Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як зарабіць пры дарозе?


У які бок ад Гомеля цяпер ня едзеш, амаль усюды ў вёсках пры ажыўленых аўтамабільных трасах стаяць вёдры ды кошыкі з садавіной і гароднінай. Прапануюць таксама грыбы й ягады. Прыдарожны гандаль дапамагае вяскоўцам зарабіць капейчыну на пражыцьцё.

Асабліва шмат садавіны й гародніны выстаўлена ў вёсках паабапал шашы Гомель-Магілеў.

Маладая шматдзетная маці, спадарыня Іна зь вёскі Зялёная Паляна Чачэрскага раёну, апавядае:

«Каля дарогі — яно й выгодней. У тым пляне, што тут і расейцы едуць адпачываць, і вяртаюцца з поўдня. Яны спыняюцца і купляюць у нас. А на рынак везьці — гэта патрэбны транспарт».

Зь іншага боку, гандаль дазваляе зарабіць нейкую капейчыну, бо высокія заробкі ў сельскай гаспадарцы й заможнасьць толькі дэкляруюць:

«Па-першае, гэта дапамога ў сваёй гаспадарцы, бо ў калгасе заробкі ў людзей невялікія. Такім чынам і падзарабляем. Па-другое, сёлета ў нас вялікі ўраджай яблык. Сады ад яблык ломяцца — так іх шмат».

У вёсцы Стары Крыўск Рагачоўскага раёну ўздоўж шашы прадаюць ня толькі садавіну, але й мёд. 55-гадовы пчаляр-прыватнік Ільля распавядае пра свой прыдарожны гандаль:

«Гэта — асноўная падтрымка. Зараз я не працую, а раней быў прарабам. Жыцьцё зьмянілася, цяжкім стала — і вось заняўся пчоламі».

Пра сваё ранейшую працу Ільля не шкадуе, бо карміць сям’ю, вучыць дзяцей на прарабскі заробак было зусім няпроста:

«Ну што прараб — будзеш максымум 3-4 мільёны атрымліваць. А тут — адно задавальненьне займацца пчоламі. Здароўе. І нэрвы спакойныя».

Жонка пчаляра працуе прыбіральшчыцай, а ў вольны час таксама едзе з мужам гандляваць пры дарозе, і найперш яблыкамі:

«Мы нарасьцілі, і ня хочам, каб прападала. Хочам, каб добрыя людзі зьелі. Смачны ўраджай — дык чаго ж ён будзе прападаць? Шкада ж і працы сваёй — працавалі, вырошчвалі. І капейка ёсьць, мы рады й капейцы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG