Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Смалянчук: Беларусь ня мае ўласнай гістарычнай палітыкі


Алесь Смалянчук
Алесь Смалянчук
Толькі апошнім часам з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы з ідэалягічных прычынаў былі звольненыя трое гісторыкаў — Андрэй Чарнякевіч, Ігар Кузьмініч і Вячаслаў Швед. Але чаму і зь недзяржаўнага Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту пазьнікалі праграмы па беларускай гісторыі? Сваё разуменьне сытуацыі выказвае доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

— Алесь, наколькі я ведаю, Вячаслаў Швед ня быў апазыцыйна настроены да ўлады. Хутчэй, наадварот, займаючы афіцыйную пасаду, ставіўся да яе ляяльна. За што ж яго звольнілі?

— Прафэсар Швед ня тое што ляяльна ставіўся да ўлады. Ён проста прафэсійна выконваў свае абавязкі — як загадчык кафэдры, як гісторык, вельмі вядомы ў Горадні. Ён напісаў каля 10 кніг па гісторыі гораду пераважна канца XVIII — пачатку ХХ стагодзьдзя. А адказ на пытаньне вельмі просты — гэта помста за выданьне кнігі «Гродназнаўства: гісторыя эўрапейскага гораду». Думаю, што помста гэтая сыходзіць з самага верху гарадзенскага кіраўніцтва, ад кіраўніка вобласьці Сямёна Шапіры. Прынамсі, так можна сёньня казаць, бо нядаўна сам Шапіра падчас візыту ў Гарадзенскі ўнівэрсытэт заявіў, што менавіта па яго загадзе звольнілі Андрэя Чарнякевіча — яшчэ аднаго з аўтараў «Гродназнаўства». Гэтая кніга мае недахопы — можна было б больш напісаць пра полікультурнасьць, шматканфэсійнасьць Горадні, але ў цэлым, улічваючы дапаможны апарат, шыкоўныя ілюстрацыі, выданьне атрымалася. Пэўны час «Гродназнаўства» адкрыта прэзэнтавалася ў Горадні, улады нават выкарыстоўвалі яго ў якасьці падарункаў. Што здарылася потым — мне невядома, але галоўны закід аўтарам кнігі — тое, што яна выдавалася ў Польшчы за польскія грошы.

— Атрымліваецца, што Аўгустоўскі канал за польскія грошы можна аднаўляць, а кнігі выдаваць — нельга?

— Дык Аўгустоўскі канал аднаўляецца з санкцыі ўлады. А тут абышліся бяз санкцыі. Дарэчы, Шапіра падкрэсьліў, гаворачы ва ўнівэрсытэце пра Чарнякевіча: «Хіба ён ня мог прыйсьці да мяне параіцца?». Трэба было пайсьці, пакланіцца, параіцца, папрасіць дазволу… Рацыянальных падставаў такім чынам распраўляцца з аўтарскім калектывам «Гродназнаўства» няма. Тым больш, кніга ў іншым афармленьні вытрымала ўжо два выданьні ў выдавецтве Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Канешне, улады зьвярнулі ўвагу, што аўтары спыніліся на 1991 годзе. Ня сталі пісаць пра сучаснасьць. Але гісторыкам у сучаснай Беларусі цяжка пісаць пра апошнія 20 гадоў, разглядаючы між іншым і палітычнае жыцьцё. Аўтары вырашылі проста паставіць кропку на нейкі час. Але гісторыя гэтага дваццацігодзьдзя ўсё роўна будзе напісана.

— Мне хочацца параўнаць два аднапрофільныя ўнівэрсытэты — Гарадзенскі і Магілёўскі. Выкладчык Магілёўскага Ігар Марзалюк стаў сэнатарам, а выкладчыкаў Гарадзенскага аднаго за другім (Андрэй Чарнякевіч, Ігар Кузьмініч, Вячаслаў Швед) звальняюць з працы. Чаму ў дзьвюх падобных ВНУ такая адрозная сытуацыя?

