Завадатар традыцыйных танцаў Аляксей Крукоўскі: «Мы ня робім шоў і мы ня робім канцэртаў»

Your browser doesn’t support HTML5

«На таку» — гэта значыць на нейкім пустым бітым месцы. У розных рэгіёнах Беларусі, як кажуць этнографы, слова «ток» трошкі розныя рэчы азначала. Недзе гэта азначала ў прамым сэнсе — месца, дзе малоцяць, але ва ўсіх рэгіёнах Беларусі з токам зьвязваецца ня толькі сельскагаспадарчая праца, але яшчэ і танцы. І яшчэ жывое пакаленьне ў Беларусі, а можа і некалькі, каторыя сапраўды помняць, як гэтыя танцы адбываліся. Таму я думаю, што наша назва даволі ўдалая для гурту, каторы ладзіць традыцыйныя танцы.

Я належу да пакаленьня, каторае наша раманістка Наталка Бабіна назвала «Бабуліны ўнукі». Гэта гарадзкія дзеці, каторыя часткова гадаваліся на вёсцы і да гэтага часу маюць у сабе нерэалізаваны настальгічны ўспамін пра вясковую гаворку, пра вясковую працу, пра вясковы лад жыцьця, пра вясковую музыку. У гарадзкім жыцьці актуалізаваць гэты досьвед вельмі і вельмі цяжка, і вот граньне гэтай традыцыйнай музыкі, танцаў традыцыйных — гэта адна з такіх спробаў узгадаць тое, што было, актуалізаваць гэты досьвед і, можа быць, знайсьці аднадумцаў.

Я — прафэсійны выкладчык, але тая камунікацыя, каторая цяпер адбываецца паміж людзьмі ў сфэры адукацыі, мяне ня вельмі задавальняе. Гэта вэртыкальная камунікацыя, дзе давесьці да людзей нейкія думкі, нейкія вобразы часам бывае вельмі цяжка, таму што ты выступаеш, нават будучы супэрлібэральным выкладчыкам, з пазыцыі аўтарытэту.

Танцы — гэта канал гарызантальнай камунікацыі, дзе людзі ў прынцыпе з ходу, што называецца, з ганку, з парогу могуць пачаць кантактаваць паміж сабой, перадаваць нейкія зьместы і сэнсы адзін аднаму, і тут ніхто не выступае з пазыцыі аўтарытэту.

На апошніх танцах на вуліцы Карла Маркса, калі закрываўся сэзон, да нас падышла жанчынка, села на наша крэселка, вельмі ўважліва слухала і, мяркуючы па ўсім, кайфавала ад гэтага. Па заканчэньні танцаў я прапанаваў ёй цукерку, на што яна ўмомант адрэагавала. І абсалютна нечакана сказала: «Якія вы малайцы, што граеце нашы танцы, а не замежныя. А то тут усе граюць, панімаеце, танга і сальсу, а нашых, правільных танцаў ніхто ня грае. Я вам вельмі раю зьвярнуцца да кіраўніка па ідэалёгіі гарвыканкама, каторы вам дапаможа. І паколькі ён — член камуністычнай партыі, таксама як і я, мы будзем вам дапамагаць».

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Танцы вельмі часта ўзгадваюцца. Людзі, каторыя праходзілі па Карла Маркса, асабліва людзі сярэдняга веку і старэйшыя, часам спыняліся, і зь імі адбывалася нешта кшталту дэжавю. Яны пачыналі трэсьці галавою, і па ўсім было відаць, што яны ўзгадваюць, што дзесьці яны гэта чулі.

Дзеці, каторыя пачынаюць танчыць, на шчасьце, ніякага дэжавю яшчэ не перажываюць. Я думаю, што яны проста купляюцца на такую вельмі дэмакратычную атмасфэру, дзе дакладна няма мяжы паміж тымі, хто прадстаўляе музыку, і тымі, хто слухае ці глядзіць.

Самая для нас няўдалая сытуацыя — гэта калі нас абступае кола гледачоў, каторыя вымаюць фотаапараты і пачынаюць, як тыя японцы, усё гэта фоткаць. Многія робяць гэта са страшна разгубленымі тварамі, таму што яны ня ведаюць, што рабіць яшчэ. Грае музыка, пару людзей ужо пачалі танчыць, а вот што рабіць астатнім? Канцэрт не канцэрт, шоў ня шоў. Мы ня робім шоў і мы ня робім канцэртаў».