У Менск прыбывае місія МВФ

Місія Міжнароднага валютнага фонду на чале з Дэвідам Гофманам з 17 па 28 кастрычніка правядзе ў Беларусі пяты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі. Гэта зьвязана з завяршэньнем у канцы сакавіка 2010 году праграмы стэнд-бай МВФ.

Экспэрты МВФ падрыхтуюць справаздачу, якую разгледзіць рада выканаўчых дырэктараў МВФ.

«Як і ў выпадку папярэдніх місіяў такога фармату, гэты візыт дасьць магчымасьць абмеркаваць з уладамі макраэканамічную палітыку, якая праводзіцца, і пэрспэктывы разьвіцьця беларускай эканомікі», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў беларускім офісе МВФ.

Там не адказалі на пытаньне, ці будзе абмяркоўвацца пытаньне адносна чарговага крэдыту для Беларусі.

Па выніках працы місіі 28 кастрычніка ў Менску пройдзе прэс-канфэрэнцыя.

Напярэдадні візыту місіі МВФ беларускі ўрад і Нацыянальны банк прынялі плян сумесных дзеяньняў па структурным рэфармаваньні і павышэньні канкурэнтаздольнасьці эканомікі краіны. Беларускія ўлады плянуюць правесьці з МВФ кансультацыі пра магчымасьць фінансаваньня ў рамках новай праграмы.

Са студзеня 2009 па красавік 2010 году Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт у 3,4 млрд даляраў па праграме stand-by.