Вольга Бабкова — пра топасы і хронасы ў беларускай літаратуры

Вольга Бабкова

Розныя па сваёй стылістыцы кнігі аб’ядноўвае прысутнасьць у іх тэкстах дакладнага мейсца і зьменлівага часу, які пакідае па сабе ня толькі зморшчыны на тварах і складкі на кары дрэваў, але трансфармацыі і пераўтварэньні ў жыцьці людзей, часам выродлівыя, часам прыўкрасныя.


Ірына Раманава, Ірына Махоўская «Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары». Вільня. ЭГУ, 2009

Унікальнае выданьне пра гісторыю маленькага гарадка, напісанае паводле вусных успамінаў ягоных жыхароў, гэтак званая «гісторыя зьнізу». Сьведкамі гістарычных падзей зьяўляюцца ўсе, але далёка ня кожны возьмецца запісаць перажытае. Аўтаркі кнігі згрупавалі расказы міран такім чынам, нібы ўсе местачкоўцы сабраліся ў адным месцы (на ўяўных падмостках), дзе адбываецца калектыўны аповед, падчас якога кожны слухае і дапаўняе адно аднаго. У выніку атрымалася гісторыя жыхароў Заходняй Беларусі 20 стагодзьдзя, якая ахапіла пэрыяд «за польскім часам», першых саветаў, Другой сусьветнай вайны, другіх саветаў. Пачуцьцё ж міранамі сваёй унікальнасьці заўсёды палягала ў знакавых для мястэчка зьявах: Замак. Князь. Ешыва. У калектыўнай памяці міран захоўваецца шмат сюжэтаў, імёнаў, трагічных падзеяў зь мінулага, як таксама і фотаздымкі князёў Сьвятаполк-Мірскіх, што дасюль зьберагаюцца ў сямейных альбомах. Надзвычай цікавымі падаюцца і пісьмовыя ўспаміны былых вучняў ешывы пра сваё жыцьцё ў Міры, зьмешчаныя ў дадатку. Пісьмовыя крыніцы вельмі трапна дадаюць вусныя аповеды мясцовых жыхароў — беларусаў, палякаў, татараў, бо інакш палітра размаітага мірскага жыцьця аказалася б недастатковай.

Адным з вынікаў працы для аўтараў кнігі сталася ўсьведамленьне: «Два месяцы размоваў зь міранамі закахалі нас у Мір назаўсёды».


Марыя Вайцяшонак. «Востраў». Апавяданьне з кнігі «Кола». Менск. Выдавецтва «Про Хрысто», 2004

На высьпе жывуць астраўляне. Прыязныя і паветраныя, нібы аднесеныя плыньню на сярэдзіну мора, адарваныя ад магутнай цьвердзі мацерыка, каб супасьці з самімі сабой і вадой, якая атуляе наўсьцяж. А што адчувае вандроўнік, які апынуўся тут, пакінуўшы за сьпінай свой «прыродны кляштар» паміж лясоў і балот? Ці пасьпее за кароткі час сярод вады, каменьня і рэшткаў Сярэднявечча адчуць іншую даўгату жыцьця? Ці будзе ўсё адно ў атачэньні затокі і мора шукаць пах свайго агароду? З чужынцамі востраў гуляе ў хованкі. Каб знайсьці знаёмы ў горадзе дом, кожнага разу яго трэба шукаць на новым месцы, арыентуючыся адно па зорах і шпілю Сьвятой Марыі. Дух вострава — дух адзіноты і самадастатковасьці. Каб зразумець штосьці важнае ў сабе, часам варта дазволіць сабе сабрацца ў вырай. За мора.

Вытанчаны аповед Марыі Вайцяшонак пра быцьцё на востраве Готлянд, выпісаны з увагай да дэталяў, мае прысьвячэньне паэту Леаніду Галубовічу.


Вольга Такарчук. Правек ды іншыя часы. Раман. Пераклала з польскай Марына Шода. Менск. Выдавец І.П.Логвінаў, 2010

У рамане вядомай польскай пісьменьніцы Вольгі Такарчук галоўным героем зьяўляецца Час. Пра гэта сьведчыць і падзел кнігі на разьдзелы-Часы.. — Місі, Міхала, Калоскі, Элі, Тапельца Аляпкі, Дому, Місінага млынка…. Пра гэта вядзецца і ў размове маленькага рабіна з панам Папельскім: «Куды мы рухаемся? Якая мэта часу?».

