Падзеі ў Эгіпце — наступствы шматгадовай дыктатуры

Акцыя праціўнікаў Махамада Мурсі

Што ў Менску кажуць пра адхіленьне ад улады Махамада Мурсі?
Палітоляг і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч зьвязвае захоп улады ў Эгіпце вайсковай элітай з наступствамі, якія непазьбежна ўзьнікаюць пасьля таго, як краінай доўгі час кіраваў дыктатар. Палітоляг лічыць, што вайскоўцы робяць тое, што і павінны, — бяруць на сябе адказнасьць за краіну ў крытычны для яе момант:

«З аднаго боку, тое, што адбываецца зараз у Эгіпце, — агульная зьява наступстваў падзеньня аўтарытарных ці дыктатарскіх рэжымаў, якія разбэшчваюць насельніцтва і ў выніку дзеяньняў якіх структуры ўлады ня могуць кіравацца ўласнай сыстэмай каштоўнасьцяў, бо становяцца цалкам залежнымі ад волі правадыра. І таму становяцца амаль бездапаможнымі, калі гэты правадыр зьнікае. Але новы правадыр ня мае ні досьведу, ні розуму для таго, каб кіраваць бязвольнымі і несамастойнымі людзьмі. Таму пасьля падзеньня дыктатуры надыходзіць час анархіі, безуладзьдзя, дэзынтэграцыі. Гэта адбываецца ў шмат якіх краінах, у тым ліку і ў Эгіпце. Але ўнікальнасьць Эгіпту — тое, што там захавалася армейская эліта. Самастойная і досыць шляхетная. І вось гэтая эліта ня страціла адказнасьці за краіну. Бачачы безуладзьдзе, кірунак на папулісцкія рэлігійныя каштоўнасьці, а таксама тое, да чаго гэта можа прывесьці, армейская эліта выканала тое, што і павінна рабіць эліта ў крытычны для краіны час, то бок узяла на сябе адказнасьць за краіну. Менавіта гэта цяпер адбываецца ў Эгіпце, і менавіта гэта павінна быць урокам як для дыктатараў, так і для тых, хто змагаецца з дыктатурамі і імкнецца іх разбурыць. На жаль, у Беларусі не праглядаецца такой эліты кшталту эгіпецкай арміі».

А вось лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч ня лічыць рэвалюцыю стваральнаю справаю. На думку палітыка, толькі праз дэмакратычныя выбары павінна абірацца кіраўніцтва якой бы там ні было дзяржавы.

«Зьмена ўлады з дапамогаю войска — гэта не дэмакратычныя выбары. Але я думаю, што ў адносна сьвецкіх краінах, як Эгіпет, ёсьць вельмі вялікая асьцярога ўзмацненьня пазыцыі міжнароднай рэлігійна-палітычнай асацыяцыі „Браты-мусульмане“. І гэта адна з прычынаў, чаму войска ўступіла ў канфлікт зь дзейнай уладай, абранай дэмакратычна. Я думаю, што сапраўды Эгіпет будзе яшчэ хварэць, але мусульманскі фундамэнталізм — гэта вялікая небясьпека для Паўночнай Афрыкі, дзе з такімі надзеямі нядаўна прайшлі гэтыя рэвалюцыі. Ня спраўджваюцца, як правіла, надзеі рэвалюцыйныя. Усё ж пасьля рэвалюцыі наступае пэрыяд дэстабілізацыі, і вельмі нялёгка краінам. Асабліва ў эканоміцы, сацыяльным жыцьці. Гэта яшчэ раз пацьвердзіў Эгіпет».

Палітоляг Андрэй Ягораў адзначыў, што няздольнасьць прэзыдэнта Мурсі захаваць спакой у эканамічным пляне, а таксама празьмерныя захады дзеля ісламізацыі адносна сьвецкай дзяржавы сталі прычынаю таго, што адбылося недэмакратычнае ўмяшаньне вайскоўцаў і захоп імі ўлады ў краіне.

