МЗС Літвы перадаў запрашэньні на саміт

Мапа «Ўсходняга партнэрства»

Віцэ-міністар замежных спраў Літвы Андрус Крывас 15 кастрычніка перадаў кіраўнікам дыпляматычных місіяў краін-удзельніц «Усходняга партнэрства» ў Літве запрашэньні для іхніх дзяржаў на трэці саміт «Усходняга партнэрства», які пройдзе ў Вільні 28–29 лістапада.

Запрашэньні на саміт перададзеныя дыпляматам Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны, паведаміў літоўскі МЗС.

У прызначаным для Беларусі запрашэньні на саміт «Усходняга партнэрства» ў Вільні не ўпісана прозьвішча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які знаходзіцца ў «чорным сьпісе» Эўразьвязу, пацьвердзілі BNS літоўскія дыпляматы.

«Запрашэньні — дзяржавам, а не канкрэтным афіцыйным асобам», — зазначыў Аддзел грамадзкага інфармаваньня МЗС Літвы ў адказ на пытаньне, ці запрашаецца на саміт Лукашэнка.

Лісты падпісаны прэзыдэнтам Даляй Грыбаўскайце, прэзыдэнтам Рады Эўразьвязу Гэрманам ван Ромпэем і старшынём Эўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу.

На сустрэчы плянуецца падпісаць дамову аб асацыяваным сяброўстве і аб свабодным гандлі з Украінай, а таксама парафіраваць аналягічныя дамовы з Малдовай і Грузіяй.

Раней паведамлялася, што кіраўнік МЗС Літвы сустрэнецца з Лукашэнкам, каб перадаць яму запрашэньне для прадстаўніка Беларусі ўзяць удзел у саміце краін «Усходняга партнэрства» ў Вільні.

Ніякае прозьвішча ў запрашэньне ўпісанае ня будзе. Сустрэча міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса з Аляксандрам Лукашэнкам можа адбыцца ў кастрычніку, паведаміў літоўскі прэм’ер Альгірдас Буткявічус, удакладніўшы, што было атрымана пацьвярджэньне пра магчымасьць такой сустрэчы.