Мэдыкі бароняцца ад неадэкватных пацыентаў

Грамадзкае аб’яднаньне «Беларуская асацыяцыя лекараў» стварыла адвакацкае бюро, каб адстойваць свае правы і абараняцца ад неадэкватных пацыентаў. Бо нярэдка мэдыкі сутыкаюцца зь непрыхаваным хамствам і ня ведаюць, як яму супрацьстаяць.
Выпадкі, калі лекара на прыёме зьневажаюць, здараюцца рэгулярна. Асабліва часта зь неадэкватнымі пацыентамі сутыкаюцца дактары хуткай дапамогі і ўчастковыя тэрапэўты. Мэдычны пэрсанал шпіталяў, клінік абаронены больш: грубіянаў можна выпісаць за парушэньне рэжыму. І хоць у Беларусі няма адмысловага мэдычнага права, правы мэдыкаў замацаваныя і ў Законе аб ахове здароўя, і ў Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксах, кажа юрыст Кацярына Арлоўская:

«Можна ісьці за літарай закону, пачынаючы з таго, што доктар мае права не абслугоўваць пацыента пры пэўных абставінах (яны прапісаныя ў Законе аб ахове здароўя), і заканчваючы пазовамі аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Мэханізмы абароны мэдыкаў ёсьць. Магчыма, іх недастаткова і яны мала прымяняюцца на практыцы, але яны існуюць».

Але ў шмат якіх сытуацыях мэдыкі вінаватыя і самі, працягвае юрыст Кацярына Арлоўская. Часьцяком лячэбны працэс пачынае перарастаць у канфлікт паміж лекарам і пацыентам:

«Дык вось мэдыкі замест таго, каб абараняць сябе законна, дапускаюць шмат памылак і ствараюць праблемы, з-за якіх судовыя пазовы завяршаюцца супраць іх. Я не адзін раз з гэтым сутыкалася, і мне вельмі шкада тых мэдыкаў, якія ўсё рабілі правільна, а ў выніку павінны сплачваць з уласнай кішэні салідныя сумы».

Але адвакацкае бюро будзе абараняць інтарэсы ня толькі мэдыкаў, але і пацыентаў, тлумачыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі лекараў, дырэктар камэрцыйнага цэнтру «Мэдарт» Павал Міхалевіч.

Пацыенты ўсё часьцей цалкам справядліва спрабуюць адстойваць свае інтарэсы. Рознымі мэтадамі — пачынаючы ад скаргаў і заканчваючы судовымі прэтэнзіямі. І дактары часам аказваюцца цалкам безабароннымі, кажа Павал Міхалевіч:
Народ усё больш хоча якаснай і справядлівай мэдычнай дапамогі

«То бок народ усё больш хоча якаснай і справядлівай мэдычнай дапамогі. І я яго разумею, бо сам ня толькі лекар, але і пацыент. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, доктар жа не вінаваты, што ў яго няма, да прыкладу УЗІ-апарата альбо эндаскопа. Ён жа не прыватная структура, доктар жа не набывае абсталяваньне. Зламалася апаратура — УЗІ ня робяць. Іншы пацыент зразумее і пойдзе ў камэрцыйны цэнтар. А другі пойдзе і ў суд падасьць. І гэта, дарэчы, справядліва. Таму што ёсьць сацыяльны мэдычны пакет, які гарантаваны для кожнага грамадзяніна».

Адвакаты, якія будуць працаваць з Асацыяцыяй беларускіх лекараў, павінны спэцыялізавацца на мэдычным праве, яны павінны быць адмыслоўцамі ня толькі ў галіне юрыспрудэнцыі, але і ў мэдыцыне таксама. Бо ў гэтай сфэры ёсьць шмат нюансаў, якія для чалавека з адной толькі юрыдычнай адукацыяй могуць быць складанымі, кажа юрыст Кацярына Арлоўская:

«Напрыклад, як правільна і пісьменна скласьці пытаньні для судова-мэдычнай экспэртызы, каб атрымаць на іх правільныя і патрэбныя адказы. І яны патрабуюць пэўнага ўзроўню адукацыі. І калі ў такіх адвакацкіх бюро будуць працаваць юрысты з пэўным уяўленьнем пра мэдыцыну, гэта будзе толькі вялікі плюс.

У ідэале пры такіх бюро пажадана стварыць незалежныя мэдычныя экспэртызы».

Пакуль вырашаюцца арганізацыйныя пытаньні, прызначаны кіраўнік адвакацкага бюро — лекар Віталь Ганковіч, кажа Павал Міхалевіч:

«І ён цяпер займаецца двума пытаньнямі. Першае — давесьці інфармацыю, што гэтае бюро створана і чым яно займаецца, да дактароў і кіраўнікоў мэдычных установаў. І другое — вызначэньне аб’ёму і тых відаў юрыдычнай дапамогі, якая можа быць намі аказаная. Мы ж гэта толькі пачынаем».

Адвакацкае бюро акажа дапамогу кожнаму лекару, які зьвернецца туды. Для сяброў Беларускай асацыяцыі лекараў кансультацыя дасьведчанага юрыста абыдзецца на 10% таньней. У бюро могуць зьвяртацца і пацыенты.