«Трэба разумець тое, што ў Эгіпце пасьля таго, як Мурсі быў абраны і спрабаваў зрабіць захады да аўтарызацыі ўлады і ўвядзеньня праісламскай палітыкі, дзеяньні яго сустракалі масавыя пратэсты, і фактычна Тахрырская плошча не спыняла свайго дзеяньня. Пратэсты нарасталі, павялічваліся, былі пастаянныя канфлікты. А Мурсі ня мог кантраляваць гэтую сытуацыю, ня мог дасягнуць улады ў краіне. Гэта вельмі моцна пачало біць па стабільнасьці, моцна
падарвала эканамічнае становішча, паўплывала нэгатыўна на магчымасьць выкананьня эканамічных рэформаў, якія патрабуюцца з улікам таго, што Эгіпет атрымаў вельмі значныя крэдыты МВФ. І вайскоўцы, якія фактычна заўсёды кантралявалі сытуацыю ў краіне, адхілілі Мурсі, бо той не спраўляўся з задачамі, якія перад ім былі пастаўленыя. Эгіпет — досыць своеасаблівая краіна з досыць умоўнай дэмакратыяй, бо па-за гэтай дэмакратыяй стаяць вайскоўцы, якія дэ-факта ўтрымліваюць уладу ў краіне. Ад утварэньня Эгіпту ўлада ў гэтай краіне кантралюецца вайскоўцамі. Аднак вайскоўцы баяцца ісламізацыі краіны, ператварэньня яе ў рэлігійную краіну трэцяга сьвету. Таму вайскоўцы, з аднаго боку — сьвецкая рэфармісцкая сіла, а зь іншага боку — іх кантроль за краінай ня можа быць названы дэмакратычнай уладай. Ёсьць дэмакратычны фасад Эгіпту, але за ім стаяць вайскоўцы».

Філёзаф і сацыёляг Вячаслаў Оргіш кажа, што канфлікт у Эгіпце варта разглядаць у шырэйшым кантэксьце, а таксама ня раіць нікому ехаць адпачываць на Чырвонае мора.

«Тое, што спрабуюць адсунуць радыкальных ісламістаў ад улады, — гэта нармальна. Але за гэтым хаваецца больш шырокі маштаб геапалітычных гульняў, якія вядуць, перш за ўсё, геапалітычныя актары Захаду, эўраатлянтысты. А ўдзельнічаюць у гэтай гульні таксама і Кітай, і Расея. Безумоўна, на бліжэйшы сярэднетэрміновы пэрыяд турызм эгіпецкі лясьнецца. Таму што толькі адчайныя людзі могуць паехаць у гэтае пекла адпачываць. Па-першае, гэта гульня на нэрвах, а па-другое, гэта сапраўдная рызыка. Тое, што адбываецца зараз у Каіры, можа ў любы момант перакінуцца ў іншыя рэгіёны краіны. Тое, што ўмяшалася армія, — гэта ж невыпадкова. Відавочна, што разгортваецца самая сапраўдная грамадзянская вайна».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў лічыць адхіленьне Мурсі лягічным, бо той адпачатку ня меў высокага рэйтынгу сярод насельніцтва.

«Войска ў Эгіпце традыцыйна грае вельмі вялікую ролю ў палітыцы. За апошнія 70 гадоў ці не 99% часу якраз вайскоўцы кіравалі Эгіптам. Таму іх прыход да ўлады зараз успрымаецца большасьцю насельніцтва цалкам нармальна. Таму што эгіпцяне да такога прызвычаіліся. Што да Махамада Мурсі, то ён ніколі не карыстаўся моцнай падтрымкай у грамадзтве. На выбарах, якія былі год таму, ён перамог акурат аднаго з генэралаў, набраўшы 51% ад колькасьці тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні. Зразумела, што ў абсалютным выражэньні ад колькасьці насельніцтва — гэта ня больш за палову. А адхіленьне Мурсі адбылося пры адносна нізкай падтрымцы ў грамадзтве, якая цягам мінулага году зьнізілася праз шэраг эканамічных чыньнікаў, а таксама ісламізацыю, якую праводзіў палітык Мурсі, што для самай сьвецкай у мусульманскім сьвеце краіны было ня вельмі каб прымальна. Таму адхіленьне лідэра ў кантэксьце гісторыі, традыцыі Эгіпту выглядае як цалкам лягічнае».