Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускія ўлады раптам загаварылі пра рэформы?


Беларускі ўрад і Нацбанк прынялі сумесную пастанову, якая прадугледжвае эканамічныя рэформы. У чым прычыны зьяўленьня гэтага дакумэнту? Як можна ацаніць зьмест плянаваных рэформаў? Ці зможа ўрад рэалізаваць свае намеры?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.


У чым прычыны зьяўленьня дакумэнту аб рэформах?


Валер Карбалевіч: «Звычайна пра рэформы пачынаюць гаварыць тады, калі справы ў эканоміцы ідуць дрэнна. Яшчэ на пачатку году Лукашэнка адмятаў усе такія размовы, раскрытыкаваў урад за прыхільнасьць да прыватызацыі, увесь акцэнт рабіўся на мадэрнізацыю.

І вось у канцы году сытуацыя зьмянілася. У сумеснай пастанове ўраду і Нацбанку ад 10 кастрычніка прадугледжаны шэраг перамен у эканамічнай палітыцы, якія ў дакумэнце названыя рэформамі. Чаму раптам? Якія прычыны, што ўлады зьвярнуліся да рэформаў?»

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Зьміцер Крук
Зьміцер Крук
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Леанід Злотнікаў: «Сапраўды так. Калі трэба знайсьці грошы, то ўзгадваюць пра рэформы. Паводле маіх разьлікаў, гэтым годам не хапае каля 4 млрд даляраў. Зь сярэдзіны году ўжо пачалі зьмяншацца нашыя золатавалютныя рэзэрвы. За верасень яны зьменшыліся на 370 млн даляраў. Усё гэта і вымушае ўрад штосьці знаходзіць».

Зьміцер Крук: «Не пагаджуся з тэзісам, што рэформы заўжды праводзяцца на тле дрэннага эканамічнага становішча. Калі гаворка ідзе пра рэформы, а не пра іх імітацыю.

У Беларусі рух у кірунку рэфармаваньня адбываўся на мяжы 2007–2008 гадоў. То бок перад глябальным эканамічным крызісам. Тады быў прыняты шэраг канцэптуальных дакумэнтаў, якія дэкляравалі рэформы. А вось як толькі гэты крызіс закрануў Беларусь, то ён стаў штуршком да новага вітка адміністрацыйных захадаў.

Так, цяперашнія захады ў эканамічнай палітыцы маюць вымушаны характар. Гэта, хутчэй, праграма макрастабілізацыі, чым структурных рэформаў. Гэтым рэформам прысьвечаны асобны блёк, але якраз там захады найменш канкрэтныя, фармулёўкі найбольш размытыя. А канкрэтныя фармулёўкі тычацца сфэры, дзе назіраюцца праблемы і дзе захады трэба рабіць тэрмінова».

Карбалевіч: «Сп. Крук, вы адзначылі, што сапраўды рух у кірунку рэфармаваньня адбываўся на мяжы 2007–2008 гадоў. Дык гэта ж якраз той пэрыяд, калі Расея заявіла пра рэзкае скарачэньне субсыдыяў беларускай эканоміцы і пераход у двухбаковых дачыненьнях да рынкавых адносін. Менавіта як рэакцыя на гэтае рашэньне Крамля пачалася эканамічная лібэралізацыя і адначасова — палітыка дыялёгу з ЭЗ».


Як можна ацаніць зьмест плянаваных рэформаў?


Карбалевіч: «Плян уладаў прадугледжвае прыватызацыю на 4,5 млрд даляраў, адмену дырэктыўнага плянаваньня, дазвол на звальненьне рабочай сілы, скарачэньне дзяржаўных выдаткаў. Што можна сказаць пра зьмест гэтых так званых „рэформаў“?»

Злотнікаў: «У гэтым дакумэнце насамрэч ніякіх рэформаў не прадугледжваецца. Там гаворка ідзе пра прапановы, якія ўрад зьбіраецца вынесьці на разгляд прэзыдэнта. Думаю, што Лукашэнка не пагодзіцца, напрыклад, на маштабную прыватызацыю. Гаворыцца „прапрацаваць“, „разгледзець пытаньне“ аб прыватызацыі да 50% акцыяў некаторых дзяржпрадпрыемстваў. Там няма кантрольных лічбаў».

Карбалевіч: «Адкуль жа зьявілася лічба наконт прыватызацыі на 4,5 млрд даляраў?»

Злотнікаў: «Гэтая лічба ў тым разьдзеле, які распрацаваны Нацбанкам. Думаю, яна адрасаваная Антыкрызіснаму фонду ЭўрАзЭС, які разглядае просьбу Беларусі аб крэдыце».

