Эўрапарлямэнт ухваліў даклад Палецкіса

12 верасьня Эўрапарлямэнт ухваліў даклад аб сытуацыі ў Беларусі, які прадставіў дакладчык па Беларусі Юстас Палецкіс.
Эўрадэпутаты заклікалі афіцыйны Менск паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформаў, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Эўропы.

Дакумэнт адрасаваны Эўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі, Радзе ЭЗ і дзяржавам-сябрам ЭЗ, паведамляе БелаПАН.

У выніковым варыянце дакладу адзначаецца: «Нягледзячы на зьмяншэньне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле дадзеных праваабарончага цэнтру „Вясна“, з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012-м), захоўваецца атмасфэра рэпрэсіяў і запалохваньня».

У дакумэнце таксама гаворыцца, што саміт «Усходняга партнэрства» ў Вільні ў лістападзе гэтага году «можа стаць важнай магчымасьцю для паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітвязьняў».

У палітычны дыялёг паміж Менскам і Брусэлем, які магчымы пры выкананьні гэтай умовы, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі Беларусі, адзначаецца ў дакладзе.

У сваю чаргу, апазыцыі неабходна працаваць над стварэньнем агульнай стратэгіі і пляну дзеяньняў. Стварэньню такой стратэгіі, гаворыцца ў дакумэнце, спрыялі б канкрэтныя захады — такія, напрыклад, як агульны сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2014 году, агульная палітычная праграма, вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году.

Эўрапарлямэнтары рэкамэндуюць структурам ЭЗ заклікаць беларускія ўлады паважаць правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформаў, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Эўропы.

ЭЗ таксама павінен яшчэ раз выразна зазначыць: перадумовай для якога-колечы прагрэсу, які мог бы прывесьці да зьняцьця санкцыяў і разблякоўваньня двухбаковых адносін, ёсьць безумоўнае і неадкладнае вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў.

Эўрапарлямэнт таксама лічыць, што Расею і краіны «Ўсходняга партнэрства» варта пераканаць заклікаць Беларусь неадкладна вызваліць палітвязьняў.

ЭЗ, гаворыцца ў дакладзе, павінен «з найбольшым плёнам выкарыстоўваць часовае прыпыненьне візавых санкцыяў у дачыненьні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпляматычнага канала сувязі, і яго магчымы ўдзел у саміце „Ўсходняга партнэрства“, перш за ўсё для таго, каб садзейнічаць вырашэньню пытаньня аб палітвязьнях».

Пры гэтым у дачыненьні да іншых чыноўнікаў, «адказных за парушэньні дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека», санкцыі адмяняцца не павінны«, лічаць у Эўрапарлямэнце.

ЭЗ таксама павінен «заахвочваць дыялёг з тымі чыноўнікамі, якія не былі пэрсанальна ўцягнутыя ў рэпрэсіі, каб спрыяць разьвіцьцю беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама іх узаемадзеяньня зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, каб у выніку палегчыць правядзеньне рэформаў».

У справаздачы гаворыцца і пра тое, што Беларусь павінна выканаць усе рэкамэндацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, зьняць любыя абмежаваньні на ажыцьцяўленьне права на свабоду слова і мірных сходаў для прадстаўнікоў апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і няўрадавых арганізацый, у тым ліку ліквідаваць любыя перашкоды для рэгістрацыі НДА.

Акрамя таго, адзначаецца ў дакладзе, у Беларусі неабходна правесьці рэформы, якія гарантуюць незалежнасьць судовай сыстэмы, не прыводзіць у выкананьне вынесеныя ў 2013 годзе сьмяротныя прысуды і ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

Эўразьвязу рэкамэндавана ў аднабаковым парадку спрасьціць парадак выдачы візаў для беларусаў і зьнізіць іх кошт з 60 эўра да ўзроўню, прымальнага для беларускіх грамадзян, а таксама ў поўнай меры выкарыстаць магчымасьці выдачы бясплатных візаў, якія дае Візавы кодэкс ЭЗ.


Аляксандар Класкоўскі: «Ніякага прарыву ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях ня будзе»


Аляксандар Класкоўскі

На думку палітоляга Аляксандра Класкоўскага, сама па сабе рэзалюцыя ніякага прарыву ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях ня зробіць. І ня толькі таму, што ня зь першай спробы гэты даклад ухвалілі эўрапарлямэнтары:

«Задумваўся гэты даклад на хвалі нейкіх надзеяў, што афіцыйны Менск, можа, усё ж такі пойдзе на вызваленьне палітзьняволеных і ўся гэтая сытуацыя ў двухбаковых дачыненьнях зрушыцца зь мёртвай кропкі. Але літаральна дзень ці два таму Лукашэнка прымаў міністра замежных спраў Макея, і там прагучала такая тэза, што, маўляў, „наша пазыцыя ў дачыненьні з Эўропай застаецца нязьменнай“. Калі расшыфраваць, гэта азначае, што Менск па-ранейшаму ўпіраецца рогам у пытаньні вызваленьня палітвязьняў. І гэта той бар’ер, празь які ня можа, у сваю чаргу, бяз страты твару пераскочыць і Эўропа. Таму разьвіцьцё паляпшэньня дачыненьняў будзе блякавана да тае пары, пакуль гэтае прынцыповае пытаньне ня вырашыцца. А тут бабуля надвое варажыла.

І, у прыватнасьці, спадзевы некаторых на тое, што разгарыцца калійная вайна і Лукашэнка кінецца на Захад, здаецца, таксама ня спраўджваюцца, бо Масква паказвае намер гэты канфлікт урэгуляваць, так бы мовіць, „па паняцьцях“».

Андрэй Ягораў: «Даклад і рэкамэндацыі Эўрапарлямэнту маюць абмежаваны ўплыў»


Андрэй Ягораў

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў кажа, што, вядома, хацелася, каб гэты даклад меў уплыў на адносіны Эўразьвязу зь Беларусьсю, і перш за ўсё — на зьмену рамак эўрапейскай палітыкі ў адносінах да Беларусі. Бо даклад Палецкіса прапаноўвае новыя элемэнты ў гэтай палітыцы. На думку Андрэя Ягорава, у сваім дакладзе спадар Палецкіс упершыню спрабуе прапанаваць цэласную канцэпцыю ў падыходзе да выпраўленьня той сытуацыі «статус кво», замарозкі адносінаў, якая існуе да сёньняшняга часу:

«Зь іншага боку, той даклад і рэкамэндацыі, якія сёньня прымае Эўрапейскі Парлямэнт, маюць абмежаваны ўплыў на дзеяньні іншых эўрапейскіх інстытуцыяў — Эўракамісіі, Службы зьнешніх дзеяньняў і Рады Эўрапейскага Зьвязу, бо яны ня маюць абавязковай сілы. Гэта значыць, што гэтыя інстытуцыі могуць фактычна праігнараваць іх і не прыняць да ўвагі. Але думаю, што так не адбудзецца і што ўсё ж такі гэтыя інстытуцыі хаця б уступяць у нейкую камунікацыю з Эўрапейскім парлямэнтам адносна тых прапановаў, якія прынятыя сёньня дэпутатамі».


Аляксей Янукевіч: «Я не прадбачу нейкіх істотных зьменаў у бліжэйшай будучыні»


Аляксей Янукевіч

На думку старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, даклад Палецкіса наўрад ці паўплывае на істотныя зьмены стасункаў паміж афіцыйным Менскам і афіцыйным Брусэлем. Ён, так бы мовіць, намякае на адкрыцьцё нейкіх новых магчымасьцяў, але гэта дастаткова ясна абумоўлена. Фактычна гэта паўтарэньне і пацьвярджэньне тых пазыцыяў, якія гучалі раней у дачыненьні да Беларусі:

«То бок можна казаць, што як тыя абяцаньні, так і тыя фармуляваньні ўмоваў, што раней гучалі ў выглядзе вусных заяваў, яны цяпер сфармуляваныя пісьмова. Што, магчыма, дае беларускім уладам нейкія гарантыі таго, што — „так, можа быць разьвіцьцё стасункаў, калі палітычныя вязьні будуць вызваленыя“. І ў гэтым рэчышчы можна казаць пра такі асьцярожны аптымізм, што гэты даклад можа пазытыўна адбіцца на беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях. Аднак я не прадбачу нейкіх істотных зьменаў у бліжэйшай будучыні, калі беларускія ўлады ня будуць рабіць нейкіх значных крокаў — перадусім маецца на ўвазе вызваленьне палітычных вязьняў».