росту, хударлявы. Твар маладжавы. Ён быў харошы чалавек, ён ня быў бандытам. Ён быў кроўны беларус. Быў культурны. Сустрэнесься, пагаворыш. Культурны чалавек. Нікому зла не жадаў. А як насамрэч, ня ведаю.
80-гадовы Ўладзімір Грушнік, усьмешлівы, хітраваты таўстун на прозьвішча Раманчук адрэагаваў адным словам: БНС.
— А, гэты, з БНСа? Такая клічка была ў яго.
— БНС?
— Так. Там яны жылі. Іх дом пасьля зьнесьлі. Бандытызмам яны займаліся. Іх многа было. Быў з Квачоў Дэмух.
— Людзі ведалі, што яны ў лесе...
— Чаму ж ня ведалі? Ведалі. Але ўсе баяліся гаварыць. Таму што выкажаш сваю думку, на вуліцы недзе пачуюць, адзін аднаму скажуць. Ноччу прыйдуць, застрэляць, і ўсё. Не выказваліся. Тады МГБ мела ўладу вялікую.
Ніла Уладзіміраўна Грушнік, спадарыня гаваркая і гасьцінная, прыязна запрасіла мяне ў хату, дзе старанна спрабавала ўзгадаць усё, што памятае пра Раманчука.
— Гэта гэты, што хацеў Беларусьсю кіраваць?
— Што значыць «Беларусьсю кіраваць»?
— Начальнікам хацеў быць беларускім. Па-беларуску гаварыў і ўсіх арганізоўваў. Пры немцах. Хацеў быў самым галоўным.
— Ён жа да вайны быў настаўнікам.
— Настаўнікам. А далей бандытам. Ён у Квачох з кулямётам пяць чалавек расстраляў. І лавіла яго ахова. А ён уплаў у рэчку. У Саскай Ліпцы ў яго дзеўка была. Там хаваўся. А злавілі недзе ў Баранавічах у сабачай будцы. У спадніцы, у хустцы.
Насамрэч Івана Раманчука ўзялі летам 49-га году з боем, на адным з хутароў пад Нясьвіжам. З боку падпольшчыкаў было 7 чалавек. Чатыры зь якіх былі забітыя. Узяць удалася толькі трох параненых, у тым ліку і Раманчука. Ніякіх сабачых будак і жаночых сукенак. Цікава, адкуль гэтая апэрэтка? Ці не з МГБ?
— А дакладала, яе хата была пасярэдзіне сяла, суседка міліцыі дакладала. Ёй грошы плацілі. Яна праз вакно дакладала, калі ён да бацькоў прыходзіць. Дык аднаго хлопца забілі каля ганка. Гэты бандыт, як бацькі адкрывалі дзьверы яму, ён за дзьверы схаваўся. Тыя пайшлі ў хату, а ён з-за дзьвярэй і гэтага Ананіка забіў. І пабег пад сваё гумно па сяле. А там другі стаяў каля гумна. І таго забіў. Іван Раманчук забіў гэтых двух нашых, што шукалі яго.
— Яны былі міліцыянты?
— Страбкі называлі іх. Яны нашыя, свае хлопцы.
Іх называлі «Ястрабкі». Тых супрацоўнікаў МГБ, што ваявалі супраць антысавецкага падпольля. Дзіва, што яго не забілі тады ў 49-м. Бо помсьціць, як вынікае са словаў старой Нілы, прычына была не адна. Увогуле, можна сказаць, што сябрам «Саюзу» пашанцавала. Бо ад траўня 1947-га году да студзеня 1950-га дзейнічаў сталінскі ўказ аб адмене сьмяротнага пакараньня. І судзілі іх менавіта ў гэты прамежак часу. Пратрымайся яны яшчэ год — і «вышкі» ім бы не пазьбегнуць. А вось каму сапраўды не пашанцавала, дык гэта суседзям і сваякам падпольшчыкаў. Толькі з Баяр у ГУЛАГ адправіліся 25 чалавек.
— У яго і друкавальная машынка была на хутары. У нас жа з Баяраў 25 чалавек былі ў турме. Ім давалі па 25 гадоў, адседзелі па сем. З-за яго. Што ён наш. І начаваць яго пускалі. Пастукаецца ў акно. Пусьцяць. Бо свой. А ня пусьціш, дык застрэліць. Дзядзька Серафім яго падстрэленага насіў на плячах. А як не панясеш, то застрэлю. І таму дзядзьку Серафіму 25 год далі. І дзядзьку Івану далі 25. Бо ён яго пусьціў нешта друкаваць на машынцы друкавальнай.
— Нейкія ўлёткі?
— Ну, мусіць жа ж.
— А вы яго помніце? Які ён быў зьнешне?
— Высокі. Прыгожы. Чарнявы. Яго злачынцам зрабілі, як сталі яго лавіць, шукаць. А зразу ён ніякіх злачынстваў не вырабляў. А як сталі за яго брацца, дык і ён пачаў.
— Ён ахвяра абставін?
— Ну, гэтак.
Разьвітаўшыся з пані Нілай, я накіраваўся далей. На вуліцы мне сустрэўся вясёлы і задаволены жыцьцём пажылы мужык. Мікалай Гарбуз ішоў на мэхдвор, дзе працуе вартаўніком. Але падзяліўся сваім меркаваньнем наконт Раманчука і Дэмуха. Сымпатыі вартаўніка былі адназначна на іхнім баку.
— З Дэмухам у іх банда была нейкая.
— Гэта быў харошы чалавек ці кепскі?
— Харошы. А Коля, ён жа ж афіцэрам быў, капітанам. Два ордэны меў. НКВДэшнікі як пачалі яго... Ён і ўцёк. Яны тут нікога не забілі. Ня чуў я такога. Ты ж разумны чалавек. Ты ж павінен разумець, што такое НКВД. Берыя, Цанава тут быў, падла...
Вясёлы антысталініст пайшоў на працу, а я кіраваўся ў Саскую Ліпу.
У маленькай вёсачцы Саскай Ліпцы ёсьць вуліца Петрачкова. Больш вуліцы, названай у гонар гэтага чалавека, нідзе ў сьвеце няма. Кім жа быў гэты чалавек? Можа, партызанам? Ці салдатам, які загінуў, вызваляючы Саскую Ліпку? Адказ я знайшоў у гутарцы з карэннай жыхаркай вёскі, Леакадыяй Корсак. Леакадыя Юр’еўна сёлета адсьвяткавала соты юбілей.
— Я зараз ехаў па вуліцы Петрачкова. Хто такі быў Петрачкоў?
— Настаўнік, здаецца. Ён езьдзіў па хатах. У каго-небудзь што-небудзь выпытае. Падае, што ты кепскі, што ты такі.
— Ён быў даносчык?
— Так, даносчык.
— І яго забілі?
— Так, забілі тут. Былі хутары яшчэ. І ён заходзіў у адну хату. Там яго падгледзелі і застрэлілі.
— А хто яго застрэліў?
— Ня ведаю.
— А вам вядомае імя Іван Раманчук?
— Я чула пра яго. Хадзіў гэтакі. Я ня ведаю, як яго назваць... Бандыт.
Напрыканцы 40-х гадоў тут забілі ня толькі даносчыка Петрачкова. Суседняя вёска Квачы недалічылася многіх сваіх жыхароў. Яны загінулі ад рукі ўраджэнца Квачоў Мікалая Дэмуха. Што прывяло ў лес стваральніка падпольнай арганізацыі Івана Раманчука, былога інструктара БНС, зразумець можна. А вось Мікалай Дэмух — былы франтавік, ардэнаносец. Гэтага чалавека добра памятаюць квачоўцы Клаўдыя Язэпаўна Глобаш да Іван Аляксандравіч Шлык.
— Ён страляў. Быў такі начальнік Гэйсік. Івашка быў, старшыня калгаса. Тут у сельсавеце. Паштальёна разам зь імі забіў.
— І паштальёна?
— Так.
— Ён быў ідэйны праціўнік савецкай улады?
— Ён за тое страляў, што ў яго разбамбілі ўсю рыбу, самагонку.
— Ён ім помсьціў.
— У яго была свая рыба.
— У яго ўсё адабралі. А ён быў харошы. У яго і хата, і пчолы.
— Яго разарылі.
— З-за гэтага ён стаў бандытам. Пачаў помсьціць.
Бяда франтавіка Дэмуха ў тым, што ён не зразумеў сэнс слова «калектывізацыя». Ён меў сваю сажалку, сваю пасеку і нават свой маленькі бровар. Тое, чаго мець ужо было нельга. Невысокая сялянка з сумнымі вачыма Соф’я Пазьняк — дачка аднаго з тых людзей, каго забіў Дэмух. Забіў з-за рыбы.
— Гэта ж майго бацьку застрэлілі.
— Вы што?
— Быў такі бандыт у нас, Дэмух. Дзе жоўтая хата, тут быў сельсавет. Майго бацьку забіў, у Баярах некага, кругом ён страляў людзей. Хто яму не падабаўся, тых ён і страляў.
— А за што?
— А хто ведае, за што. Быццам у яго, у Дэмуха, было возера. І нібыта мой бацька з братам лавілі рыбу. І за тую рыбу ён нашых пабіў. Многа ён тут пазабіваў людзей. Ён з-за плота. А бацька спаў пад вакном. Выглядзеў і выстраліў. І куля ў дзьвярах засела. Мы ўжо памянялі. Тых дзьвярэй няма ў нас. Доўга была тая дзірка. Даставалі тую кулю. Вось такія справы былі ў нас.