— Справа, думаю, у гістарычнай палітыцы беларускай дзяржавы. Ігар Марзалюк здолеў неяк упісацца ў гэтую гістарычную палітыку. Не хачу цяпер ацэньваць яго працы, мы бачыліся ў канцы мінулага году, і я выказаў яму спачуваньне з нагоды абраньня ў верхнюю палату. І ён са мной пагадзіўся, здаецца. Сытуацыя з гістарычнай палітыкай у нашай краіне вельмі няпростая. Кожная дзяржава праводзіць пэўную гістарычную палітыку. У чым яна заключаецца ў Беларусі — цяжка сказаць. Як выглядае — яе проста няма. Гэта можа быць прадметам сур’ёзнай і працяглай дыскусіі. Відавочна тое, што ў сучаснай Беларусі ўлады спрабуюць захаваць савецкія ідэалягемы, гістарыяграфію савецкага часу. Савецкага Саюзу даўно няма, а за яго гістарычную палітыку беларускія ўлады чамусьці лічаць сябе адказнымі. Між іншым, і за Кіеўскую Русь як агульную калыску трох братніх народаў, за значную ролю праваслаўя і г.д. У трактоўцы некаторых рэчаў ёсьць пэўныя разыходжаньні ў гарадзенскіх і магілёўскіх гісторыкаў.
Савецкага Саюзу даўно няма, а за яго гістарычную палітыку беларускія ўлады чамусьці лічаць сябе адказнымі

— Справа ў трактоўцы, ці ў адносінах канкрэтных абласных начальнікаў? Наколькі суб’ектыўны фактар тут істотны?

— Гэты фактар, безумоўна, вельмі істотны. Не хачу тут казаць пра адносіны Сямёна Шапіры да гісторыі. Калі называць рэчы сваімі імёнамі, то мае месца самадурства чыноўнікаў на месцах. Для іх няма ніякага абмежаваньня — законнага ці нават маральнага.

— Звольніць выкладчыка, а потым прыйсьці ва ўнівэрсытэт і пахваліцца гэтым.

— Нешта падобнае здаралася і ў савецкія часы. Але тады саромеліся пра гэта казаць, хавалі праўду. Сёньня не хаваюць і амаль з гонарам пра гэта гавораць.

— Вас жа і самога змусілі сысьці з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Калі сытуацыя ў ГрДУ зразумелая, то чаму прафэсіяналам не знаходзіцца месца ў ЭГУ?

— Мая гісторыя простая. Былы ўжо дырэктар дэпартамэнту гісторыі прафэсар Церашковіч проста не працягнуў са мной кантракт. Мой курс выкінулі з вучэбнай праграмы, а гэта быў апошні курс, які я выкладаў. Я мог застацца ў ЭГУ і займацца навукай, але за навуку там ня плацяць, а трэба зь нечага жыць. І я быў вымушаны сысьці адтуль. Сытуацыя ў ЭГУ ў параўнаньні з ГрДУ, безумоўна, іншая, але ў нечым падобная. Калі казаць праўду, высокапрафэсійныя кадры (тут я маю на ўвазе не сябе) у ЭГУ ніколі не шанаваліся, там ужо тры гады няма набору на гістарычнае аддзяленьне. Адна праблема, што ахвотнікаў асабліва няма зь Беларусі ехаць у Вільню вывучаць гісторыю. Іншая справа — гэта кадравая палітыка дырэктара дэпартамэнту гісторыі і ўсёй адміністрацыі ЭГУ, у выніку якой адтуль паступова прыбралі вядомых гісторыкаў Захара Шыбеку, Валянціна Голубева і другіх.

— Станіслаў Шушкевіч заявіў, што ЭГУ выпускае манкуртаў. А як вы ацэньваеце тамтэйшую адукацыю з нацыянальнага гледзішча?
Адміністрацыя ЭГУ ўжо адкрыта дэманструе сваё непрыманьне ўсяго беларускага

— Знайсьці ў ЭГУ нешта нацыянальнае можна сёньня толькі па крупінках. Калі існавала гістарычная праграма і была паліталёгія, то былі дзьве моцныя праграмы, дзе і прысутнічала беларускасьць. І адтуль яна разыходзілася па ўсім унівэрсытэце. Хоць усё роўна, уплывы яе былі вельмі моцна абмежаваныя. Цяпер жа няма набору ні на гісторыю, ні на паліталёгію. А адміністрацыя ЭГУ ўжо адкрыта дэманструе сваё непрыманьне ўсяго беларускага, амаль што пагарду да беларускай мовы, да беларускай гісторыі. Я б не сказаў, што манкурты там выхоўваюцца. У ЭГУ выхоўваюцца людзі, якія вельмі далёкія ад Беларусі, якія ў сваіх жыцьцёвых плянах пра Беларусь ужо ня думюць. Іх мэта — працаўладкавацца за мяжой.

