Жыхар Ліды: «Ня трэба нам іхных самалётаў»

Самалёт на пастамэнце ў Паўднёвым гарадку Ліды

Карэспандэнт Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч наведаў горад Ліда, дзе плянуецца разьмясьціць расейскую вайсковую базу.
«Я найперш сустрэўся з Станіславам Суднікам — гэта вядомы краязнаўца, журналіст, і, дарэчы, былы вайсковец, — перадае Грузьдзіловіч зь Ліды. — Ён выказаў сваё меркаваньне, якое можна падзяліць на дзьве часткі: палітычную і вайсковую».

«Вайсковая база ў Лідзе нам, беларусам, зусім не патрэбная, — упэўнена сьцвярджае Суднік. — Любая база любой замежнай дзяржавы — гэта ўшчамленьне суверэнітэту. Гэта мы ўжо праходзілі. Разумеем, чым сканчаецца размяшчэньне гэтых баз».

​Што да стратэгічнай мэтазгоднасьці мець такую базу ў Лідзе, то, па меркаваньні Судніка, яна будзе абсалютна бескарысная. Мэты яе зьяўленьня цалкам палітычныя, і выкарыстоўвацца яна будзе «для гандлю паміж Пуціным і Абамам».

«„Падлётны час“ ад мяжы Літвы, да якой 40 кілямэтраў, складае тры хвіліны, — тлумачыць Суднік. — У выпадку чаго гэтыя лётчыкі не пасьпеюць сесьці ў самалёты. Бесьпілётнікі ці крылатыя ракеты будуць ужо тут. Гэта ўсё праходзілі яшчэ ў 1941 годзе».

Станіслаў Суднік згадаў, што ў 1941 годзе мясцовая дывізія, якая тут месьцілася, праваявала адзін дзень, 22 чэрвеня, і была разьбітая.

Суднік мяркуе, што паколькі праект палітычны, то і вялікай масы самалётаў тут, найхутчэй, ня будзе:

«Пасадзяць полк. Але іншая справа, калі яны захочуць зрабіць гэты аэрадром ударнай базай для нанясеньня ўдараў па Эўропе, то тады, канечне, тут павінныя „сядзець“ ня СУ-27» (рэд. — згодна з папярэднімі паведамленьнямі, база будзе ўкамплектаваная зьнішчальнікамі СУ-27СМ3).

Your browser doesn’t support HTML5

Станіслаў Суднік: Гэтыя базы беларусам зусім не патрэбныя


Дарэчы, згадвае Суднік, яшчэ ў 1915 годзе тут, у Лідзе, быў другі па часе стварэньня ў Расейскай імпэрыі аэрадром. Першы быў у Гатчыне пад Пецярбургам. І стаялі тут вядомыя самалёты «Ілья Мурамец».

Алег Грузьдзіловіч зьдзіўлены тым, што ўсе жыхары Ліды, да якіх ён зьвяртаўся, ужо ведалі, што ў Лідзе будзе вайскова-паветраная база. Большасьць зь іх выказваюцца супраць гэтай ідэі. Але ёсьць і іншыя меркаваньні: кажуць, што ў гораду зьявіцца болей грошай, а мясцовыя дзяўчаты знойдуць сабе добрых мужоў сярод расейскіх афіцэраў.
Гэта забруджвае паветра, асяродьдзе, нічога добрага не прынясе

Вось як адказваюць лідчане на пытаньне, як ставіцеся да таго, што ў Лідзе будзе расейская вайсковая база.

Лідчанка Жана: «Адмоўна, бо гэта забруджвае паветра, асяродьдзе, нічога добрага не прынясе. Можна зрабіць ня ў Лідзе. Увогуле, вайна — гэта вельмі кепска. А нашыя дзяўчаты могуць сабе і беларускіх хлопцаў знайсьці».

Малады лідчанін: «Я ня супраць. Гэта пазытыўнае супрацоўніцтва паміж краінамі. Беларусь можа і сама сябе абараніць, але ў пляне саюзу гэта толькі плюс».

Лідчанін: «Я ніяк ня стаўлюся, але — не пажадана. Навошта нам тут войскі. Ня трэба нам самалётаў. І так шуму шмат ад самалётаў. Беларускія лятаюць. Сваіх сілаў дастаткова, каб абараніцца».

26 чэрвеня галоўнакамандуючы ВПС РФ генэрал-лейтэнант Віктар Бондараў паведаміў, што расейская авіябаза ў Беларусі будзе дысьлякавацца ў Лідзе. Яна пачне функцыянаваць яшчэ сёлета. Базу ўкамплектуюць расейскімі зьнішчальнікамі Су-27СМ3.