А таксама прастора — вёска Правек, што знаходзіцца ў цэнтры створанага Такарчук сусьвету. Гісторыя рэальных асобаў з сям’і маці пісьменьніцы адбываецца адначасова ў рэальным (ХХ ст.) і неверагодна міталягізаваным зьменлівым сьвеце, дзе жывуць людзі, анёлы, расьліны, дзе можа прамаўляць абраз у касьцёле, а кававы млынок убіраць у сябе ўвесь хаос сьвету. Наладаваны безьліччу рэчаў і зьяваў загадкавы сьвет Правека выдае адначасова на казку, прыпавесьць, сон, бязьлітасную рэчаіснасьць.

Але нават спазор Правека з вышыні даху, калі людзі ды коні ператвараюцца ў маленькія фігуркі ды рушаць па зблытаных траекторыях, не дае асаблівай падказкі. Як і існаваньне Васьмі сьветаў, што знаходзяцца паміж небам і зямлёй і маюць выгляд нерухомых пярын, разьвешаных для праветрываньня. Што нечакана нараджае асацыяцыю з вобразам, пакінутым вядомым швэдзкім містыкам пра Неба, якое мае форму велізарнага Чалавека.

У рамане Вольгі Такарчук, на маю думку, няма ніводнага лішняга сказу.


Адам Глобус. Мне сьніцца Койданава. Апавяданьне. З кнігі «Койданава». «Літаратура», 1997

На мапе Койданава выглядае кропкай поруч зь безьліччу іншых кропак. Крыху большым яно выглядае з вышыні птушынага лёту. Мейсцам, якое займае сабой цэлы сьвет, робіцца Койданава ў момант чытаньня аповеду Глобуса. Толькі так і мажліва апавядаць пра сваё, дарагое, толькі вам належнае, пра час, калі вас любілі. Глобус мае здольнасьць пісаць так, што адчуваеш дотык сьцюдзёнай бурштынавай вады на Захаравым балоце, дзе жанчыны мылі бялізну ды складалі яе ў алюмініевыя місы. Адчуваеш, як шэрхне скура ад вусьцішнай відзежы. Бачыш навочна танкарогіх белых коз, што пасьвяцца на койданаўскіх габрэйскіх могілках ды на Кальвінскай гары. Койданаўскае сонца, койданаўскія людзі, койданаўская пані — абсалютна візуальныя вобразы пісьменьніка-мастака, створаныя ім з непадробнай любасьцю.

У адной з такіх кропак на мапе кожнаму з нас выпала нарадзіцца. Менавіта тут быў закапаны наш пуп. Толькі ў вялікім горадзе ўсьведамленьне гэтага выглядае абстрактна, а ў малым мястэчку здаецца, што на тым месцы мусіць абавязкова вырасьці дрэва (ну, напрыклад, груша).


Ulaslovy. Уладзімер Лобач. Менск. Выдавец І.П. Логвінаў, 2011

Кніга паэзіі вандроўніка (а таксама выкладчыка, дасьледчыка, этнографа, рыбака), які пакінуў безьліч уласных сьлядоў на дарогах Паўночнай Беларусі, ды ня толькі. Дарогі, рэкі, азёры, вёскі, хутары, мястэчкі, вялікія і малыя гарады пад сонцам і дажджом, у смузе і завірусе — месцы, зь якіх наўпрост складаецца біяграфія паэта. А яшчэ Лобач — блукальнік па сваіх нутраных утоеных ляндшафтах. Хочацца згадаць тут верш «Лёндан», прысьвечаны роднаму Полацку:

Калі на плошчы неразьменнай Свабоды
паўстане сабор сьвятога Стэфана,
я пушчу па вадзе свае артыкулы
і куплю дамок № 3 па вуліцы Сака і Ванцэцьці, —
колішні гатэльчык «Лёндан»
з галовамі ільвоў на прыгожым фасадзе
і з таямніцамі ў кожным з нумароў.
Ня стану назву мяняць і профіль гатэльны,
толькі болей, болей утульнасьці для ўсіх маіх сяброў,
і выдатная кухня з расонска-лепельскіх абшараў,
бо чаго ж не набраць вагі,
калі плата за гатэль — сяброўскі аповед
за шчодрым сталом.
А раніцай, калі з паўсоннай Дзьвіны
туман падбярэцца пад самыя вокны
і пачне разглядаць бессаромна
тваё прыгожае цела,
я ўзгадаю пра туманны Альбіён,
Дзе ніколі ня быў і, спадзяюся, ня буду,
але пра які я чуў, што там ёсьць гарадок,
названы ў гонар майго гатэлю.