Багданкевіч: Беларусі трэба прасіць у МВФ каля 10 мільярдаў

Станіслаў Багданкевіч

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч лічыць, што Беларусі давядзецца прасіць у МВФ каля 10 мільярдаў даляраў.
«Але я маю на ўвазе, каб гэта было расьцягнута на 3–5 гадоў. Але сёньня ўжо такія парамэтры трэба ставіць, калі ўрад наважыцца на рэформы, на стабілізацыю, на абмежаваньне інфляцыі да 3–5% і гэтак далей. Можна, вядома, і 3–5 мільярдаў. Але мы ўжо атрымалі ў МВФ 3,5 млрд і 3 млрд у Расеі, і зноў просім. Дык можна было адразу прасіць больш важкі крэдыт, але пад больш важкую, правяральную праграму рэформаў і праграму фінансавага аздараўленьня».

Паводле Багданкевіча, сёлета ўжо наўрад ці будуць шанцы атрымаць крэдыт МВФ.

«Але калі падрыхтуюць і ўзгодняць праграму рэфармаваньня эканомікі, то шанцы зьявяцца. Калі паглядзець сумную пастанову Савету міністраў і Нацбанку, то яны намецілі некаторыя пляны па аздараўленьні фінансаў, па абмежаваньні крэдытаваньня, вызначылі ліміты банкаўскага крэдытаваньня да канца году і ў наступным годзе. То бок я зразумеў, што нейкія пляны па аздараўленьні ўладамі намячаюцца. І гэта можна лічыць і як крок па падрыхтоўцы перамоваў з МВФ».

Карэспандэнт: «Абяцаньняў было шмат з боку афіцыйнага Менску, але ці ўсе яны рэалізуюцца?»
Тут ёсьць і віна МВФ. Ня трэба даваць адразу вялікія сумы пазыкаў Беларусі

Багданкевіч: «Але тут ёсьць і віна МВФ. Ня трэба даваць адразу вялікія сумы пазыкаў Беларусі. Трэба расьцягнуць гэтыя пазыкі на доўгі тэрмін, скажам, на 3–5 гадоў. І па меры выкананьня праграмы даваць чарговы транш. Гэта ўсё магчыма. Калі будуць выконвацца пляны, будуць выдзяляцца рэсурсы з МВФ. А зьвяртацца ў фонд Беларусь мае поўнае права, бо зьяўляецца сябрам гэтага фонду, яна ўнесла свой капітал у гэты фонд. Трэба толькі ўзгадніць праграму мадэрнізацыі. Зрабіць мадэрнізацыю і палітычную, і адміністратыўную, і эканамічную, і банкаўскую. І пад гэтую мадэрнізацыю атрымаць законную, патрэбную нам падтрымку МВФ. Прычым крэдыты МВФ — самыя спрыяльныя для разьвіцьця краіны, яны самыя льготныя і танныя. Мы не трапляем ні ад кога ў залежнасьць. Толькі трэба выконваць праграму. Калі мы крэдыты атрымліваем ад Расеі, то мы рызыкуем страціць уласнасьць на карысьць расейскіх алігархаў. Калі мы атрымліваем крэдыт ад МВФ на доўгі тэрмін, пад ільготны, танны працэнт, мы рызыкуем толькі невыкананьнем пляну і больш нічым».

Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Дэвідам Гофманам з 17 па 28 кастрычніка правядзе ў Беларусі пяты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі. Гэта зьвязана з завяршэньнем у канцы сакавіка 2010 году праграмы стэнд-бай МВФ.