Пяты «Гарадзенскі палімпсест» — яшчэ адна цаглінка ў гісторыю Горадні

Рэдактар «Гарадзенскага палімпсэста» Алесь Смалянчук

У Горадні прэзэнтавалі пяты нумар «Гарадзенскага палімпсэста». Зборнік прысьвечаны памяці археоляга й гісторыка Міхася Ткачова, які жыў і працаваў у Горадні.
Першыя пяць тамоў ўвабралі ў сябе пераважна тэматыку Вялікага Княства Літоўскага на прыкладзе лякальнай гісторыі Горадні, празь якую можна аналізаваць і дасьледаваць буйныя палітычныя і сацыяльныя працэсы ў ВКЛ. А таксама пэрыяд ХІХ-ХХ стагодзьдзяў, які дасьледаваўся пераважна ў сацыяльнай сфэры. Да прыкладу, зьявіліся такія новыя сюжэты, як старонкі з гісторыі прастытуцыі гораду, партрэт жанчыны Горадні, сыстэма адукацыі, крымінальны сьлед гораду і г. д. Гэтыя тэмы у беларускай гістарыяграфіі ня толькі ніколі не былі на першым пляне, а фактычна не дасьледаваліся.

Паводле рэдактара Алеся Смаленчука, у наступных нумарах будзе менш эканамічнай ды палітычнай гісторыі, а болей сацыяльнай. Працы навукоўцаў зь Віцебску, Магілева, а таксама Польшчы дапамогуць правесьці паралелі ў гісторыі Горадні й іншых гарадоў.

Алесь Смалянчук: «Удалося сабраць групу дасьледчыкаў Горадні, многія зь якіх за гэтыя пяць вырасьлі проста на вачах і іх першапачатковыя артыкулы ператварыліся ў сапраўдныя манаграфіі. Пачалі дасьледавацца абсалютна новыя сюжэты з гісторыі Горадні. І фактычна ня маючы за плячыма ніякай дзяржаўнай падтрымкі, мы здолелі зрабіць тое, што на працягу апошніх 60-70 гадоў існаваньня гістарычнага факультэту ў горадзе не рабілася».

Ідэя стварэньня «Гарадзенскага палімпсеста» зьявілася пяць гадоў таму, калі ў канфэрэнцыі па гісторыі Горадні, арганізаванай Гарадзескім унівэрсытэтам, некаторым гісторыкам забаранілі браць удзел з ідэалягічных прычынаў.