Валянцін Дубатоўка: Чыноўнікі зьняважылі і касьцёл, і артыстаў

Валянцін Дубатоўка

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на нядаўнім XV зьезьдзе славістаў выступіў за больш шырокае ўжываньне беларускай мовы падчас багаслужбаў. Але ці выконваецца гэтае пажаданьне кіраўніка Касьцёлу сьвятарамі на месцах?
Пасьля ўрачыста адзначанага 100-годзьдзя з дня заснаваньня каталіцкай сьвятыні ў мястэчку Дзярэчын, што на Зэльвеншчыне, мясцовы краязнавец і прадпрымальнік Валянцін Дубатоўка падзяліўся сваімі ўражаньнямі.

— Валянцін, я ведаю, што на фэст сабраліся былі сотні людзей — з усёй ваколіцы, а нават і з-за мяжы. Што вы можаце сказаць пра гэтае сьвята як дзярэчынец, як чалавек, якому таксама неабыякавы лёс дзярэчынскай сьвятыні?

— Мяне найперш уразіла, што малады ксёндз-пробашч Яўген Учкуроніс запрасіў на фэст знакамітых людзей, аўтарытэтных музыкаў.

Зразумела, вельмі прыемна, калі ў Дзярэчын прыяжджае такая знакамітая асоба, як Уладзімер Байдаў са сваім квінтэтам «Клясык-авангард». Такіх людзей наогул у Беларусі няшмат засталося. І вось прыехаў у Дзярэчын Байдаў са сваім калектывам напярэдадні, ледзьве арфу на хоры зацягнулі, да паўночы рэпэтавалі… А назаўтра прыехалі чыноўнікі з Зэльвы — намесьнік старшыні райвыканкаму Валянцін Семяняка і ідэоляг Галіна Раманчук — і далі загад ксяндзу, каб гэтыя музыкі не выступалі.

Уладзімера Байдаў — музыкант эўрапейскага ўзроўню, зь ім нельга так абыходзіцца! Прыехала ў Дзярэчын (па запрашэньні ксяндза!) і сьпявачка Тацьцяна Матафонава, якая працуе ў Белдзяржфілярмоніі, але і ёй сьпяваць у храме таксама не дазволілі.

Для Дзярэчына вялікі гонар, калі прыяжджаюць такія артысты, людзі сабраліся, чакалі, хацелі паслухаць… А з-за чаго ўвесь скандал? Відаць таму, што сярод іншых павінны былі прагучаць песьні «Магутны Божа» на словы Натальлі Арсеньневай і «Авэ, Марыя» на словы Зянона Пазьняка.

Іх забаранілі, і ксёндз нічога ня змог запярэчыць. Відаць, цяпер сьвятары таксама баяцца, каб не зачынялі храмы.

Але мне прыгадвацца такі выпадак. Калі памёр старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Дубко, мясцоваму епіскапу загадалі, каб у цэрквах білі ў званы. Але ён адказаў: ня білі, калі Сталін памёр, ня будзем і цяпер… Гэта абсалютна розныя рэчы. Ня трэба чыноўнікам лезьці ў справы касьцёлу. Размова ідзе пра культуру, пра высокае, пра веру. Прычым тут чыноўнікі?

— А ці выконваецца на месцах пажаданьне кіраўніка Касьцёлу наконт беларускай мовы?
У Дзярэчын прыехалі тры біскупы, і ніводзін зь іх ні слова па-беларуску не сказаў!

— На фэсьце я чуў расейскую, польскую, нават нямецкую мовы, а беларускай ня чуў. Атрымліваецца, ці то Кандрусевіч ня ведае, што адбываецца ў правінцыі, ці ксяндзы робяць па-свойму? У Дзярэчын прыехалі тры біскупы, і ніводзін зь іх ні слова па-беларуску не сказаў! Таму, мабыць, і малады дзярэчынскі ксёндз, які мовай валодае, пабойваецца нешта сказаць. Маўляў, калі кіраўніцтва не гаворыць па-беларуску, то і я ня буду. Значыць, гэта не дазволена. Ці біскупы таксама баяцца чыноўнікаў? Па маіх назіраньнях, ніякіх правоў у беларускай мовы ў касьцёле не было. Былі правы толькі ў чыноўнікаў.

Калі ў дзейнасьць рэлігійных установаў і надалей яны будуць умешвацца, то я ня ведаю, як назваць такі касьцёл ці такую царкву. У Дзярэчыне была проста абсурдная сытуацыя. Чыноўнікі зьняважылі і касьцёл, і артыстаў. І гэта бачылі людзі.

— Вашым коштам у дзярэчынскім касьцёле ў свой час была ўсталяваная мэмарыяльная дошка князю Яўстаху Каятану Сапегу — актыўнаму ўдзельніку паўстаньня 1830 году. Як вам гэта ўдалося?

— Відаць, тады людзі іншыя былі ў касьцёле, больш самастойныя, якія маглі прымаць рашэньні. Дарэчы, Сапегі шмат зрабілі для дзярэчынскай парафіі. На касьцёле і сёньня вісіць сапегаўскі звон, які людзі зьбераглі. Раней ён знаходзіўся ў дамініканскім кляштары, зруйнаваным пры савецкай уладзе. І сёньня можна было знайсьці і запрасіць на 100-годзьдзе касьцёлу нашчадкаў Сапегаў. Наколькі я ведаю, ніхто не шукаў, не запрашаў.

— Акурат перад дзярэчынскім фэстам у сэрыі «Гарадзенская бібліятэка» выйшла ў сьвет ваша кніга «Чорная Воля», падзеі ў якой адбываюцца таксама ў Дзярэчыне ды яго ваколіцах. Кніга — пра вайну, але вайну лякальную, местачковую, нават хутаранскую. Што вам даў такі погляд?

— Вайна, якую нам сёньня паказваюць па БТ, гэта ня тая вайна, якая адбывалася насамрэч. Ствараецца ўражаньне, што было дзьве вайны. У дзяржаўных СМІ — адна вайна, а сапраўдная была зусім іншай. Людзі расказваюць пра іншую вайну. Пра вайну хатаў, пра вайну людзей, якія ваявалі паміж сабой. І гэта абсалютна не датычыць таго афіцыёзу, які паказваецца па тэлебачаньні. Я лічу, што тэма гэтай другой вайны ў нашай літаратуры да канца не раскрытая. А сьведак тых падзеяў засталося вельмі мала. У нас ніхто не гаворыць, што вайна ў Заходняй Беларусі пачалася ня ў 1941-м, а ў 1939-м. І скончылася ня ў 1945-м, а ў 1949-м ці нават у 1953-м. А ваявалі адны і тыя ж людзі.

— А хто з кім ваяваў з 1945-га па 1953-ці?

— Пачнем з таго, што ў 39-м у нас ніхто ніколі не казаў, што прыйшлі нашы. Казалі, што прыйшлі саветы, як потым казалі, што прыйшлі немцы. Ні тыя, ні другія не былі сваімі. Калі прыйшлі саветы, пачаліся страшныя рэпрэсіі супраць мясцовага насельніцтва. Колькі было людзей зьнішчана! Шукалі заможных і высылалі цэлымі сем’ямі. Ніхто ў іх не пытаўся, адкуль грошы. А яны ж не адабралі ў каго, а з Амэрыкі, з заробкаў прывезьлі, будавалі свае хутары…

Калі чытаеш або глядзіш па тэлебачаньні пра тое, што ў Заходняй Украіне, у Літве ішла антысавецкая партызанка, то думаеш, а хіба ў нас адбывалася ня тое самае? Вось у нашай мясцовасьці дзейнічаў такі Альбін Клімашэўскі. Спачатку ён быў на баку саветаў. Нягледзячы на гэта, яго бацькоў раскулачылі і выслалі. І ён стаў змагацца ўжо з саветамі.

Таму вайна і ў нас не закончылася ў 1945-м. Апошняга старшыню калгаса ў нас у Дзярэчыне забілі ў 1949 г., а Клімашэўскага злавілі толькі ў 1953-м.

— Мяне ў вашай кнізе найбольш уразіла аповесьць «Боты», у свой час надрукаваная ў часопісе «Дзеяслоў». Там то паліцаі, то партызаны рабуюць хутар, гаспадар якога, рызыкуючы сваім жыцьцём, хавае ад рабаўнікоў свае боты. Наколькі гэта псыхалягічна апраўдана? На адной шалі — боты, на другой — жыцьцё…

— Аповесьць «Боты» заснаваная на рэальных падзеях. Я пісаў пра сваіх родных. У майго героя забралі ўсё — жыцьцёвую пэрспэктыву, зямлю, ён адсядзеў у савецкай турме, потым у нямецкай. Ён прайшоў усё, і боты — гэта адзінае, што падкрэсьлівала: ён яшчэ чалавек, зь ім трэба лічыцца. Па тых часах боты — паказчык не матэрыяльнага дабрабыту, а чалавечай годнасьці. І самае галоўнае — каму ён іх мусіў аддаць? Тым, хто хацеў яго проста зьнішчыць як чалавека? Гэта, безумоўна, сымбалічны вобраз, але не дабрабыту, а годнасьці. Забраць можна ўсё, але немагчыма, калі чалавек сам не захоча, пазбавіць яго чалавечай годнасьці.

— У аповесьці «Паліцай» вы расказалі пра расстрэл у Дзярэчыне габрэйскага гета. На сьціплым помніку, які і сёньня стаіць у мястэчку, пазначана, што тут было расстраляна 6479 савецкіх грамадзянаў. Пры ўсіх жудасьцях вайны, немагчыма такое ўявіць. Ці адпавядае гэтая лічба рэальнасьці?

— Калі гаварыць пра зьнішчэньне дзярэчынскага гэтта, то гэтую гісторыю трэба яшчэ дасьледаваць. Акрамя дзярэчынскіх жыхароў, там было забіта шмат народу з ваколіцаў. Прывозілі габрэяў і з Заходняй Эўропы, таму такая вялікая колькасьць. І яшчэ — расстрэльвалі не ў адным месцы. Расстрэльвалі ў Старым Сяле — па адзін бок ад Дзярэчына, у кірунку на Масты — па другі бок ад мястэчка. Забівалі, дзе толькі маглі. Гэта страшная трагедыя, якая абсалютна не дасьледаваная. Я проста хачу дастукацца да каго-небудзь, каб гэтую тэму гістарычна дасьледавалі.

— Вы згадвалі пра партызанаў. Дык вось, імем мясцовага партызана Паўла Булака ў Дзярэчыне названыя адразу дзьве (!) вуліцы. Ці заслужыў гэты чалавек на такое дзіўнае, відавочна празьмернае, ушанаваньне сваёй памяці?
Булак забіў уласную жонку. Як у народзе кажуць, па такіх імшу не заказваюць у касьцёле

— Булак — асоба цікавая ў новай гісторыі Дзярэчына і ваколіцаў. Яго імем вуліцы названыя ня толькі ў Дзярэчыне, але і ў Зэльве. Але калі параспытваць на Зэльвеншчыне людзей, то ці скажа хоць хто добрае слова пра гэтага чалавека? Думаю, ніводнага ня знойдзеце. Бо ў нас Булака інакш, як бандыт, не называлі і не называюць. Перад вайной ён працаваў у сельсавеце, а калі пачалася гітлераўская акупацыя — уцёк у лес. Будучы харызматычнай асобай, ён аб’яднаў вакол сябе вялікую колькасьць народу і пачаў сваю дзейнасьць. Рабаваў людзей, забіраў апошняе. Булак забіў уласную жонку, і наогул, «подзьвігаў» такіх у яго шмат. Як у народзе кажуць, па такіх імшу не заказваюць у касьцёле.

— Вось мы ізноў да касьцёлу вярнуліся. У сувязі з закранутымі ў нашай гутарцы праблемамі раскажу такую гісторыю. Аднойчы да кардынала Казімера Сьвёнтка прыйшла дэлегацыя з хадайніцтвам, каб дазволіў аднаму з ксяндзоў у Менску служыць па-расейску. Кардынал толькі перапытаў: а ксёндз так любіць расейскую мову? Так-так — заківалі галовамі просьбіты. Неўзабаве той ксёндз паехаў служыць у Тамбоў і служыць там да гэтае пары… Як на вашу думку, ці запануе калі беларуская мова ў беларускіх храмах?

— Слухаючы біскупаў у Дзярэчыне, слухаючы высокіх кіраўнікоў па БТ, я сам сабе задаю пытаньне: што мы тут будуем? Беларускую дзяржаву ці нейкую іншую? Думаю, рана ці позна ўсё стане на свае месцы — будзе беларускім і касьцёл, будзе і царква беларускай. Ёсьць жа і пазытыўны момант — сам ксёндз-пробашч Яўген Учкуроніс добра гаворыць па-беларуску (я слухаў вашу зь ім гутарку). І ўсе біскупы ў Беларусі добра гавораць па-беларуску. Якраз у гэтым, думаю, хаваецца вялікая пэрспэктыва ўзаемаадносінаў касьцёлу зь дзяржавай. Можа, пакуль яны ня могуць распачаць дзейнасьць на беларускай ніве, але пэрспэктыва ёсьць. Калі пастыры гавораць па-беларуску — загавораць і храм, і паства.