Відэаінжынэра, які запусьціў у эфір БелМузТВ парнаролік, асудзілі на 2 гады

Былы супрацоўнік БелМузТВ, які запусьціў у эфір парнаролік, асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі, паведаміў старшы памочнік пракурора Менску Сяргей Балашоў.
Ён прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэксу. Суд таксама пастанавіў, што па месцы адбыцьця пакараньня да былога супрацоўніка БелМузТВ павінны быць ужытыя дадатковыя захады бясьпекі і лячэньня.

13 красавіка 2013 году 27-гадовы супрацоўнік тэлеканалу БелМузТВ каля 16.00 прыкладна на 10 хвілін уключыў у жывую трансьляцыю парнаграфічны фільм, пасьля чаго схаваўся. Неўзабаве яго затрымалі ў Магілёве і даставілі ў Менск. Малады чалавек матываваў свой учынак прыгнечаным псыхічным станам пасьля разводу. Сваю віну ён цалкам прызнаў і супрацоўнічаў са сьледзтвам.