Віктар Марціновіч: Гэта манэўры са зданямі

Прыездам на Госкі палігон пад Горадняй прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна скончыліся на тэрыторыі Беларусі сумесныя з Расеяй стратэгічныя манэўры «Захад-2013», на якіх, згодна з сцэнаром, былі зьнішчаныя ўмоўныя тэрарысты, якія праніклі на тэрыторыю саюзнай дзяржавы.

Самалёт Уладзімера Пуціна прыляцеў у аэрапорт Горадні толькі ў сярэдзіне дня. Затрымка тлумачылася дрэнным надвор’ем.

З гэтай жа прычыны раніцай 26 верасьня ў Горадні ня сеў самалёт з расейскімі журналістамі, якія ляцелі асьвятляць візыт. Самалёт з журналісцкім пулам пасадзілі а 10-й гадзіне раніцы ў нацыянальным аэрапорце пад Менскам, адкуль прадстаўнікі мэдыяў дабіраліся да Горадні аўтатранспартам.

Прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімера Пуціна ў Горадні сустракалі гарадзенскія чыноўнікі, кіраўнікі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, расейскія і беларускія дыпляматы.

Аляксандра Лукашэнкі, як стала вядома з афіцыйных паведамленьняў, сярод тых, хто сустракаў Пуціна на лётнішчы ў Горадні, не было. Кіраўнік Беларусі чакаў свайго расейскага калегу каля агляднай пляцоўкі ўжо на Госкім палігоне. Дарэчы, побач з Лукашэнкам быў і ягоны малодшы сын Мікалай, паведамілі расейскія мэдыі.

«Лідэры дзьвюх краін віталі адзін аднаго поціскам рук, абняліся і накіраваліся глядзець вучэньні», — паведаміла пра сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным РІА «Новости». У наступным паведамленьні, якое прыйшло праз 10 хвілін, было сказана: «Пасьля заканчэньня манэўраў лідэры дзьвюх краін пагаварылі між сабой і, сеўшы ў джып Mercedes, паехалі ў аэрапорт, адкуль накіруюцца ў Калінінградзкую вобласьць».

Такім чынам, непасрэднае назіраньне за манэўрамі працягвалася ўсяго некалькі дзясяткаў хвілін. Паводле здымкаў, Уладзімер Пуцін назіраў за манэўрамі, апрануты ў той жа плашч, у якім выйшаў з самалёту. Аляксандр Лукашэнка ня стаў пераапранацца ў камуфляж, як рабіў раней на манэўрах, а быў у чорнай скураной куртцы. Ці паехаў разам з бацькам Мікалай Лукашэнка, пакуль не паведамляецца.



У Калінінградзкай вобласьці Ўладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка маюць назіраць за заключнай фазай манэўраў «Захад-2013» на палігоне «Хмелеўка», дзе будзе разыграны заключны эпізод сумесных манэўраў «Захад-2013». Як і на Госкім палігоне каля беларуска-літоўскай мяжы, там будзе зьнішчана тэрарыстычная групоўка, якая нібыта пранікла на тэрыторыю Расеі і Беларусі дзеля дэстабілізацыі абстаноўкі. У манэўрах у Калінінградзкай вобласьці Расеі бяруць удзел больш за 9 тысяч расейскіх вайскоўцаў, у тым ліку дэсантнікі. Умоўны праціўнік будзе абстраляны і з караблёў расейскага Балтыйскага флёту. Тушэньнем пажараў, якія нібыта ўзьніклі з-за гэтых баёў, зоймуцца адмысловыя расейскія самалёты «Бе-200».

Віктар Марціновіч

Аглядальнік Віктар Марціновіч лічыць, што ў Беларусі і Расеі дастаткова іншых патрэбаў, і то больш пільных, чым правядзеньне манэўраў зь нерэальным сцэнарам.

«Вядома, што ў Расеі ёсьць недзе 105-110 самалётаў „Бе-200“ для тушэньня пажараў. І частка гэтых самалётаў будзе зараз прымаць удзел у фінальнай стадыі манэўраў пад Калінінградам. І вось ведаеце, у мяне вялікае зьдзіўленьне, калі я назіраю за гэтымі манэўрамі. Уражаньне, што гэтыя вайскоўцы рыхтуюцца да вайны, якой гарантавана ніколі ня будзе. У сытуацыі, калі трэба ратаваць Далёкі Ўсход, калі пад Благавешчанскам трэба ратаваць сытуацыю, яны марнуюць грошы, людзкія рэсурсы. 9 тысяч салдат, якія бралі ўдзел у гэтых манэўрах, маглі б дапамагчы ліквідаваць наступствы залевы. Чаму яны тут, у Калінінградзе? Чым яны тут займаюцца? Чаму не адпрацоўваюць ліквідацыю лясных пажараў ці залеваў? Чаму яны замест гэтага ваююць зь нейкімі 800 баевікамі, якія нібыта ўварваліся на тэрыторыю саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі на аўтамабілях? Мне гэта падаецца ня проста тэатрам абсурду, а змаганьнем са зданямі, якіх гарантавана ніколі ня будзе».