У «Данькоў-клюбу» адабралі памяшканьне

Апошні дзень «Данькоў-клюбу»

Адно зь першых беларускіх казіно «Данькоў-клюб» выселілі з будынка на вуліцы Мясьнікова.
Уладальнікі памяшканьняў абвяргаюць вэрсію пра ціск з боку дзяржаўных структураў.

24 верасьня скончылася арэнда будынка, дзе два дзесяцігодзьдзі месьцілася адно зь першых у Менску і Беларусі казіно — «Данькоў-клюб». У казіно зьявіліся прадстаўнікі прадпрыемства «Віток» Беларускага таварыства глухіх, якому належыць будынак. Дырэктар прадпрыемства Мікалай Кулакоў разам з дырэктаркай клюбу Натальляй Даньковай падпісалі пратакол аб перадачы будынка ад арандатара ўласьніку.

Паводле Мікалая Кулакова, няма падстаў, каб верыць, што нібыта нехта з праўладных структураў нацэліўся на будынак «Данькоў-клюбу» і таму ўзьнікла крымінальная справа супроць Юрыя Данькова, якога цяпер судзяць, абвінаваціўшы ў арганізацыі прытону ды іншых злачынствах. А чаму тады дамову арэнды з забаўляльнай установай, зь якой Беларускае таварыства глухіх супрацоўнічала больш за 20 гадоў, ад сёньня не працягнулі? Мікалай Кулакоў пералічыў прэтэнзіі да кіраўніцтва «Данькоў-клюбу».

«Не аплачана 2 месяцы арэнды, гэта запазычанасьць у 836 мільёнаў рублёў. Таксама ня выкананае прадпісаньне Маскоўскага райвыканкаму. Гаворка пра афарбоўку фасаду і азеляненьне, прыборку тэрыторыі. І ў пажарных таксама вельмі шмат прэтэнзіяў. Зараз усё давядзецца рабіць нам».

Карэспандэнт: «То бок „Данькоў-клюбу“ тут ужо ня будзе? А што тут будзе?»

«Пакуль цягам прыкладна месяца будынак будзе знаходзіцца пад нашай аховай, а тады пададзім заяўку на аўкцыён на здачу ў арэнду гэтага будынка. Што тут будзе, не магу ведаць. Хто пагодзіцца з нашымі ўмовамі і дасьць лепшую прапанову, той і пераможа».

Your browser doesn’t support HTML5

Даньк-Off


Прадстаўнікі фірмы «Віток» расказалі пра гісторыю будынка. З 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя тут месьціліся вытворчыя ўчасткі, на якіх працавалі сябры Таварыства глухіх. Потым для таварыства пабудавалі новыя памяшканьні на вуліцы Гусоўскага, і тут разьмясьціўся інтэрнат для глухіх. А ў 1991 годзе, калі інтэрнат перабраўся ў іншае месца, паўстала пытаньне, як задзейнічаць гэты будынак. Тады Юры Данькоў, які быў дэпутатам менскага гарсавету, прапанаваў разьмясьціць тут клюб, і памяшканьне здалі яму ў арэнду.

«Немалыя грошы нам прыносіла гэтая арэнда», — пагаджаюцца прадстаўнікі «Вітка», але зазначаюць, што здараліся і праблемы з арандатарамі. «Бывала, што і судзіліся мы зь імі. Два гады таму нам вінныя былі 1,5 мільярда за арэнду, і толькі праз суд удалося забраць гэтыя грошы. Але і потым амаль кожны плацёж даводзілася выбіваць», — згадвае Мікалай Кулакоў. Яшчэ ён у прэтэнзіі да былых арандатараў за тое, што без дазволу зрабілі ў будынку рамонт:
Кажуць пра нібыта працаў на 2 мільярды рублёў, але нічым гэта не падмацавана

«Самае галоўнае, што зрабілі рэканструкцыю бяз нашага дазволу. Уклалі сюды немалыя грошы, а забраць іх адсюль ужо ня могуць, бо незаконна ўсё тут набудавалі. Таму гэта ўсё застаецца ў нас. Кажуць пра нібыта працаў на 2 мільярды рублёў, але нічым гэта не падмацавана. Абяцаюць да сьнежня прадставіць дакумэнты — мы ня супраць».

Натальля Данькова, якая пасьля арышту мужа Юрыя Данькова ў верасьні 2012 году ўзначаліла «Данькоў-клюб», з прэтэнзіямі ўладальнікаў будынка збольшага ня згодная. Дырэктарка казіно кажа, што будзе судзіцца з прадпрыемствам «Віток» за грошы, укладзеныя ў рэканструкцыю. Пра запазычанасьць з арэнднай платай Натальля Данькова кажа, што ў красавіку кошт арэнды нечакана паднялі, пры тым, што час працы казіно быў скарочаны да 10-й вечара, што для начной забаўляльнай установы азначае крах. Тое, што адбываецца сёньня ў будынку — вынас рэчаў, падпісаньне акту аб перадачы — паводле Натальлі Даньковай, непасрэдны вынік «наезду» на яе мужа Юрыя Данькова:
Цягам году мне не давалі працаваць, абмяжоўвалі мяне ў рэжыме працы казіно

«Натуральна, што гэта зьвязана. Цягам году мне не давалі працаваць, абмяжоўвалі мяне ў рэжыме працы казіно. Усё зразумела, што гэта нейкая акцыя супроць Юрыя Пятровіча. А каму гэта выгадна? Мы пра гэта даведаемся, калі пабачым, хто сюды заедзе пасьля нас».

Камэнтаваць далей высяленьне з будынка Натальля Данькова ня стала, патлумачыўшы, што вельмі перажывае — «гэта ж 20 гадоў жыцьця». Таксама спадарыня Данькова папрасіла не здымаць яе на відэа, спаслаўшыся на «адзеньне, у якім даводзіцца цягаць рэчы». А ці думаюць Даньковы працягваць свой сямейны бізнэс?

«Такія людзі, як мы, вядома, будзем працаваць і шукаць, як зарабіць. Гэта без пытаньняў».

На суд над Юрыем Даньковым, які праходзіць з 18 верасьня ў Маскоўскім судзе, Натальлю Данькову не пускаюць, бо працэс закрыты. Аднак жонка абвінавачанага не выключае, што яе запросяць на працэс у якасьці сьведкі.