Крук: «Гэта шэраг захадаў, скіраваных на бягучую макраэканамічную стабілізацыю. Яны носяць рацыянальны характар, зь імі можна пагадзіцца. Напрыклад, з прапановай аб скарачэньні ўнутранага попыту. А вось у той частцы, дзе гаворка ідзе пра захады, арыентаваныя на забесьпячэньне доўгатэрміновага росту, — тут больш дэклярацыі аб намерах.

Дакумэнт мае дзьве функцыі. Гэта ўнутраная функцыя — захады, неабходныя для беларускай эканомікі. І другая функцыя — дакумэнт адрасаваны крэдыторам для прыцягненьня новых крэдытаў».


Ці зможа ўрад рэалізаваць свае намеры?


Карбалевіч: «Што ў выніку можа атрымацца? Як правіла, пляны рэформаў у Беларусі не выконваюцца. Дырэктыва прэзыдэнта аб эканамічнай лібэралізацыі, падпісаная 31 сьнежня 2010 году, фактычна ня выкананая. А як цяпер? Можа, сапраўды адзіны сэнс гэтага дакумэнту палягае ў тым, каб дагадзіць МВФ, падштурхнуць яго да выдзяленьня новага крэдыту?»
Хоць дакумэнт вялікі, амаль на 20 старонак, аднак канкрэтных плянаў рэформаў там няма

Злотнікаў: «Хоць дакумэнт вялікі, амаль на 20 старонак, аднак канкрэтных плянаў рэформаў там няма. Там пункты бюракратычныя. Напрыклад, такі пункт: зрабіць захады па хутчэйшым вяртаньні дэбіторскай запазычанасьці за пастаўкі гомельскіх камбайнаў у Казахстан. Вось гэта адзін з элемэнтаў структурных рэформаў!»

Крук: «Пункты пляну, якія тычыцца макраэканамічнай стабілізацыі, думаю, будуць выкананыя. Там гаворыцца пра абмежаваньне фінансаваньня дзяржаўных праграмаў у апошнім квартале бягучага году, пра манэтарную палітыку і інш. Гэта неабходна для эканамічнай стабілізацыі.

А вось што тычыцца структурных рэформаў, то наяўнасьці пляну недастаткова. Напрыклад, у 2009 годзе беларускі ўрад падпісаў пагадненьне з МВФ аб рэформах. Але шмат пунктаў аказаліся проста дэклярацыямі, якія не былі выкананыя кіраўніцтвам Беларусі. Напрыклад, МВФ прапанаваў стварыць нейкае агенцтва па кіраваньні дрэннымі крэдытамі. Беларускі бок нібыта выканаў гэты пункт, быў створаны Банк разьвіцьця. Але гэты банк сканцэнтраваўся зусім на іншых задачах.

Таму фармальна пункты, якія тычацца структурных рэформаў, могуць быць выкананыя. То бок — прапановы перададзеныя на разгляд прэзыдэнта. Але ці дасьць гэта штуршок для перагляду стымулаў і мэханізмаў для функцыянаваньня беларускай эканомікі? Ёсьць пэўныя сумневы».


Ці адбудзецца прыватызацыя на суму 4,5 млрд даляраў?


Карбалевіч: «Лічба 4,5 млрд даляраў ад прыватызацыі выглядае фантастычнай. Наколькі рэальна выкананьне гэтага пляну?»

Злотнікаў: «Калі прэзыдэнт гэтага захоча, то ўсё можа зьдзейсьніцца. На адзін год 4–5 млрд даляраў ад прыватызацыі хопіць. Але я сумняваюся, што Лукашэнка захоча гэта рабіць.

Нават задача фінансавай стабілізацыі пад пытаньнем. Я казаў, што не хапае 4 млрд даляраў, каб закрыць фінансавы плян гэтага году. Гэта з улікам таго, што 440 млн урад атрымае ад Антыкрызіснага фонду ЭўраАзЭС і 500 млн даляраў — ад продажу аблігацыяў на ўнутраным рынку».

Крук: «Калі ня будзе іншых крыніцаў валюты (пазыкаў і інш.), то тады можа быць прынятае рашэньне аб тэрміновай прыватызацыі. Але нават калі такое рашэньне і будзе прынятае, то сам працэс зойме шмат часу. Як пасьпець за год столькі прадаць актываў? Таму такая верагоднасьць ёсьць, але ня ўпэўнены, што гэта адбудзецца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG