Яблыкі пры шашы

На Гомельшчыне гэтымі жнівеньскімі днямі ўздоўж бойкіх аўтамабільных дарог вядзецца ажыўлены гандаль. Нягледзячы на забарону ўладаў, людзі выстаўляюць на продаж садавіну, гародніну, сабраныя ў лясах ягады ды грыбы. Так адбываецца і ў вёсках Акцябр, Чырвоны Акцябр Буда-Кашалёўскага раёну, празь якія праходзіць траса Кіеў — Гомель — Магілёў — Санкт-Пецярбург.
Яблыкі, сьлівы, памідоры, бульбу вяскоўцы выстаўляюць на ўслончыках ды табурэтках з самага ранку. Найбольшы спадзеў — на транзытных аўтааматараў, якія едуць ва Ўкраіну на адпачынак альбо, адпачыўшы, вяртаюцца адтуль дадому. Гэта й расейцы, і, вядома, беларусы. Прываблівае адносная таннасьць садавіны ды гародніны. Напрыклад, вядзерца адборных яблык — 25–30 тысяч.

Апавядае 74-гадовая вяскоўка Галіна:

«Тут у нас шмат садоў. У мяне вунь, зайдзіце, яблынькі, якія садзілі даўным-даўно. Сад вялікі — і яблыкі вісяць. Глядзіце — колькі ў мяне малінаў! Памідоркі! Па шашы во едуць — купіць хто калі-кольвечы вядзерца. І сьліў сёлета ў мяне шмат — усяго шмат. А нарыхтоўшчыкаў няма. Быў раней у нас завод, а цяпер яго няма. Няма каму й здаць. Жывёлу не трымаем — кароў няма, сьвіней няма. Дык што нам рабіць? Куды ўсё гэта падзець?»

Вяскоўка кажа, што яблыкі купляюць пры дарозе часьцей, а сьлівы трэці дзень выносіць — і дарма. А капейчына вельмі патрэбная:

«Ведаеце што, хата старая, трэба дах ладзіць, папсаваўся. Трэба ж рамантаваць. А што з пэнсіі зробіш? Цяпер усё дарагое — малако стала дарагое, хлеб таксама. Ну як на пэнсію мільён 800 тысяч пражыць? Сын таксама мала зарабляе. Цяжкавата!»

У Галіны — багата садавіны


На другім баку вуліцы прапануе садавіну й гародніну спадарыня Тамара:

«Усё, што ў людзей вырасла, — сюды. Месца такое прыдатнае — траса такая бойкая. Едуць, бачыце, і ў Піцер, і ў Маскву. Цяжка, вядома, дзень выстаяць.

Іншы раз пашанцуе, іншы — не. Гэта ж кірмаш! Калі здароўе і сіла ў чалавека ёсьць, то чаму б не прадаць? Ведаеце, гэта ж вялікая справа — ужо ў гаманец і ня лезеш, ужо ёсьць на хатнія патрэбы».

Пэнсіянэрка раскрывае й яшчэ адзін бок бойкага гандлю садавіной у вёсцы — наўкол саўгасныя сады. І некаторыя беспрацоўныя не цураюцца схадзіць і туды:

«Вакол вёскі — усюды сады саўгасныя. Хто сьмелы ды ўмелы, той і зьеў».

Аднак бальшыня вяскоўцаў мае свае сады. І калі год ураджайны, садавіну проста няма куды падзець. Таму й выручае прыдарожны гандаль. Пра гэта кажа вяскоўка сталага веку, якая не схацела называць свайго імя:

«Калі б было куды здаць, мы б тут не стаялі. А то мы тут стаім, а палова ўраджаю ўсё адно ідзе на сьметнік. І нас ганяюць пастаянна — і падатковая інспэкцыя, і сельсавецкі старшыня, і дырэктар саўгасу, які думае, што гэта саўгасныя яблыкі. А нам сваіх няма куды дзяваць. Я, напрыклад, пастаянна выношу на сьметнік. Бульбы многа. Куды падзець? Няма куды! А мы ж — пэнсіянэры, з пэнсіі зараз не пражывеш. Дык хоць прадаць, бо шкада ж выкідаць».