— Ён страляў у чалавека, які спаў?
— Так. Увечары. У нас некалі, як вечар, усе дзяругамі вокны закрывалі. Каб нідзе ніхто ня бачыў, што ў хаце робіцца. Малых у нас было чацьвёра, усе на печы. Пасьля мама памерла ад тубэркулёзу, нас баба гадавала. Вось такія справы.
А што вынесьлі тыя, хто быў арыштаваны сьледам за Дэмухам? Якія мэтады ўжывалі супрацоўнікі МГБ не на далёкай Лубянцы, а ў правінцыйным Нясьвіжы? Слухаем Клаўдзію Глобаш.
— Далі яму 25 гадоў. І далі тым, у каго ён еў, у каго піў, хто яму зашываў. Гэтыя ўсе сядзелі за яго. У каго ваду піў, у каго так зайшоў. І моцна каралі. Адна казала, Аксеня Філіпава, што саджалі на гэтакае крэсла, што чаго ня знаеш, а ўсё раскажаш. Бо трасе токам. На электрычнае крэсла. Казала, што есьці не давалі. А спаць? Гэтакія ямы. І вады да халеры, у гэтых ямах. І стаіш. Як вочы сплюшчыў, патруль лазінаю па лбе. «Ня сьпі. А прызнавайся». Прызнаесься? Цябе адпраўляюць у лягер на работы. А есьці? Што ў нас, не раўнуючы, сабака еў, то і яны елі. Казалі: «Ізьменшчыкі родзіны».
— Гэта ўсё тварылася ў нясьвіскай турме?
— У нясьвіскай турме.
Марыя Дзярнова, худая, стомленая старая, калісьці, бачна па рысах твару, была прыгажуняю. Яна з тых шматлікіх, хто быў у ГУЛагу па справе «Саюзу змаганьня». І з тых нешматлікіх, хто дажыў да нашых дзён.
— Нармальныя людзі былі. Гэты Дэмух маёй маме нейкі далёкі сваяк. Ён быў вельмі харошы чалавек. Гадаваў рыбу. Наш сваяк. Там потым не разьбіраліся. Як я сядзела ў турме, яны пыталі: «Які ён вам сваяк?» А я ня ведаю. Я кажу: «Пытайцеся ў мамы». А пасьля забралі тату, і брата, і маму. А тыя НКВДэшнікі, што Дэмуха лавілі, яны ў нас начавалі. У хаце. А потым забралі нас.
— А яны былі людзі свае?
— Беларусы, так. Тату першага забралі. Пасьля адпусьцілі. Сказалі, што невінаваты. А мяне забралі і завезьлі аж у Горкаўскую вобласьць. На лесапавале была. Быў лягерочак, і я там была брыгадзірам. Пасьля расканваіравалі былі, у грыбы хадзілі, касілі. Усяго было. І мне за гэта налічылі ў трайным памеры стаж. Бо лічылася, што мы невінаватыя. 10 год далі, я 6 адседзела. Ой, пацярпелі. Галодныя былі, халодныя. На лесапавале. Той работы няма, якой бы я ня ўмела. Усё перарабіла. І вось засталася адна. Мужык памёр.
— А вы дзецям і ўнукам расказвалі, што вы былі ў лягеры? Што тут чынілася пасьля вайны?
— Не.
— Чаму?
— А хто мяне пытаўся? Унукам нецікава, дзе я была.
— Як так? Павінны ж ведаць, хто такія бальшавікі, хто такі Сталін. За што бабуля сядзела. Ні за што.
— Мой ты чалавек мілы. Хто ў нас, у сельскіх... Мае ўсе ў Мінску. А я адна засталася. Каратаю да сьмерці.
Яе ўнукі, якія жывуць у Менску, хутчэй за ўсё, носяць піянэрскія гальштукі. Хутчэй за ўсё, езьдзяць на «Лінію Сталіна». Хутчэй за ўсё, не разумеюць сэнсу слова «ГУЛАГ». Хутчэй за ўсё, не гавораць на мове сваёй бабулі. І тым больш нічога ня ведаюць ні пра існаваньне «Саюзу змаганьня», ні пра допыты ў МГБ, ні пра забітых «ястрабкоў», ні пра тую вайну пасьля вайны. І ці не таму ў беларусаў сёньня праблемы, што старая Марыя Дзярнова не расказала ў свой час унукам пра сваё жыцьцё?

Пастукаецца ў акно. Пусьцяць. Бо свой. А ня пусьціш, дык застрэліць