Дзень катаваньняў: зьняволеным у сьпёку забаранілі летні абутак

Рукі Васіля Сарочыка зь сьлядамі ад кайданкоў

У 1997 годзе Генэральная Асамблея ААН абвясьціла 26 чэрвеня Міжнародным днём ААН у падтрымку ахвяр катаваньняў. Беларусь ратыфікавала Канвэнцыю ААН супраць катаваньняў яшчэ ў 1987 годзе. Пры гэтым у нашым крымінальным кодэксе няма нават такога тэрміна. Адпаведна і адказнасьці за яго.

Ігар, былы вязень жодзінскай турмы, распавядае, што адбывалася зь ім самім:

«Наручнікі ззаду зашпіляюць, надзяваюць супрацьгаз, пераціскаюць шлянг — так выбіваюць паказаньні. Адзін раз спрабуюць, але калі бачаць, што бессэнсоўна, то ўжо больш не чапаюць».

«Самі ўмовы ўтрыманьня такія, што чалавек калі не фізычна, то маральна знаходзіцца пад узьдзеяньнем катаваньняў, — сьцьвярджае Ігар. — Чалавек яшчэ не прызнаны вінаватым, але яго ўжо катуюць. Вось узяць жодзінскую турму СТ-8. Там паводле ўмоваў чалавеку нельга прылегчы ўдзень на койку, толькі з 10 вечара да 6 ранку. А камэры перапоўненыя, людзей болей, чым месцаў. Сьпяць па чарзе. Уяўляеце, як гэта?! Увесь дзень на нагах — ніводзін арганізм гэтага не вытрымлівае».

Тых, хто парушае рэжым, караюць цэлымі камэрамі. «Калі не дапамагае — адчыняюцца дзьверы, стаіць рэзэрв у масках з сабакамі. Усю камэру з рэчамі, з матрацамі выводзяць, ганяюць бягом па сутарэньнях. Тут ужо не да сну. А гэтых людзей яшчэ ніхто не прызнаў вінаватымі».

«У мяне муж адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15. Дык у іх там летнія боты забралі — ходзяць у кірзавых! — паведаміла жонка аднаго са зьняволеных Людзьміла Качура. Гэта ж сапраўднае катаваньне. У іх грыбок і экзэма на нагах, а іх жа ніхто там ня лечыць!»

Андрэй Бандарэнка

«Гэта, канечне, бесчалавечнае стаўленьне, зьдзек, але не катаваньні, — тлумачыць лідэр праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка. — Бо адміністрацыя калёніі не перасьледуе тут ніякай выгады ад гэтых дзеяньняў. Іншая справа, і мы ставім гэтае пытаньне перад ВК-15, на якой падставе яны дазваляюць сабе так абыходзіцца са зьняволенымі. Захацелася ім забраць абутак — яны забіраюць, прымушаюць іх насіць тое, што насіць немагчыма. Я сам быў зьняволены, сьцьвярджаю, што гэта немагчыма насіць. Адміністрацыя патлумачыць ня можа. Мы робім выснову, што гэта чарговая спроба „выстраіць“ зьняволеных, зрабіць зь іх шэрую масу, якой можна спакойна кіраваць, без намаганьняў».

Паводле Ігара, на агульна-ўзмоцненым рэжыме цяжэй за ўсё. «Я на агульных рэжымах у 1997 годзе застаў такое — усю калёнію праганялі праз прыборку туалета: агульны туалет міліцэйскі на вахце. Заганяюць атрад — 120 чалавек. Становяцца з двух бакоў сьпінамі. І кожны зьняволены мусіць узяць анучу, двойчы ўнутры „там“ церануць — і ўсё, праходзь.

Там людзі паміралі, вешаліся ў ШЫЗА. Харчаваньне было паніжанае. Катавалі і голадам, і холадам. Там на ВК-15 ёсьць шостая камэра ў ШЫЗА. Узімку адчыняюць дзьверы ў прагулачны дворык, ты ў звычайнай робе баваўнянай, а ў шчыліну сьнег залятае. І так 15 сутак».

Андрэй Бандарэнка зазначае, што яшчэ ніводнага прадстаўніка праваахоўных органаў, якога падазраюць у катаваньнях, не ўдалося прывесьці ў суд. Гэтаму спрыяе недасканаласьць беларускага заканадаўства:
Хоць Канстытуцыя гарантуе абарону грамадзянаў ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, крымінальны перасьлед за прымяненьне катаваньняў не прадугледжаны

«У нашым заканадаўстве самой дэфініцыі тэрміна „катаваньне“ няма, — тлумачыць Бандарэнка. — Фактычна, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў перасьледуюцца за катаваньні, то іх абвінавачваюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў. І хоць Канстытуцыя гарантуе абарону грамадзянаў ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжаньня, крымінальны перасьлед за прымяненьне катаваньняў не прадугледжаны. І атрымліваецца, што перавышэньне службовых паўнамоцтваў караецца часьцей, чым прымяненьне катаваньняў да сваіх грамадзянаў».

Бандарэнка тлумачыць, што менавіта лічыцца катаваньнямі ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам: «Гэта жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне ці паводзіны, якія прыніжаюць чалавечую годнасьць і якія накіраваныя на атрыманьне інфармацыі, прымус да нейкіх дзеяньняў канкрэтнай асобы, альбо каб празь яго атрымаць зьвесткі ад трэціх асобаў».

Самыя яскравыя прыклады катаваньняў, па словах Бандарэнкі, — «Выпадак Паўла Плаксы, які быў асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі. Яго зьбівалі, каб ён прызнаўся ў зьдзяйсьненьні злачынства, якога ён не рабіў. Можам казаць пра катаваньні ў дачыненьні да Васіля Сарочыка. Катаваньні былі ўжытыя супрацоўнікамі міліцыі ў Лідзе да двух маладых людзей».



«Плятформа» праводзіць маніторынг па правах чалавека ў турмах і месцах зьняволеньня. Па словах Бандарэнкі, за два гады сытуацыя ня стала горшай, але і не палепшылася. Паколькі Беларусь не ратыфікавала факультатыўны пратакол канвэнцыі па грамадзянскіх і палітычных правах, міжнародныя назіральнікі ня могуць наведваць месцы зьняволеньня і абмежаваньня волі ў Беларусі. Ня могуць трапіць туды і беларускія праваабаронцы.

Яшчэ два гады таму Камітэт супраць катаваньняў ААН рэкамэндаваў увесьці ў Крымінальны кодэкс нормы, якія б давалі вызначэньне катаваньням і кваліфікавалі іх як крымінальнае злачынства. Гэтага зроблена не было. Апошні адпаведны маніторынг ААН тычыцца таго ж 2011 году.