ЗША завялі на Сноўдэна справу за шпіянаж

Эдвард Сноўдэн

Міністэрства юстыцыі ЗША завяло крымінальную справу ў дачыненьні да выкрывальніка сакрэтных амэрыканскіх праграм збору асабістых зьвестак у інтэрнэце Эдварда Сноўдэна.

Сноўдэн зьбег зь Гаваяў у Ганконг у траўні, пасьля чаго апублікаваў інфармацыю аб сакрэтных апэрацыях спэцслужбаў з мэтай сачэньня ў інтэрнэце.

З-за арганізаванай ім ўцечкі стала вядома, што амэрыканскія спэцслужбы атрымалі доступ да дадзеных аб мільёнах тэлефонных званкоў, а таксама да сэрвэраў найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній.

Улады ЗША рыхтуюць запыт на экстрадыцыю Сноўдэна. З дакумэнтаў вынікае, што амэрыканскія ўлады выдалі папярэдні ордэр на арышт выкрывальніка. Справа Сноўдэна разглядаецца ў фэдэральным судзе штата Вірджынія.

30-гадовы Эдвард Сноўдэн абвінавачваецца ў шпіянажы, крадзяжы дзяржаўнай уласнасьці, а таксама ў наўмысным разгалошваньні сакрэтнай інфармацыі абароннага характару. Кожнае з гэтых абвінавачваньняў пагражае яму пакараньнем да 10 гадоў турмы.

Сам Сноўдэн раней заяўляў, што будзе аспрэчваць любыя спробы яго экстрадыцыі з Ганконга. Улады Кітая, аўтаномнай часткай якога зьяўляецца Ганконг, пакуль адмаўляюцца казаць пра месцазнаходжаньне Сноўдэна або пра пэрспэктывы яго выдачы ЗША.

Першая інфармацыя аб дзейнасьці спэцслужбаў ЗША зьявілася ў пачатку чэрвеня, калі газэта Guardian апублікавала са слоў Сноўдэна, што ўлады ЗША распарадзіліся, каб тэлефонная кампанія Verizon перадала дадзеныя аб мільёнах званкоў Агенцтву нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Затым газэта Washington Post напісала, што амэрыканскія спэцслужбы маюць просты доступ да сэрвэраў дзевяці найбуйнейшых інтэрнэт-кампаній, уключаючы Facebook, Google, Microsoft і Yahoo. Як паведамлялася, сакрэтная праграма спэцслужбаў носіць назву Prism.

Пазьней сам Сноўдэн прызнаўся, што перадаў у прэсу інфармацыю аб праграмах АНБ.

Амэрыканскія спэцслужбы заявілі, што праграма Prism ёсьць кампутарнай сыстэмай і не зьяўляецца праграмай па зборы дадзеных. Паводле ЦРУ, праграма дапамагла раскрыць дзясяткі тэрарыстычных змоў.