— Нядаўна ў Менску прэзэнтавалася ваша кніга «Беларуская гісторыя: знайсьці чалавека». Старагрэцкі філёзаф Дыяген шукаў чалавека разумнага днём з агнём. А якога чалавека ў айчыннай мінуўшчыне шукаеце вы?

— Я спрабую знайсьці чалавека жывога. Тэма чалавека ў беларускай гісторыі мяне даўно цікавіць. У нас звычайна, калі трактуюць нейкія падзеі, аналізуюць сацыяльна-эканамічнае, палітычнае, культурнае жыцьцё. А мая мэта — зірнуць на гісторыю з гледзішча паводзінаў канкрэтнага чалавека, зразумець матывы яго ўчынкаў. Чалавек становіцца жывым і рэальным, больш прывабным. І гісторыя становіцца зусім іншай. Гісторык пачынае весьці дыялёг з чалавекам мінулага, а не ацэньвае яго як прадмет дасьледаваньня. Відавочна, што людзі мінуўшчыны вельмі моцна псыхалягічна, у мэнтальным пляне адрозьніваліся ад сучасных беларусаў. І гэта трэба ўлічваць. У сваёй кнізе я пішу пра Каліноўскага і Доўнар-Запольскага, спрабую зразумець чалавека, які пісаў даносы на паўстанцаў, — Восіпа Радкевіча. Ёсьць там тэкст, прысьвечаны таму, як зьневажалі беларусы расейскага імпэратара. Я прааналізаваў сьледчыя справы аб зьнявазе з 1868 па 1893 год. Самы страшны праклён быў: «Каб зямля яго косткі выкінула» — так беларусы пракліналі Аляксандра ІІ. І гэта нягледзячы на тое, што ён быў вызваліцелем сялянаў, адмяніў прыгоннае права. Пры Аляксандры ІІ не было сур’ёзных пакараньняў за гэта, але заўсёды каралі пры Аляксандры ІІІ. Розныя былі пакараньні, але часьцей за ўсё трымалі пад арыштам 15 сутак.
Самы страшны праклён быў: «Каб зямля яго косткі выкінула» — так беларусы пракліналі Аляксандра ІІ

— За праклён імпэратара ўсяго 15 сутак?

— Усяго 15 сутак. Толькі адзін быў выпадак, калі чалавека выслалі на 6 месяцаў у Сыбір. Але ён зьняважыў ня толькі імпэратара, але ўрад і яшчэ кагосьці. Там была больш сур’ёзная справа.

— У сваёй прадмове да згаданага ў пачатку размовы «Гродназнаўства» вы напісалі: «Тут заўсёды надзвычай востра стаяла праблема выбару паміж рабствам і свабодай. Звычайна гарадзенцы выбіралі свабоду! Некаторыя — хлусьню і рабства, але большасьць усё ж свабоду». Па вашых адчуваньнях, што сёньня выбіраюць беларусы?

— Баюся, што мая прадмова таксама спрычынілася да разгрому кнігі… Што да выбару беларусаў, то большасьць выбірае свабоду, хоць гэта і не відно асабліва па іх паводзінах. У побытавым жыцьці пры нейкім складаным выбары яны могуць і па-іншаму паступіць, але ў душы яны хочуць быць свабоднымі і застаюцца свабоднымі. Беларусы могуць быць спакойнымі, ціхімі, паслухмянымі, нават абыякавымі, але ўнутры людзі жывуць пачуцьцём свабоды. Гэта, безумоўна, для іх каштоўнасьць. Я проста ў гэтым упэўнены.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG